Дарить детям любовь – это так естественно для женщины

Образование

Дарыць дзецям любоў – гэта так натуральна для жанчыны
У тры гадкі, а мо і раней, дзеці прыходзяць у садзік. І іх трэба навучыць элементарным правілам паводзін, развіць мысленне і логіку, навучыць сябраваць, рабіць падзелкі, бачыць прыгожае. І гэта далёка не поўны пералік таго, што робіць выхавальнік, расказвае Жанна Іванаўна Васільчанка з Мікіціхі, якая працуе ў дзіцячым садзе чвэрць стагоддзя.
У Жанны Іванаўны – другая малодшая інтэграваная група, усяго 14 хлопчыкаў і дзяўчынак. Як паказвае жыццё, зараз у многіх дзяцей праблемы з правільнасцю вымаўлення, з развіццём мовы. І тут на дапамогу прыходзіць выхавальнік. Жанна Іванаўна працуе па інавацыйным праекце, які называецца “Выкарыстанне метадаў нагляднага мадэліравання па развіццю мовы”. І такія наглядныя метады вельмі дапамагаюць дзецям малодшай групы. “Для развіцця мовы выкарыстоўваем пацешкі, загадкі, скорагаворкі, – кажа Жанна Іванаўна. – З памочнікам выхавацеля Таццянай Іванаўнай Шуміла разам стараемся прывіць дзецям любоў да кнігі, развіць у іх цікаўнасць”.
Вельмі добрымі памочнікамі з’ўяўляюцца і бацькі, з якімі выхавальніца працуе ў цесным кантакце. Гэта яны дапамагалі рабіць і папяровыя наглядныя матэрыялы,  і тыя каляровыя кубікі, гледзячы на якія дзіця можа складаць нават сказы.
“Жанна Іванаўна вельмі добры выхавальнік, – кажа загадчыца Мікіціхінскага дзіцячага сада Іна Рыгораўна Сямёнава. – Яна прафесіянал, вельмі творчы чалавек. З такімі выхавацелямі лёгка працаваць”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №19 ад 07.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *