Адважны разведчык Шубін

Край шумілінскі

Адважны разведчык Шубін
На маім рабочым стале – рукапіс Уладзіміра  Аляксеева, госця з Расіі, аўтара кнігі “Вяршыня Шубіна” – пра разведчыка 348-га стралковага палка 51-ай стралковай дывізіі І Прыбалтыйскага фронту Г. Г. Шубіна, удзельніка вызвалення нашага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.  Гэта быў чалавек-легенда, бясстрашны воін, адзін з самых  вопытных разведчыкаў дывізіі.
У. М. Аляксееў – муж Надзеі Георгіеўны Шубінай (яны абое прыязджалі, каб прайсціся па ваенных дарогах яе бацькі), дачкі славутага разведчыка Г. Г. Шубіна. Яна, як і бацька некалі (ён да вайны вучыўся на паляўнічазнаўчым факультэце), аддала жыццё біялогіі, яна кандыдат навук, мікрабіёлаг.
Кнігу “Вяршыня Шубіна” пісьменнік У. Аляксееў прэзентаваў у Полацку ў пярэдадзень 70-ай гадавіны з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падарыў кнігу ён і Шумілінскаму гісторыка-краязнаўчаму музею, перадаў рукапіс для раённай газеты. Яго ў рэдакцыю і данесла дырэктар музея Святлана Іванова.
Улічваючы тую акалічнасць, што пра Г. Г. Шубіна кніга “Памяць. Шумілінскі раён”  змяшчае цікавы нарыс пісьменніка Васіля Пескава, датаваны 25 красавіка 1965 года і перадрукаваны з газеты “Комсомольская правда” (стар. 171-175), у рэдакцыі палічылі за лепшае выкарыстаць з рукапісу асобныя вытрымкі і эпізоды.
Пісьменнік гаворку вядзе пераважна пра тое, аб чым сказаў у сваёй кнізе, –  пра дзёрзкага разведчыка. Дарэчы, за галаву Г. Г. Шубіна фашысты абяцалі 50 тысяч нямецкіх марак. Адзін толькі гэты факт сведчыць пра легендарнасць асобы. Ён быў выдатным стралком, кемлівы, як самы спрактыкаваны паляўнічы,  і вынослівы фізічна. Таму адразу яго ўзялі ў палкавую разведку. Дарос да камандзіра разведкі. Ён лічыў за правіла выканаць заданне, паклапаціцца, каб усе вярнуліся з задання  жывымі. Усёй камандай. Не заўсёды так выходзіла, але страты калі і былі, то самыя мінімальныя. Георгій Георгіевіч умеў берагчы сваіх байцоў.
У кнізе пададзены ўспаміны аднаго з аднапалчан Шубіна разведчыка Аляксея Ільіча Пачарніна, які таксама прымаў удзел у вызваленні Шумілінскага раёна. Вось яго кароткі змест.
Заходзяць разведчыкі ў вёску Казьяны, і жыхары папярэджваюць: нядаўна былі карнікі, зараз яны, напэўна, за рэчкай Обаль. Георгій вяртаецца са штаба і кажа, што трэба пераправіцца і ўзяць “языка”. Пераплылі на лодцы, вымаклі. Падышлі да першай жа хаты, каб адагрэцца і пасушыць адзенне. Жанчына, якая запусціла іх у хату, сказала, што былі немцы, загадалі падрыхтаваць дзесяць мяшкоў жыта, два вядры яек і дзесяць кажухоў. Калі гэтага не зробяць, людзі будуць расстраляны, а вёска спалена. Разведчыкі засталіся чакаць “гасцей”. Дасвеццем дачакаліся. Аднаго немца Шубін падстрэліў, але двое схапілі раненага і сталі ўцякаць. Іх прыкрывалі яшчэ трое немцаў з кулямётнага разліку. Аднак  уцекачы ўбачылі, што з трох бакоў іх наганяюць, і кінуліся ўрассыпную. Іх дагналі. Ранены аказаўся афіцэрам, ён даў каштоўныя звесткі. Бліжэй да вечара камандзір атрымаў загад заставацца ў вёсцы Хобня-2 і весці абарону ад немцаў…
Г. Г. Шубін за мужнасць і гераізм мае ўзнагароды – тры ордэны Чырвонага Сцяга, ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, ордэн Славы ІІІ ступені, медаль “За адвагу”, у яго значкі як выдатнага разведчыка і выдатнага стралка. Даволі прывесці вытрымку з прадстаўлення да ўзнагароды ордэнам Славы ІІІ ступені, каб пераканацца, што Г. Г. Шубін прайшоў вайну героем. “Пры выкананні баявых заданняў па захопе нямецкіх “языкоў”, праведзеных у самых цяжкіх умовах глыбока ў тыле праціўніка, у раёне вёсак Ямішча, Саўчонкі, Старыновічы і Шунькі  асабіста тав. Шубіным былі праведзены наступныя аперацыі: 25.11.1943 г. узяў у палон трох чалавек; 5.12.1943 г. узяў у палон аднаго чалавека і забіў чатырох; 11.12.1943 г. узяў у палон аднаго чалавека і забіў двух і 18.12.1943 г. забіў аднаго чалавека. Узяты трафеі – станковы кулямёт, 6 аўтаматаў, 4 вінтоўкі і 3 біноклі…”
Пасля вайны Г. Г. Шубін усяго сябе прысвяціў рабоце на заабазе, дзе дрэсіраваў дамашніх жывёл для здымак фільмаў. З 1961 па 1969 гг. з удзелам звяроў заабазы было знята амаль 200 кінастужак (“Вайна і мір” С. Бандарчука, “Аповесць пра сапраўднага чалавека”, “Лясная быль”, “Лясная сімфонія” Г. Козінцава і інш). У 2004 годзе выйшаў на экран  мастацкі фільм пра звяроў “Весьегонская ваўчыца” Н. Салаўцова, зняты з дапамогай звяроў створанай некалі Г. Г. Шубіным заабазы.
Памёр Г. Г. Шубін 15 красавіка 1973 года.  Апошняе месца работы ў яго – намеснік дырэктара па навуковай рабоце Марыйскага запаведніка (зараз запаведнік “Вялікая Какшага”, Рэспубліка Марый Эл, Расія).
Падрыхтаваў  Мікалай ЯНЧЫН.
На здымку: група разведчыкаў 51-й стралковай дывізіі. Першы рад злева направа (сядзяць): камандзір 348-га палка падпалкоўнік Г. Б. Саакян, камандзір узвода разведкі 348-га палка Г. Г. Шубін, камандзір 51-ай стралковай дывізіі палкоўнік А. Я. Хвастоў. А. І. Пачарнін – першы злева ў другім радзе.
Надрукавана ў №57 ад 29.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *