23 февраля в Шумилино вручали юбилейные медали и давали концерт

Актуалии

Пакуль мы помнім, мы жывём…
У раёне працягваецца ўручэнне юбілейных медалёў “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” ветэранам вайны, былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета, ваеннаслужачым і тым, хто ўнёс уклад ва ўвекавечванне памяці загінуўшых герояў.
23 лютага мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Якраз у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, што асабліва сімвалічна. За кубкам чаю сабраліся і тыя, хто абараняў Радзіму ў гады вайны, і тыя, хто трапіў у фашысцкую няволю, і ваеннаслужачыя – прафесійныя абаронцы Айчыны. У гэты дзень шмат гаварылі пра важнасць захавання міру, добрасуседскіх адносін паміж дзяржавамі, выказвалі словы павагі і вялікай падзякі людзям, якія не шкадавалі жыцця за Радзіму і наш сённяшні дабрабыт у тыя страшныя гады.
Намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Зайцаў выказаў упэўненасць, што менавіта Беларусь была і застаецца аплотам міру, стаіць на варце слаўнай памяці пра подзвіг народа, аберагае традыцыі. Ён заўважыў, што не спыняецца работа па ўвекавечванні памяці загінуўшых салдат, і нягледзячы на тое, што гады ўсё больш настойліва аддаляюць сучаснікаў ад тых падзей, магчымасцяў для пошукавай работы становіцца больш. Анатоль Мікалаевіч прызнаўся, што дзякуючы сучасным тэхналогіям, і яго сям’я праз дзесяцігоддзі безвыніковых пошукаў усё ж знайшла магілу роднага, які загінуў на вайне.
У такія моманты асабліва выразным становіцца той факт, што трэба рабіць усё магчымае, каб памяць пра гераізм і самаахвярнасць славутых землякоў не пакінула Беларусь з апошнім абаронцам Айчыны. І калі юнак схіліцца над магілай славутага прадзеда, прынясе туды кветкі, распытае бацькоў пра гісторыю сям’і, возьме ў рукі кнігу пра вайну, то можна не сумнявацца, ён усвядоміць, што яго сённяшнія свабода і спакой – гэта не проста так, гэта сапраўднае шчасце. І ён будзе дакладна ведаць, каму сказаць дзякуй за гэта.
Пра тое, што да работы па ўвекавечванні памяці варта абавязкова прыцягваць моладзь, шмат гаварыла і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава. Асабліва ў сувязі з тым, што сёлетні год у краіне аб’яўлены Годам моладзі. Яна заўважыла, што да 9 мая плануецца рэалізаваць  праект, дзякуючы якому будзе сабрана інфармацыя пра ўсіх нашых славутых землякоў: успаміны, біяграфічныя звесткі, працоўныя здабыткі.
Ваенны камісар раёна Алег Чарняўскі ўручыў медалі  Дзмітрыю Іванавічу Бандарэнку, Алене Нікадзімаўне Пятровай, Антону Антонавічу Цынгелю, Але Фёдараўне Бубляс, Міхалу Паўлавічу Яршову, Галіне Васільеўне Калінінай, Галіне Фёдараўне Ляхавай, Аляксандры Васільеўне Пальвінскай, Раісе Антонаўне Сафонавай, Любові Фёдараўне Фраловай.
Дарэчы, менавіта ў гэты дзень, 23 лютага, А. А. Цынгель адзначыў 90-гадовы юбілей, з нагоды чаго Кацярына Фамінічна ўручыла юбіляру падарунак і пажадала моцнага здароўя. Такую ж дату хутка адзначыць і былая партызанка А. Н. Пятрова. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, жанчына прыцягнула ўвагу аўдыторыі не толькі сваімі цікавымі разважаннямі і ўспамінамі, але і дэкламаваннем вершаў.
Наогул, мерапрыемства атрымалася цёплым і душэўным. Не без слёз, але і з вясёлымі песнямі. Для стварэння такой атмасферы стараліся работнікі бібліятэкі, артысты-спевакі, баяніст Анатоль Міхееў.
Так і павінна быць. Мы проста абавязаны радасна  і шчасліва жыць,  бо некаму, тады, у саракавыя мінулага стагоддзя, усё гэта надзвычай дорага каштавала.
*   *   *
23 лютага ў раённым цэнтры культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ужо ў фае цэнтра ўдзельнікаў мерапрыемства сустракалі выставы, прысвечаныя ваеннай тэматыцы. Раённая бібліятэка прапанавала кнігі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных Сіл Беларусі. Нашаму земляку Сямёну Міхайлавічу Кароткіну, аднаму з кіраўнікоў партызанскага руху Шуміліншчыны,  была прысвечана выстава гісторыка-краязнаўчага музея. Набыць сувеніры для мужчын можна было ў майстроў Дома рамёстваў.
Урачыстасці пачаліся з бліскучага плац-парада, які прадэманстравала гледачам група барабаншчыц Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава ад імя раённых уладаў павіншавала ўсіх мужчын са святам. Асабліва кранальныя словы былі адрасаваны старэйшаму пакаленню, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія абаранілі Айчыну ў жорсткіх баях з ворагам. Сучасныя мужчыны, падрастаючае пакаленне будуць дастойна прадаўжаць баявыя традыцыі ветэранаў.
Як адзначыла Ірына Мікалаеўна, словы пра мірнае неба, стабільнасць і спакой у нашай краіне асабліва адчувальныя, калі ў свеце такая складаная абстаноўка, калі ў суседняй краіне ідзе сапраўдная вайна. Усім мужчынам Шуміліншчыны, усім жыхарам раёна І. М. Новікава пажадала міру і дабрабыту, шчасця і здароўя.
Артысты раённага цэнтра культуры падрыхтавалі для гледачоў цудоўны канцэрт, у якім перапляліся песні пра мужнасць і гераізм, пра каханне і сяброўства, песні розных часоў, розных пакаленняў
Наталля ЧАРНІЧЭНКА, Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №16 ад 27.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *