На собрании в «Шумилинском райагросервисе»: об урожае и «слабом звене»

Сельское хозяйство Экономика

Пра ўраджай  і “слабае звяно”
На мінулым тыдні ў актавай зале адміністрацыйнага будынка УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” адбыўся справаздачны сход па выніках работы за мінулы год. На сходзе абмяркоўваліся праблемы, якіх у прадпрыемства нямала. Рабіўся акцэнт на тое, як вывесці райаграсэрвіс на рэнтабельную работу.
Даклад в. а. дырэктара гаспадаркі І. І. Сідарава быў падрабязны і грунтоўны. Ігар Іванавіч адзначыў, што прадпрыемству ва ўсе часы было нялёгка. Кіраўнік не меў на мэце перабольшваць набыткі і заслугі прадпрыемства. Тым не менш пачаў з прыемнага: у гэтым годзе экіпаж у складзе Сяргея Гоманава і Аляксандра Пашкоўскага  заняў у  раёне па намалоце зерня першае месца, а экіпаж Яўгена Броўкіна і Віталя Краўчанкі – другое месца. Разам з тым уборка ўраджаю прайшла не на высокім узроўні, адзначыў Ігар Іванавіч. Валавы збор зерня ў бункернай вазе склаў 5618 тон пры заданні 6826 тон. Сярэдняя ўраджайнасць па прадпрыемству склала 25,2 цэнтнера з гектара. Не дадае гонару гаспадарцы тое, што ўраджайнасць рапсу ў мінулым годзе была мізэрнай: 12,9 ц/га. Таму і атрымалася мінусавая рэнтабельнасць, а валавы збор склаў 75,2%  да ўзроўню 2013 года.
Не сакрэт, што ў галіне раслінаводства ёсць над чым працаваць, адзначыў у сваім дакладзе галоўны аграном гаспадаркі М. Я. Маліноўскі. Каб у тэрміны справіцца з пасяўной, у гэтым годзе механізатары будуць працаваць у дзве змены. Менавіта ад якасці пасяўной у многім залежыць будучы ўраджай, адзначыў Міхаіл Ягоравіч.
Аналітычным быў даклад галоўнага эканаміста  В. С. Манух, якая агучыла праблемы прадпрыемства, расказала пра высокі сабекошт прадукцыі. Сярод паказчыкаў, якія былі даведзены на мінулы год, прадпрыемства можа пахваліцца толькі энергазберажэннем: яно склала мінус 32% пры заданні мінус 7%.
Больш падрабязна Вераніка Сяргееўна спынілася на выніках работы жывёлагадоўчай галіны. А яны несуцяшальныя: за мінулы год валавая вытворчасць малака склала 3572 тоны (84,3% да 2013 года), надой на карову – 2358 кілаграмаў. Гэта вельмі мала. Адкуль жа будуць брацца грошы зімой, калі ўся надзея толькі на жывёлагадоўлю? І не дзіўна, што не было за што купіць запчасткі, што не хапала грошай на заработную плату. Здаецца, і мадэрнізацыя была, і новае абсталяванне ўстаноўлена на некаторых фермах, а выніку няма. Многае залежыць яшчэ і ад чалавечага фактара, ад адносінаў да работы – а з гэтым, па праўдзе кажучы, ёсць праблемы. Яшчэ адна з важных прычын – незахаванне тэхналогій. Гэта тычыцца і прываг цялят, і работы па ўзнаўленні статку.
Пра прычыны нізкай прадукцыйнасці ў жывёлагадоўлі гаварылі галоўны заатэхнік В. І. Купрэева і галоўны ветурач Г. А. Пыльскі. Незбалансаванасць рацыёну па пратэіне, адсутнасць спецкамбікармоў  у кармленні маладняку, выкарыстанне канцэнтратаў без вітамінных дабавак, недастатковая колькасць медыкаментаў – вось тыя слабыя звёны, якія былі значнай перашкодай для развіцця жывёлагадоўлі. Па ўсяму бачна, што работнікі фермаў былі згодны з такімі заўвагамі, бо актыўна задавалі пытанні, якія тычыліся раздою першацёлак, работы ў выхадныя і святочныя дні.
На справаздачным сходзе быў зацверджаны бізнес-план на гэты год, у якім стаіць задача забяспечыць рост валавой прадукцыі ў 112%. Каб дасягнуць гэтых паказчыкаў, трэба атрымаць зерня ў бункернай вазе не менш чым 6724 тоны, нарыхтаваць на адну ўмоўную галаву 30,1 цэнтнера кармавых адзінак. Плануецца надаіць 3660 тон малака, прычым 85% прадаваць гатункам экстра-клас.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №20 ад 13.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *