
Летам – у полі, зімой – на ферме
За працавітасць і залатыя рукі цэняць у КУСГП «Ульскі» механізатара Андрэя СМАЛЯРА, кажа дырэктар гаспадаркі Уладзімір Касцюкоў.
Андрэй працаваў тут да службы ў арміі, пасля вярнуўся і вывучыўся ад гаспадаркі на механізатара. З таго часу трыццаць гадоў круціць абаранку трактара, працаваў на ДТ‑75 і Т‑150, цяпер – на МТЗ‑82. Летам механізатар выходзіў у поле з граблямі, нарыхтоўваў кармы. Падчас жніва працаваў з прэс-падборшчыкам: за дзень на яго рахунку бывала да ста рулонаў. У зімова-стойлавы перыяд Андрэй Смаляр адказвае за кармленне жывёлы. На кормараздатчыку ён развозіць кармы на фермы Лявонава, Кардон‑1 і Кардон‑2.
