В Шумилинском районе создана молодёжная палата

Актуалии

Выбары ў Маладзёжную палату
Дзень  2 сакавіка стаў адметным для старшакласнікаў у сярэдніх школах раёна – шляхам тайнага галасавання выбіраліся члены Маладзёжнай палаты раёна. На 21 месца прэтэндавалі 53 кандыдаты. Ва ўсіх навучальных установах выбары былі альтэрнатыўнымі, найбольшая канкурэнцыя была ў раённай гімназіі:  на 3 месцы прэтэндавалі 10 кандыдатаў.
Шумілінская СШ №1 павінна была дэлегаваць у Маладзёжную палату найбольшую колькасць членаў – 8 чалавек. Дзевяці- і дзесяцікласнікі вылучылі 15 чалавек. Пасля вылучэння прайшоў адкрыты дыялог кандыдатаў з выбаршчыкамі, на якім маладыя людзі прэзентавалі сябе і свае ідэі, з якімі яны ідуць у Маладзёжную палату.
Непасрэдна перад тайным галасаваннем кандыдаты атрымалі апошнюю магчымасць схіліць на свой бок як мага больш выбаршчыкаў – выступіць з перадвыбарнымі тэзісамі. Адказнасці і сур’ёзнасці мерапрыемству дадавалі і госці, якія прыйшлі на выбары, – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч, дырэктар школы Н. В. Мясаедава, першы сакратар райкама ГА БРСМ А. Ю. Хмарын, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, настаўнік гісторыі С. Я. Сахончык.
Да трыбуны адзін за другім выходзілі юнакі і дзяўчаты, якія не жадаюць заставацца ў баку ад грамадскага і палітычнага жыцця раёна. Дзесяцікласнік Дмітрый Емяльянаў пачаў сваё выступленне з прызнанняў любові да роднага мястэчка: “Я нарадзіўся і вырас у Шуміліне. Я люблю свой горад, мне падабаецца бачыць яго яркім і прыгожым. Я хачу вярнуцца сюды пасля таго, як атрымаю прафесію, і тут працаваць”. Хлопец падкрэсліў, што зараз іх асноўная работа – гэта вучоба, але не толькі ёй жывуць старшакласнікі. Дзмітрый выказаў сваю думку наконт працаўладкавання вучняў. Ён лічыць, што трэба дамагацца больш шырокіх магчымасцяў працаваць падчас летніх канікул,  мець магчымасць зарабляць грошы падчас вучобы. “Многія з нас згадзяцца падмесці вуліцу, зрабіць уборку ў пад’ездзе, дапамагчы па гаспадарцы і г. д., калі  будуць плаціць за гэта”, – адзначыў кандыдат.
“Імкніся да сваёй мары. Нам трэба не сядзець на адным месцы, а разам рабіць усё, каб мара стала рэчаіснасцю”, – так агітавала за сябе дзевяцікласніца Аліна Балыкова.
Георгій Нуждзін з 9 “Б” сваё выступленне фактычна прысвяціў адной даце – 70-годдзю Вялікай Перамогі. “Нам, маладым, проста неабходна ўсведамляць тое, што мы, напэўна, апошняе пакаленне, якое бачыць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўжывую, – заўважыў юнак. – Патрыятычных акцый з удзелам ветэранаў павінна быць  больш. Ды і пра рэальную дапамогу гэтым паважаным людзям не трэба забываць”. Пра гэту знакавую падзею гаварыла ў сваім выступленні і дзевяцікласніца Дар’я Ляпнёва.
Дар’я Якаўлева (10 “Б”) лічыць неабходным стварыць у Шуміліне ўстанову для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Большую частку сваёй прамовы Дар’я прысвяціла пытанням адукацыі.
Будаўніцтва забаўляльнага комплексу патрабуе вялікіх фінансаў. Але добра і па-сучаснаму адпачываць хочацца. «Думаецца, калі навесці парадак у сасонніку, пракласці невялікія асфальтаваныя дарожкі, устанавіць альтанкі і лаўкі, добраўпарадкаваць пляцоўкі для гульняў,  гэта будзе вельмі папулярным у моладзі месцам для актыўнага адпачынку», – лічыць  дзевяцікласніца Вераніка Несцярэнка.
А выступленне дзесяцікласніка Сяргея Цімашэнкі вызначалася яркасцю і непасрэднасцю. Ён наладзіў адкрыты дыялог з аўдыторыяй. Задаваў пытанні, адказваў, прычым рабіў гэта прыгожа і пераканаўча. Сяргей адзначыў, што дзякуючы выбарам у Маладзёжную палату  сур’ёзна задумаўся пра такія рэчы, як палітыка і  якасць жыцця.
Пасля выступленняў кандыдатаў старшакласнікі тайным галасаваннем вызначылі васьмёрку лепшых.
Апошнія тыдні раённая гімназія жыла выбарамі ў Маладзёжную палату раёна. Пасля вылучэння кандыдатаў быў арганізаваны адкрыты дыялог з выбаршчыкамі, падчас якога маладыя людзі выказваліся, чаму менавіта за яго неабходна аддаць свой голас. Найбольш прапаноў гучала пра  тое, як павысіць узровень і прэстыж адукацыі. Прагучала і прапанова, каб у гімназістаў была свая адметная школьная форма.
Пасля гэтага мерапрыемства кандыдаты самі праводзілі сваю перадвыбарную кампанію. Абмеркаванне ішло паўсюль – на перапынках і на класных гадзінах, у інтэрнаце. Справа гонару для гімназістаў – абраць у Палату самых годных, і кожны з гімназістаў добра ведаў, што яго голас можа стаць вырашальным. Таму яны актыўна ўключыліся  ў работу выбарчых і падліковай камісій, былі назіральнікамі.
За выбарамі ў гімназіі назіралі старшыня Светласельскага сельсавета В. В. Шчарбакоў, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, дырэктар установы Л. У. Маладзечкіна.
46 выбаршчыкаў пад роспіс атрымалі бюлетэні, запоўнілі іх у спецыяльна абсталяваных закрытых кабінах і ўкінулі у празрыстыя урны. Прычым, кожны выбаршчык атрымаў невялікі сувенір. У галасаванні прынялі ўдзел маладыя людзі, якім споўнілася 14 год.
На свае першыя ў жыцці выбары прыйшла Ксенія Нікуленка.
Пасля таго, як былі аб’яўлены вынікі выбараў, члены Мала-дзёжнай палаты атрымалі ў падарунак ад гімназіі своеасаблівы “дэпутацкі партфель”.
2 сакавіка над Мікіціхінскай СШ лунаў дзяржаўныя сцяг Рэспублікі Беларусь. Урачыстая атмасфера вітала паўсюль: у школе пастараліся зрабіць так, каб дзень выбараў стаў сапраўдым святам.
Падчас выбараў у школе прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава і дэпутат мясцовага савета дэпутатаў, дырэктар школы  В. М. Асташонак.
Дзень выбараў – фінал перадвыбарнага марафону для Аляксандра Асаевіча, Вікторыі Краменскай і Уладзіслава Дышко. Мікіціхінскія кандыдаты сустракаліся ў класах, агітавалі, прапаноўвалі свае ідэі.
22 выбаршчыкі тайным галасаваннем вызначылі тых, хто будзе прадстаўляць іх школу ў раённай Маладзёжнай палаце.

Па выніках выбараў членамі Маладзёжнай палаты Шумілінскага раёна сталі: Георгій Нуждзін, Дар’я Ляпнёва, Аліна Балыкова, Юлія Картыннік, Юлія Долгая, Вераніка Несцярэнка, Дзмітрый Емяльянаў і Сяргей Цімашэнка (СШ №1); Усевалад Яско, Міхаіл Бабоў і Прохар Навіцкі (раённая гімназія); Аксана Лабачова і Карына Пяткевіч (СШ №2); Паліна Надточыва і Яўгенія Гарбунова (Обальская СШ);  Аляксандр Асаевіч (Мікіціхінская СШ); Таццяна Яўсейчык (Башнёўская СШ); Маргарыта Папкова (Мішневіцкая СШ); Карына Ермаловіч (Кардонская д/с – СШ); Маргарыта Іваноўская (Амбросавіцкая д/с – СШ) і Сяргей Пусянкоў (Слабадская д/с – СШ). З 21 члена – 19 з’яўляюцца членамі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Заўтра пройдзе першае пасяджэнне Маладзёжнай палаты.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №19 ад 10.03.2015 г.



2 комментария по теме “В Шумилинском районе создана молодёжная палата

  1. Вы все удивительные и большие молодцы! Так держать!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *