ОБАЛЬСКІ КЕРАМІЧНЫ ЗАВОД: умацоўваць пазіцыі і працаваць на перспектыву
Год беларускай жанчыны на Обальскім керамічным заводзе адзначыўся не толькі вытворчымі паказчыкамі, але і яскравым прызнаннем жаночага ўкладу. Пра гэта – у рэпартажы да прафесійнага свята — Дня будаўніка.
Мінулы год для Обальскага керамічнага завода стаў часам смелых рашэнняў. Тут паспяхова завяршылі іннавацыйны праект па арганізацыі вытворчасці новых відаў прадукцыі з выкарыстаннем цвёрдых відаў паліва и перадавых тэхналогій абпалу. І вынік не прымусіў сябе чакаць: сёння ОКЗ працуе не на склад, а пад канкрэтнага спажыўца — беларускага і расійскага.
Галоўнае — у гэтым годзе завод выйшаў на праектную магутнасць 2,6 мільёна штук цэглы ў месяц. Пры гэтым каля 65% прадукцыі накіроўваецца на экспарт у Расійскую Федэрацыю. Экспарт у параўнанні з мінулым годам вырас у два разы. Толькі за першае паўгоддзе аб’ём рэалізацыі дасягнуў 7,6 мільёна штук цэглы ў месяц. Геаграфія паставак істотна пашырылася: цэгла з ОКЗ упэўнена замацавалася ў Цэнтральнай Расіі, у тым ліку ў Падмаскоўі і Санкт-Пецярбургу, і паўночных рэгіёнах.
Аднак поспех завода — гэта не толькі тэхналогіі, але і людзі. Сёння на прадпрыемстве працуе 198 чалавек, і амаль 40% з іх — жанчыны (77 работніц). Дырэктар завода Сяргей Ляшоў падкрэслівае:
— У Год беларускай жанчыны хочацца асобна ўзгадаць іх ролю. На жаночых плячах фактычна ляжыць вытворчасць цэглы. Гэта няпростая праца, але жанчыны займаюць такія пасады, з якімі мужчына не заўсёды справіцца. Сённяшняя святочная старонка прысвечана нашым жанчынам, якія на складанай вытворчасці выконваюць вядучыя ролі, — адзначыў кіраўнік. — Так, дзякуючы збалансаванаму калектыву, гатоўнасці да абнаўленняў і чалавечаму падыходу, Обальскі керамічны завод не проста трымае высокі ўзровень, а ўпэўнена глядзіць у будучыню.
Адзіная ў раёне
Газете не раз пісала пра Валянціну Кандраценка – машыніста казлавога крана Обальскага керамічнага завода.
Валянціна – адзіная жанчына ў раёне, якая адважылася кіраваць магутнай тэхнікай на вышыні. На заводзе ведаюць, што калі за штурвал садзіцца яна – усё будзе зроблена выдатна.
– Што самае складанае ў вашай рабоце? – пытаемся ў Валянціны.
Яна толькі ўсміхнулася:
– Ды нічога асабліва складанага. Галоўнае – першы раз залезці на гэты кран. А потым ужо ўсё ідзе як па маслу.
Аднак за гэтай лёгкасцю стаіць вялікая адказнасць. Валянціна грузіць цэглу – у аўтамабілі і чыгуначныя вагоны. Тут патрабуецца сапраўдная філіграннасць. Як яна сама кажа, такая дакладнасць прыходзіць толькі з вопытам.
Ад цяжкой цагліны – да дакладнага робата
Сёння Вольга Чарвінская кіруе сучаснымі робатамі і дакладна ведае: яе адказнасць – гэта гарантыя таго, што абальская прадукцыя застаецца эталонам якасці.
Мадэрнізацыя, якая прайшла на керамічным заводзе, падзяліла жыццё Вольгі на «да» і «пасля». Некалькі гадоў яна працавала ўкладчыцай. «Гэта была сапраўды цяжкая фізічная праца, якая нагадвала пра сябе нават у сне».
Цяпер рабочае месца Вольгі – гэта пульт кіравання, маніторы і дакладныя механічныя «рукі». Яе галоўныя інструменты – увага і прафесіяналізм. Яна адсочвае дакладнасць устаноўкі, тэмпературныя рэжымы і геаметрыю кожнага вырабу. Фізічнае напружанне знікла, але адказнасці дадалося: цяпер ад яе своечасовага рашэння залежыць, ці пойдзе партыя без дэфектаў.
– Калі я бачу, што абальская прадукцыя карыстаецца стабільным попытам, разумею – у гэтым ёсць і мая заслуга, – прызнаецца Вольга.
Якасць цэглы – якасць завода
З верасня мінулага года ў асноўным цэху, дзе вырабляюць цэглу, новы начальнік — Надзея Дзяменцьева. Для калектыва яна не новы чалавек: да гэтага тры гады працавала начальнікам змены, таму кожны этап вытворчасці ведае дасканала. А калі кіраўнік ведае працэсы да дробязяў, кіраваць цэхам значна лягчэй.
Надзея ўпэўнена, што якасная цэгла— гэта твар усяго завода, і спускаць “на авось” нельга нічога. Каб падтрымліваць гэты ўзровень, яна патрабуе ад работнікаў максімальнай адказнасці і строгага выканання тэхналогіі.
Надзея Дзяменцева ўпэўнена глядзіць у будучыню: яна ведае, што для лепшага выніку трэба не ламаць тое, што наладжана, а падтрымліваць працоўны рытм, які ёсць у цэху.
На ахове
На прахадной завода — Наталля РЫМША. На КПП яна адказвае за парадак на ўездзе і выездзе: правярае дакументы, кантралюе вагу транспарту, сачыць за тым, каб грузы адпавядалі накладным. Кожная машына пад яе пільным наглядам.
Менавіта гэты вопыт, паводле слоў жанчыны, і стаў адной з прычын, чаму яна вырашыла далучыцца да добраахвотнай дружыны. Яна бачыла, як працуюць калегі па ахове, якія ўжо ўваходзілі ў яе склад, бачыла іх зладжаную працу і ўзаемадапамогу. І зразумела: яна хоча быць з імі ў камандзе.
У адной камандзе
Обальскі керамічны завод — прадпрыемства з з традыцямі. Але трымаецца яно не толькі на традыцыях, а і на людзях.
Намеснік дырэктара па развіцці Аксана Скамарохава, начальнік кадравага бюро Кацярына Аляксеева і начальнік аддзела эканамічнага аналізу і продажу Наталля Пліско— менавіта яны складаюць той самы штаб, які ў калектыве называюць «правай рукой» дырэктара завода. І гэта не проста пасады — гэта адказнасць, якая распаўсюджваецца на ўсе ключавыя напрамкі: ад кадравага забеспячэння да стратэгіі збыту.
Аксана Скамарохава курыруе развіццё і доўгатэрміновыя планы. Наталля Пліско адказвае за эканоміку, аналіз і рэалізацыю прадукцыі — менавіта яна лічбамі даказвае, што завод жыццяздольны і канкурэнтаздольны. А Кацярына Аляксеева займаецца кадрамі.
— Мы разумеем, што завод — гэта не станкі і не тэхналогіі. Гэта людзі, — гаворыць Аксана Скамарохава. — Калі кожны на сваім месцы адчувае адказнасць за агульную справу, тады і план выконваецца, і якасць расце, і людзі ідуць на працу з задавальненнем.
Хваляванне за лёс прадпрыемства — не пустыя словы. У час, калі эканоміка патрабуе гнуткасці, а рынак — новых рашэнняў, каманда Обальскага завода дэманструе здольнасць трымаць удар. Асваенне новых відаў прадукцыі, удзел у міжнародных выставах, перагаворы з расійскімі партнёрамі — усё гэта штодзённая праца спецыялистащ завода.
— Як будзе развівацца завод? — гэтыя пытанні сёння гучаць не толькі ў кабінетах кіраўніцтва, але і ў размовах рабочых. Адказ на іх фарміруецца тут, на месцы. Такія людзі, як Аксана Скамарохава, Кацярына Аляксеева і Наталля Пліско, — гэта апоры, на якіх трымаецца эканоміка прадпрыемства. Яны не шукаюць лёгкіх шляхоў, не хаваюцца за агульнымі фразамі. Яны проста робяць сваю справу.







