Дом жизни и человеческих судеб в Мишневичах

Людзі і лёсы Общество

Дом жыцця і чалавечых лёсаў у Мішневічах

Бываюць сітуацыі ў жыцці, калі старасць прыходзіцца сустракаць у адзіноцтве. У такіх выпадках клопат пра людзей шаноўнага ўзросту бярэ на сябе дзяржава. У нашым раёне домам для жыцця сталых людзей стала аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў ТЦСАН у аграгарадку Мішневічы.

«Агарод – мая аддушына». Многія пражываючыя ў аддзяленні людзі вясковыя і ўсё жыццё трымалі агароды, многім за шчасце там папрацаваць, калі дазваляе здароўе. На агародзе, што знаходзіцца на тэрыторыі, з задавальненнем праводзіць свой вольны час Яўген Ягоравіч Смірноў.

Раней ён жыў у Сіроціне, працаваў механізатарам у калгасе імя Урыцкага. Жонка памерла, блізкіх сваякоў не мае, таму і апынуўся ў Мішневічах сем гадоў таму. «Тут намнога лепш, чым аднаму ў аварыйным вясковым доме, дзе трэба печку прапальваць, – кажа мужчына. – Агарод – мая аддушына. Мяне ніхто не прымушае працаваць, сам пытаюся, што трэба зрабіць і дзе падрыхліць. Калі працую, быццам у маладосць вяртаюся, калі было многа сіл і энергіі».

Тут не толькі адзінокія. Аддзяленне кругласутачнага знаходжання з’яўляецца домам для 30 чалавек. Самаму старэйшаму жыхару – 92 гады, самаму маладому – 61 год. Тут жывуць людзі з Шуміліна, Обалі, Сіроціна, Сураўнёў, Мікалаева, Светласельскага, Башнёў, Лескавіч, Слабады.

Яны розныя па прафесіі (механізатары, рабочыя, жывёлаводы, ваеннаслужачыя, работнікі чыгункі і лясной гаспадаркі), але дарогі іх сышліся ў Мішневічах. Пераважная большасць – адзінокія людзі, у якіх няма дзяцей. Ці яны ёсць, але бацькі іх пакінулі ў маладосці. Дзеці не падтрымліваюць з імі сувязь, нават не ведаюць, дзе яны…

Пражываюць тут зараз сямёра чалавек, якія маюць дзяцей. Часта тэлефануе і прыязджае сын 88гадовага Адама Перата з Обалі. Так здарылася ў жыцці, што ў Адама Адамавіча рана памерла жонка, калі сыну было ўсяго шэсць гадоў. Мужчына адзін выхоўваў хлопчыка, паміж імі былі цёплыя адносіны. Сын зараз працуе дальнабойшчыкам, таму не мае магчымасць даглядаць бацьку. «Калі маё здароўе пагоршала (у мяне глаўкома, і я страціў зрок), я сам прапанаваў аформіць мяне ў аддзяленне, – расказаў Адам Адамавіч. – Не хачу, каб з-за мяне сын пакідаў работу. А тут мне добра, догляд цудоўны, медсёстры і санітаркі добразычлівыя».

Уладзімір Мікалаевіч Фралоў прыбыў у Мішневічы з Грудзінава. У маладосці працаваў машыністам на цеплавозе, добра граў на гітары. Кажа: «Шкада, што ў аддзяленні няма музычных інструментаў, а то мог бы канцэрт арганізаваць».

Аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў ў аг. Мішневічы існуе з 2013 года. Аднымі з першых сюды пасяліліся Канстанцін Цярэнцьевіч Васілеўскі з Баёўкі і Клім Якаўлевіч Салаўёў з Шуміліна – мужчыны лічаць сябе тут старажыламі. Сёлета ў аддзяленне пасяліліся чацвёра жыхароў раёна, сярод апошніх – Смалякова Ганна з Обалі.

Большасць – мужчыны. З 30 пражываючых у аддзяленні 25 – мужчыны. «Нічога дзіўнага, – зазначылі санітаркі. – Гэта зараз на прадпрыемствах і ў арганізацыях дэфіцыт мужчын. У маладосці яны на заробках у іншых гарадах. А да шаноўнага ўзросту вяртаюцца дадому. І высвятляецца, што сям’і практычна няма: і дапамагчы некаму, і жыць няма дзе. А яшчэ большасць мужчын у адзіночку аказваюцца бездапаможнымі, апускаюць рукі. Прытулак знаходзяць у нас».

Умовы – камфортныя. У пакоі адпачынку ёсць тэлевізар, канапа. На вуліцы – альтанка і лавачкі. Можна прагуляцца па дарожках, калі ёсць сілы – дапамагчы з агароднымі работамі. Многія падапечныя наведваюць гурток «Здароўе» – разам з медсястрой Людмілай Зуевай выконваюць розныя практыкаванні для суставаў і мышцаў. Жанчын (і некаторых мужчын) зацікавіла гуртком «Умелыя рукі» сацыяльны работнік Наталля Іванова. Разам вяжуць сурвэткі, рукавіцы, шкарпэткі. Жанна Мікалаеўна Багатырова з Грудзінава з гонарам паказала свае вязаныя вырабы. Паліна Іванаўна Шыёнак з Бокішава малюе. Гарады, дрэвы, кветкі. Яна інвалід з дзяцінства, жыла разам з бацькамі, а калі іх не стала, апынулася ў аддзяленні. Адной цяжка жыць у вёсцы, а тут ёсць пастаянная дапамога, цяпло і клопат.

Запатрабаваны фармат. Нячаста, але бываюць выпадкі, калі жыльцоў забіраюць да сябе сваякі, расказалі работнікі. Нядаўна Людмілу Іванаўну Багавенка (жыла ў Лескавічах) брат забраў да сябе ў Наваполацк. Шмат гадоў таму яны пасварыліся і перасталі кантактаваць. Але калі брат дазнаўся пра лёс сястры, забраў жыць у свой дом.

«Гэта дом жыцця і чалавечых лёсаў, – кажа загадчык аддзялення Вольга Зянькова. – Прызначаны ён для грамадзян, якія ў сілу свайго здароўя не могуць пражываць адны, знаходзяцца ў небяспечных умовах для пражывання і маюць патрэбу ў доглядзе. Нашы пастаяльцы жывуць ва ўтульных палатах, дзе ўмовы максімальна набліжаны да дамашніх. У нас працуюць медсёстры і санітаркі – аддзяленне прадастаўляе сталым людзям кругласутачны догляд. Пры неабходнасці возім сталых людзей у медыцынскія ўстановы райцэнтра і Віцебска. Пастаянна ў нас ладзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, часта ў госці прыходзяць вучні мясцовай школы, работнікі культуры».

Цана пытання. Для пастаяльцаў, якія маюць дзяцей, аплата за пражыванне ў аддзяленні стопрацэнтная – на сённяшні дзень месячная плата складае 881 рубель 70 капеек. З адзінокіх грамадзян вылічваюць 85% ад пенсіі.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *