«Профессию получила в наследство от матери», — шутит оператор машинного доения Татьяна Мартинкевич

2026 - Год белорусской женщины Сельское хозяйство

Прафесію атрымала ў спадчыну

Устаць а пятай гадзіне раніцы і ўжо ў сем быць на рабоце – прывычны расклад для аператара машыннага даення Таццяны МАРЦІНКЕВІЧ з вёскі Пабеда. Кажа, што зімовая дойка яшчэ дазваляе паспаць крыху даўжэй, а летам даенне кароў на полі пачынаецца а шостай гадзіне раніцы.

Таццяна Марцінкевіч адзначае, што “прафесію атрымала ў спадчыну” ад маці, якая ўсё жыццё адпрацавала ў жывёлагадоўлі. Спачатку ў Цюменскай вобласці, дзе жыла сям’я, а потым у вёсцы Заполле Віцебскага раёна. Там Таццяна і навучылася даіць кароў. І калі пераехалі ў Пабеду, маці пайшла працаваць цялятніцай на ферму Слабада, а Таццяна – на ферму Паратоўка, якая з нядаўняга часу адносіцца да КУСГП «Ульскі». І сёлета ў жанчыны працоўны юбілей – трыццаць гадоў, як рупіцца ў жывёлагадоўлі. Цяпер і яна з лёгкасцю спраўляецца з любымі наравістымі каровамі, якіх у яе групе з сотню. Летась на раённых спаборніцтвах сярод аператараў машыннага даення заняла другое месца. Дырэктар КУСГП «Ульскі» Уладзімір Касцюкоў хваліць жанчыну за старанне і ўвішнасць у рабоце.

«Я люблю кароў, люблю сваю работу, – кажа Таццяна Марцінкевіч. – І не ўяўляю сябе ні ў якой іншай прафесіі. Самае цяжкае – раздаіць першацёлак, якія яшчэ не прывыклі да даільных апаратаў. Затое пасля гэтай складанай работы ёсць узнагарода – карова дае да дзесяці літраў малака».

У перапынках паміж ранішняй і вячэрняй дойкамі Таццяна Марцінкевіч гатуе абед, прыбіраецца ў доме, а летам і агарод паспявае дагледзець. Абавязкова знаходзіць час энергічная і працалюбівая вясковая гаспадыня і на ўнукаў.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *