Малако: смак, якасць і здабытак
Намеснік дырэктара Верхнядзвінскага масласырзавода па кіраванні вытворчым цэхам г. п. Шуміліна Васіль СЕРАФІМОВІЧ з гонарам зазначае, што цэх працуе стабільна. Заслуга ў гэтым вялікай каманды, якая сёння налічвае 130 чалавек. Перад прафесійным святам мы сустрэліся з кіраўніцтвам цэха і пагаварылі пра тое, чым сёння жыве прадпрыемства.

– Васіль Мікалаевіч, з якімі здабыткамі сустракаеце прафесійнае свята?
– Вынікі работы добрыя. За студзень-кастрычнік шумілінскія сыраробы перапрацавалі 17899 тон малочнай сыравіны, вырабілі 1555 тон паўцвёрдых сыроў розных гатункаў. Прадукцыя рэалізуецца ў гандлёвых кропках Беларусі і Расійскай Федэрацыі. У кастрычніку ў Шуміліне быў адкрыты фірменны магазін «Ян Сыродел», у якім прадстаўлены шырокі асартымент нашага прадпрыемства.
– Колькі зараз гатункаў сыроў вырабляюць у Шуміліне?
– 18 гатункаў. Нядаўна «пабачылі свет» сыры «мармуровы» і з грэцкім арэхам. Пакупнікі з задавальненнем набываюць «галандскі», «гауда», «цільзіцер» «эдам», «чэдар», «стары манах» і іншыя.
– Адкуль паступае малако і як кантралюецца яго якасць?
– Вадзіцелі за дзень прывозяць да 80 тон малака з Шумілінскага, Лёзненскага, Віцебскага і Гарадоцкага раёнаў. Уся сыравіна ідзе на перапрацоўку. Малако праходзіць праверку ў лабараторыі, потым на вытворчасці. Лабаранты хімічнага аналізу правяраюць і гатовую прадукцыю.
У цэху часткова праведзена мадэрнізацыя вытворчасці. Летась мы абнавілі лабараторыю прыёмкі малака, устанавілі абсталяванне, цяпер там новыя вакуумныя ёмістасці, помпы, лічыльнікі. Закупляем новае абсталяванне для нанафільтрацыі сыроваткі, якая ў далейшым пойдзе на перапрацоўку.
Першымі сустракаюць малако

Прыёмшчыца малочнай прадукцыі Таццяна ІСАКАВА і машыніст мыечных машын Галіна АЎЧЫННІКАВА першымі сустракаюць сыравіну, звычайна па 66-80 тон за дзень. Таццяна правярае дакументы, звярае аб’ёмы, сочыць, каб малако адпавядала патрэбным параметрам. Задача Галіны – вымыць цыстэрны малакавозаў да наступных рэйсаў.
У адказе за якасць

У сыраробнай справе важныя якасць сыравіны і кантроль гатовай прадукцыі. За гэтым сочыць лабарант хімічнага аналізу Аксана МЯЛЮХА. Яе работа пачынаецца з праверкі малака і заканчваецца на розных этапах вытворчасці. Яна вызначае шчыльнасць, утрыманне бялку і кіслотнасць. Гэтыя паказчыкі дапамагаюць ацаніць якасць прадукцыі і ўпэўніцца, што вытворчы працэс ідзе належным чынам.
У дапамогу – новы электрапагрузчык

Ігар БЯЛЯЕЎ, якія 18 гадоў працуе вадзіцелем пагрузчыка, за змену перавозіць да 30 тон прадукцыі. Два месяцы таму яму даверылі новы электрапагрузчык, больш габарытны і манеўраны. На ім падвозіць сыры на ўпакоўку, адгрузку, у камеру выспявання.
Рыхтуе сумесь для сыроў

Максім БУЧКІН дзевяць год працуе апаратчыкам пастэрызацыі. Пасля таго, як лабаранты павераць малако, ён прымае яго, аддзяляе вяршкі і адпраўляе малочную сумесь на выспяванне – яна павінна адстаяцца, каб павысілася кіслотнасць, што важна для вырабу сыроў.
«Вязу сыр у Верхнядзвінск»

– так пра свой маршрут расказаў вадзіцель ГАЗ‑3309 Аляксандр КАРПАЎ. Аўтамабіль абсталяваны халадзільнікам, дзе падтрымліваецца пастаянная неабходная тэмпература. Прыкладна за дзве гадзіны «стары манах» і цёрты сыр аб’ёмам 2,5 тоны будуць дастаўлены ў пункт прызначэння.
7 тон за дзень

Праз рукі сыраробаў, якія працуюць на ўчастку ўпакоўкі, кожны дзень праходзіць па 7 тон сыру. Самыя вялікія – еўраблокі – важаць па 15 кілаграмаў, брусы і цыліндры – па 8 кг. Пасля ўпакоўкі сыру ў плёнку ён адпраўляецца на выспяванне.
Тут нараджаецца сыр

Дзякуючы прафесіяналам-сыраробам у сырцэху з малака нараджаюцца розныя гатункі сыру, якіх на сённяшні дзень выпускаецца 18. Падчас нашага наведвання вытворчасці тут выраблялі «эдам» і «цільзіцер». Працэсам кіравала майстар Алеся БУЧКІНА.

