Интервью с начальником Шумилинского РОВД Александром Дмитренко

Актуалии Закон Общество

А. Р. Дзмітрэнка: “Маю намер падтрымліваць тыя добрыя тэндэнцыі, якія былі напрацаваны
Нядаўна на пасадзе начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў быў зацверджаны падпалкоўнік міліцыі А. Р. Дзмітрэнка. Мы запрасілі Аляксандра Рыгоравіча на інтэрв’ю, каб пазнаёміць нашых чытачоў з чалавекам, які займае цяпер такую важную пасаду ў нашым раёне, ад работы якога будзе залежаць зладжанасць у арганізацыі бяспекі і парадку ў рэгіёне.
Аляксандр Рыгоравіч Дзмітрэнка нарадзіўся 1 лістапада 1970 года ў горадзе Барань Аршанскага раёна. У 1993 годзе закончыў біялагічны факультэт БДУ, пасля чаго два гады працаваў у школе. З 1995 года служыць у органах унутраных спраў. Пачынаў з інспектара па справах непаўналетніх у Аршанскім аддзеле ўнутраных спраў. Закончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. З пасады начальніка інспекцыі перайшоў у Віцебскае абласное ўпраўленне ўнутраных спраў, дзе працаваў спачатку старшым інспектарам, потым кіраўніком абласной інспекцыі па справах непаўналетніх. З пасады намесніка начальніка ўпраўлення прафілактыкі пайшоў у Першамайскі РАУС г. Віцебска, дзе пяць год адпрацаваў намеснікам начальніка, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі. Пасля працаваў галоўным інспектарам у штабе УУС. Жанаты, мае двух дзяцей. З лютага 2015 зацверджаны на пасадзе начальніка Шумілінскага РАУС.
– Аляксандр Рыгоравіч, з якім настроем ехалі на Шуміліншчыну?
– З добрым настроем, вядома, думаю, мне будзе цікава тут працаваць.
– Наш раён, у пэўным сэнсе, спецыфічны: невялікі, але транзітны. Вы бачыце, як можна арганізаваць тут работу найлепшым чынам?
– Я не магу сказаць, што работа не была арганізавана ці была арганізавана дрэнна. Таму маю намер падтрымліваць станоўчыя тэндэнцыі, якія былі напрацаваны. Тут працаздольны калектыў, кожны на сваім месцы. А работу будзем будаваць, зыходзячы з патрабаванняў і кіраўніка дзяржавы, і Міністра ўнутраных спраў. Зразумела, што асаблівы ўпор на прафілактыку сямейнай нядобранадзейнасці.
– Гэта не так проста, ды і ацаніць вынік прафілактычнай работы складана…
– Ведаеце, я займаўся гэтым яшчэ ў 90-я, калі пра Дэкрэт №18 ніхто і не думаў, а сітуацыя была надзвычай складаная. А таму, калі, дапусцім, з 10-ці чалавек – адзін ці два задумаюцца над сваім жыццём, то гэта таксама будзе вынік. А што тычыцца тых, хто не жадае паддавацца мерам прафілактыкі, то яны самі ведаюць, дзе іх месца. У гэтым сэнсе і кіраўнік дзяржавы заклікае не цырымоніцца: калі ласка, лячэбна-працоўны прафілакторый.  І сям’я адпачне, і соцыум.
– Калі мы гаворым пра нядобранадзейнасць, то, як правіла, маем на ўвазе праблемы, звязаныя са злоўжываннем спіртнога. Гэта бяда як пэўнай канкрэтнай сям’і, так і ў цэлым грамадства.
– Так, сапраўды, большасць злачынстваў здзяйсняюцца менавіта на глебе п’янства. Спачатку разам п’юць, потым адзін у аднаго крадуць мабільныя тэлефоны, іншыя рэчы, крадуць з магазінаў, карацей, ствараюць шмат праблем.
Наогул, калі прымяняць навуковы падыход, то варта ўспомніць, што на крымінагенную сітуацыю ўплываюць каля 600 фактараў. Органы ўнутраных спраў, у сваю чаргу, уплываюць толькі на 40. Але тым не менш, калі парушальнік будзе ў ЛПП, то жонку ён ужо не паб’е, нічога не украдзе, сваім выглядам не будзе бянтэжыць прахожых.
Зноў жа, узбуджэнне крымінальных спраў па прэвентыўных артыкулах. Да прыкладу, у нас ужо сёлета ёсць чатыры крымінальныя справы, калі чалавек пагражаў забойствам жонцы.   Яшчэ заўважу, што выпісаны два ахоўныя прадпісанні аб забароне на наведванне пэўнага жылля, згодна з новым заканадаўствам аб прафілактыцы. Хочацца верыць, што людзі зробяць вывады. Не зробяць – будзем прымаць іншыя меры.
Вы ж разумееце, гэта ўсё пастаянны паступальны працэс, калі яго паслабіць, вядома, элемент інерцыі будзе, але не надоўга. Таму мы павінны пастаянна трымаць руку на пульсе.
– Магчыма, і адкрываць нейкія новыя спосабы барацьбы за спакойнае жыццё сумленных грамадзян у рэгіёне.
– Спецыфіка раёна ў тым, што ўзровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва ў нас, на жаль, адзін з самых высокіх у вобласці. А па выніках двух месяцаў гэтага года мы, наогул, на першым месцы. Вядома, што лепшая прафілактыка – своечасовае пакаранне, непазбежнасць яго. З другога боку, калі ад гэтага паказчыка адняць крадзяжы кінутых  веласіпедаў, таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў суб’ектаў гаспадарання, якія пры больш сур’ёзным стаўленні кіраўнікоў маглі б застацца цэлымі, карціна магла быць іншай. Успомніце хаця б нядаўнія выпадкі крадзяжоў з паштовых аддзяленняў, якія, дарэчы, ужо раскрыты. Сам факт іх здзяйснення, вядома, непрыемны, але гэта навука для многіх кіраўнікоў, якія не заклапочаны ні добрай аховай аб’екта, ні ўстаноўкай камер відэаназірання. Любая  безгаспадарлівасць развязвае рукі несумленным людзям.
Да слова, кіраўніцтва аддзялення паштовай сувязі зразумела, што без надзейнай аховы сваіх аб’ектаў ім не абысціся.
Калі ўспомніць пра абавязаных асоб. Цяпер згодна са зменамі ў заканадаўстве за нявыхад на работу прадугледжаны адміністрацыйны арышт. І што б вы думалі, калі раней за дзень магло быць да 10-ці паведамленняў пра нявыхад на работу, то цяпер можа быць толькі адно, а то і ніводнага.
– Дарэчы, а колькі прыкладна паступае званкоў на нумар 102 за суткі?
– У сярэднім у суткі рэгіструецца 16 заяў і паведамленняў аб здарэннях, злачынствах і адміністрацыйных правапарушэннях. Гэта і званкі па абавязаных, і сямейныя скандалы, і скажам, запырскала машына… Але заўважу, што гэта некалькі больш, чым у падобных раёнах. Будзем працаваць.
– Аляксандр Рыгоравіч, дзякуй за размову. Жадаем вам плённай і цікавай работы на карысць Шумі-лінскага раёна.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №21 ад 17.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *