Секреты долголетия из Городно

Людзі і лёсы

Учора – флот, сёння – пасека
Мікалай Ільіч Цуранаў – адзін з самых старэйшых жыхароў вёскі Гародна, ён  размяняў дзевяты дзесятак. І ў гэтыя гады памяць мае зайздросную: згадвае і ваеннае басаногае дзяцінства, і гады тэрміновай службы, і цяжкія пасляваенныя гады.
Мікалай Ільіч родам з Гародна. Пражыў тут усё жыццё, добра ведае мясцовых людзей – працавітых, шчырых, надзейных, якія  таксама ўнеслі свой ўклад ў набліжэнне Перамогі. На вайне загінуў яго родны дзядзька Іван Цуранаў, ваяваў на фронце і другі дзядзька – Мікалай. Многа суседзяў, знаёмых змагаліся ў партызанскіх атрадах. Нялёгка прыходзілася і тым, хто застаўся дома. Немцы пасяліліся і ў Гародне. Яны выганялі сем’і з дамоў, прыходзілася жыць ў лазнях і хлеўчуках.
“А падлеткам хацелася прыгод. Мы з хлопцамі былі пастаяннымі наведвальнікамі так званага Кацярыненскага бальшаку, – гаворыць пенсіянер. – Менавіта па ім летам 1944 года адступалі немцы. Нам з хлопцамі было патрэбна толькі адно – зброя. Нацягалі ў патайное месца вінтовак, рэвальвераў, патронаў. Збіраліся ваяваць. Але як толькі дарослыя даведаліся пра наш “арсенал”, зброю забралі, аддалі ваенным.”
Мікалай Ільіч паспытаў і армейскага жыцця – амаль пяць гадоў служыў на ваенна-марскім флоце. Быў камандзірам аддзялення мінёрнай брыгады. Балтыйскае мора стала для старшыні першай стацці прывычнай, роднай стыхіяй. “Служыў на караблі, які мы называлі паляўнічы, – згадаў М. І. Цуранаў. – І гэта назва была самая падыходзячая, бо нашай асноўнай задачай было высачыць і  знішчыць падводныя лодкі “праціўнікаў”. Невялікі ўсплёск на моры сведчыў, што падводная граната трапіла ў цэль, што вучэбная падводная лодка ўзарвалася. Прызнацца, служба на ваенна-марскім флоце была нечым падобная на сапраўдную вайну”.
Пасля тэрміновай службы Мікалай Ільіч вярнуўся ў вёску. Ажаніўся, з жонкай Зояй Андрэеўнай нарадзілі сына Уладзіміра і дачку Раісу. Усё далейшае жыццё М. І. Цуранава было звязана з калгасам. Працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, затым загадчыкам фермы Гародна (дарэчы, даяркай на ёй рупілася і жонка), дзе ў 60-я гады трымалі 800 свіней і амаль 80 кароў.
Яго працоўны стаж у калгасе – амаль 45 гадоў. Асабліва цёплым словам Мікалай Ільіч згадаў Фаму Карпавіча Сцяпанава – старшыню калгаса імя Калініна (так называлася гаспадарка ў Гародне ў 50-я гады ).
І сёння М. І. Цуранаў не сядзіць склаўшы рукі, захапляецца развядзеннем пчол. Прычым, гэта захапленне даўняе – пчалярствам займаецца амаль сорак гадоў. Выйдзе летам на пасеку – і душа радуецца, што гудуць пчолы – руплівіцы. Такім, на думку Мікалая Ільіча, павінен быць і чалавек. Сам М. І. Цуранаў так і жыве – у клопатах, у працы. Але ж многае паспелі зрабіць разам з жонкай: выхавалі добрымі людзьмі сына і дачку, пабудавалі дом, пасадзілі не адно дрэва – цэлую алею елак У іх цяньку добра адпачываецца летам дзецям і ўнукам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №101 ад 28.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *