НА КАНТРОЛІ ПРАКУРАТУРЫ. Жніво правесці якасна і своечасова
Уборачная кампанія з’яўляецца адной з важнейшых у сельскагаспадарчай вытворчасці. Менавіта таму гэтай кампаніі надаецца вялікая ўвага з усіх бакоў. Уборка знаходзіцца ў цэнтры ўвагі органаў улады, праваахоўных, кантрольных і наглядных ведамстваў.
“Якасная, своечасовая уборка сельскагаспадарчых культур з’яўляецца асновай харчовай бяспекі нашай краіны. Таму сёння дзясяткі аграрыяў Шуміліншчыны працуюць на палях на карысць Радзімы”, – адзначыў памочнік пракурора Шумілінскага раёна Герман Багдасаран.
На бягучым тыдні ў сельгасарганізацыях раёна прайшоў рэйд пракуратуры Шумілінскага раёна з удзелам райаддзела па надзвычайных сітуацыях і рэдакцыі раённай газеты. Рэйдавая група на чале з памочнікам пракурора раёна Германам Багдасаранам пабыла на палетках ААТ “АграБаравінка”, СУП “Лаўжанскае”, КУСГП “Ульскі”, ААТ “Прыазёрны мір”.
Пракурор і інспектары РАНС Павел Галуза і Арсеній Мароз цікавіліся ў вадзіцеляў і камбайнераў наяўнасцю і спраўнасцю вогнетушыцеляў, іншых пярвічных сродкаў пажаратушэння. Пыталіся пра праходжанне камбайнерамі і вадзіцелямі праграмы пажарна-тэхнічнага мінімуму (ПТМ), веданне асноўных правіл пажарнай бяспекі на ўборцы ўраджаю. Правяралася наяўнасць на полі дзяжурнага трактара ці аўтамабіля з вадой. Удзельнікі рэйду вывучалі наяўнасць неабходных дакументаў: пуцявых лістоў, тэхпашпартаў на тэхніку, вадзіцельскіх пасведчанняў, допуску тэхагляду і інш.
Дарэчы, не ўсё аказалася ў парадку. Так, не ва ўсіх механізатараў былі неабходныя дакументы (пуцявыя лісты, адзнакі тэхагляду і інш.), у некаторых адсутнічалі аптэчкі. Высветлілася, што перад пачаткам жніва не праводзілася навучанне па праграме ПТМ. На некаторых камбайнах адсутнічала неабходная колькасць вогнетушыцеляў і сродкаў пажаратушэння. Не ўсе камбайнеры ведалі як правільна карыстацца вогнетушыцелем.
Як расказаў Герман Багдасаран, рэйды па кантролі за жнівом ахопяць усе гаспадаркі раёна. Інфармацыя пра выяўленыя парушэнні будзе абагульнена і накіравана краўніцтву раёна і сельскагаспадарчых арганізацый для выпраўлення недахопаў.
Рэйды па кантролі за ходам уборкі ўраджаю будуць працягвацца і далей.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.





