Люди и судьбы. Павел Клецков: «Орден вручали на целине».

Людзі і лёсы

Ордэн ўручалі ў Казахстане
Павел Аляксандравіч Кляцкоў з вёскі Шыліна вельмі ганарыцца, што мае ордэн “Знак Пашаны” і медаль “За працоўную доблесць”.
А ўручалі гэтыя важкія ўзнагароды сённяшняму ветэрану працы ажно ў Казахстане. “Быў энтузіястам, – усміхаецца Павел Аляксандравіч. – Хацелася асвойваць новыя землі, новую тэхніку. І ўвогуле зрабіць у сваім жыцці нешта значнае, за што потым будуць ўдзячныя людзі”.
П. А. Кляцкоў у 60-я гады ўладкаваўся працаваць у Казахстане трактарыстам. Неўзабаве здольнага  хлопца, які разбіраўся не толькі ў тэхніцы, але і ў агранамічных пытаннях, прызначылі брыгадзірам трактарнай брыгады. І  брыгада кожны год была ў перадавіках.
“Там, у Казахстане, мяне прынялі ў рады Камуністычнай партыі. Таму працаваць дрэнна я проста не мог, – кажа Павел Аляксандравіч. – Брыгада ў мяне была добрая, руплівая. З такімі арламі працаваць было лёгка”.
Амаль 15 гадоў адпрацаваў П. А. Кляцкоў у Казахстане. А потым вярнуўся ў родны раён. “Па праўдзе, цягнула на Радзіму, – прызнаецца Павел Аляксандравіч. – Сам жа я родам з вёскі Козікі, што непадалёк ад Лявонава. Вось і ўладкаваўся механізатарам у мясцовы калгас імя Мічурына, дзе адпрацаваў амаль дваццаць гадоў.  І на Т-150 працаваў, і на К-700. Баранаваў, араў, адвозіў угнаенні і зерне. А летам да свайго трактара падчапляў здрабняльнік корму  Е-281 нямецкай вытворчасці”.
Дарэчы, па нарыхтоўцы кармоў П. А. Кляцкоў неаднойчы быў пераможцам спаборніцтваў, як тады казалі – сацыялістычных. “Павел Аляксандравіч – адзін з тых людзей, якому можна было даверыць любы ўчастак работы, – кажа былы дырэктар калгаса імя Мічурына М. Л. Петручэня. – І на рамонце ў майстэрні, і на палетках Кляцкоў быў адным з лепшых”.
Ды і зараз Павел Аляксандравіч застаецца чалавекам актыўным. Ён цікавіцца падзеямі ў рэспубліцы і раёне,  любіць жыццё і людзей. І стараецца ім дапамагчы. Да гэтага абавязвае не толькі сумленне вясковага працаўніка і былога камуніста, але і грамадская пасада – П. А. Кляцкоў з’яўляецца старэйшынам вёскі Шыліна. Ветэран жыве адзін, але і сёння трымае на ўласным падворку каня. “Для сябе, і для людзей, – усміхаецца ён. – Пакуль  па сілах, буду даглядаць”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *