
Дэбют, хваляванне і ўпэўненасць
У Шумілінскай СДЮШАР прайшлі гульні першага тура абласнога першынства дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі сярод юнакоў 2015-2016 гадоў нараджэння.
Для мясцовых хлопцаў спаборніцтвы сталі першымі сур’ёзнымі афіцыйнымі выпрабаваннямі, і ўжо з першых матчаў шумілінская каманда паказала, што гатова змагацца за прызавыя месцы.
У стартавай сустрэчы гаспадары пляцоўкі сустракаліся з камандай з Віцебска. Хваляванне адчувалася літаральна ва ўсім, бо за плячыма ў юных валейбалістаў не было вопыту такіх гульняў. Але шумілінцы здолелі ўзяць сябе ў рукі і дзейнічалі ўпэўнена. Вынік– перамога з лікам 2:0.
Пасля гульні трэнер каманды Юрый Пальвінскі не хаваў эмоцый: «Перад пачаткам трохі хваляваўся за каманду – усё-такі першыя афіцыйныя спаборніцтвы для хлопцаў. Але яны змаглі сабрацца і паказалі даволі добрую гульню».
Другі гульнявы дзень адкрыла сустрэча «Шуміліна»- «Паставы». Гаспадары пляцоўкі не далі гасцям ніводнага шансу і зноў перамаглі з лікам 2:0. Юныя валейбалісты не толькі ўтрымалі ўзяты тэмп, але і прадэманстравалі сапраўдную згуртаванасць і жаданне перамагаць. Дзень для шумілінскай каманды быў насычаным і складаным, бо наперадзе былі дзве сур’ёзныя гульні– супраць верхнядзвінскай і бешанковіцкай каманд. І хоць сапернікі былі моцнымі, хлопцы да канца змагаліся за высокі вынік.
Па выніках спаборніцтваў каманда Шумілінскай СДЮШАР заняла другое месца. Лепшай стала бешанковіцкая каманда, прызавую тройку замкнулі пастаўскія валейбалісты. Ці возьмуць свае першыя медалі шумілінцы, стане вядома яшчэ пасля двух тураў.
Вось склад ігракоў, які ярка дэбютаваў: Іван Насцюшкін, Арцём Загацкі, Максім Багданаў, Леў Матышаў, Уладзіслаў Сокалаў, Прохар Шабанаў, Арсеній Лахмотка, Цімафей Лаўрыненка, Уладзімір Грыцкевіч, Сяргей Іваненка, Усевалад Дзяцко, Арцём Печань, Арцём Бяззубенка, Станіслаў Мацуганаў, Кірыл Шавяка і Мацвей Яцэнка, каманду трэніруе Юрый Пальвінскі. За кожным з гэтых імёнаў стаяць штодзённыя трэніроўкі, падзенні, уздымы і вялікая любоў да валейбола.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
