Любовь к людям, жизни и физическая закалка — рецепт долгожительства от Нины Липень из Оболи

2026 - Год белорусской женщины Людзі і лёсы Общество

Без абцасаў і макіяжу, але з добрым сэрцам і аптымізмам

Яе часта можна заспець  за праглядам тэлеперадач, прысвечаных спаборніцтвам па фігурным катанні, тэнісе і біятлоне, за чытаннем аповедаў пра вайну ці раённай газеты, а летам на дачы – за палівам памідораў. Па знешнім выглядзе ні за што не здагадаешся, колькі гадоў гэтай ветлівай і добразычлівай жанчыне – Ніне Васільеўне ЛІПЕНЬ з г. п. Обаль.

Аптымістка па жыцці, Ніна Васільеўна Ліпень мае вытрыманы і загартаваны характар. Не саромеецца сваіх гадоў і з гордасцю кажа, што 7 сакавіка ёй «стукнула дзевяноста».

«Я родам з вёскі Шпількі Дзяржынскага раёна, – кажа жанчына. – Помню вайну, як у нашу вёску прыязджалі немцы. Мой бацька Васіль Ануфрыевіч шыў кажухі з аўчын для партызан, лячыў коней, быў сувязным. Я не пайшла працаваць у калгас пасля сямігодкі, бо вельмі хацела вучыцца – за дзесяць кіламетраў хадзіла ў школу ў Дзяржынск. А потым у тэхнікуме атрымала спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага. Была магчымасць застацца ў горадзе, але ж я была камсамолкай, таму і не думала «адкасіць» ад размеркавання: прыехала працаваць, куды радзіма паслала – на Обальскі керамічны завод. Была майстрам у фармовачным аддзяленні, потым у цэху абпалу, дзе працавалі адны мужчыны і з першых дзён даверліва аднесліся да «камандзіра ў спадніцы». Потым рупілася на заводзе тэхнолагам, інжынерам па тэхніцы бяспекі, старшынёй заводскага прафсаюзнага камітэта. Адным словам, усё маё працоўнае жыццё прайшло на заводзе – 34 гады».

Калі Ніна Ліпень пачынала свой працоўны шлях, на заводзе былі яшчэ кальцавыя печкі – каб дастаць абпаленую цэглу, печку ахалоджвалі і залазілі ўнутр. Калі пабудавалі тунэльныя печкі, дзе прадукцыя рухалася на ваганетках – гэта быў прагрэс. У рабоце Ніне Васільеўне дапамагла фізічная загартоўка, камунікабельнасць і смеласць – падчас вучобы ў тэхнікуме Ніна наведвала парашутны гурток і зрабіла пяць скачкоў з парашутам.

Н. В. Ліпень у свае 90 мае цудоўную памяць – згадала, як галоўны інжынер ОКЗ Пётр Жук спачуваў ёй, што выбрала нежаночую прафесію, бо прыйшлося і рабочай у цэху абпалу працаваць, і нават садчыкам-укладчыкам дапамагаць.

Спрыт, актыўнасць, энергічнасць і жаданне Ніны спасцігаць новае заўважылі адразу. І калі дзяўчыну захацелі пераманіць на керамічны завод у Полацк, дырэктар ОКЗ Дзмітрый Янушэвіч катэгарычна адмовіў – такія работніцы самому патрэбны. Неўзабаве Ніна пачала сустракацца з Віктарам, які працаваў мясцовым электрыкам, з ім і вяселле сыгралі. Пражылі разам 57 гадоў, выхавалі дзвюх дачок. Старэйшая Алена вывучылася на тэхніка-тэхнолага ў Мінскім тэхналагічным інстытуце і працавала майстрам на ААТ «Кераміка» ў Віцебску – як і маці, адказвала за выпуск цэглы і керамічных вырабаў. Малодшая Наталля – настаўніца музыкі ў Шуміліне, па просьбе маці часта спявае яе любімую песню «Очарована, околдована».

Ніна Васільеўна і сёння застаецца чалавекам добразычлівым, любіць людзей і жыццё, усім жадае дабра. Лічыць, што ў гэтым і ёсць адзін з сакрэтаў доўгажыхарства. А яшчэ – у фізічнай загартоўцы, бо ўсё жыццё рухалася: і лыжным бегам у свой час займалася, і тры агароды даглядала, і дамашнюю гаспадарку трымала. Кажа, што жыццё пражыла без абцасаў і макіяжу, але з добрым сэрцам і аптымізмам. Такія рысы характару перадала дачкам, чатыром унукам і тром праўнукам.

На юбілей сабраліся ўсе родныя, і гэта быў для імянінніцы сапраўдны сюрпрыз. Ніна Васільеўна Ліпень сустрэла свой шаноўны юбілей з усмешкай на твары і яркімі іскрынкамі шчасця ў вачах.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

 

 

Ніна Ліпень з дачкамі Наталляй і Аленай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *