А вы материтесь?

Культура Общество

Жыццё – не шахматы, тут аднаго мату мала
“Аздабляць” мову матам – гэта яшчэ ўмець трэба, скажу я вам. Я, напрыклад, зусім не ўмею, так і не навучылася. Не кожную, выходзіць, размову і падтрымаць магу, не глядзі, што філолаг. І наогул, як аказалася, маю даволі сціплыя ўяўленні пра багацце і разнастайнасць гэтай з’явы, ці (у асобных выпадках) нават мовы. Такія прабелы ў “ведах”, калі што, лёгка можна папоўніць з дапамогай сацыяльных сетак. Для такіх жа недасведчаных скажу, што гэта тая яшчэ забава. Не, вядома, што пару-тройку класічных мацюкоў ведае кожны, але не кожны ўмее іх так мудрагеліста спалучаць і дапаўняць.
Але гэта нецікава і нават брыдка. Я не захапляцца з’явай брала за мэту, а паразважаць: ці ёсць сёння сэнс гаварыць пра чысціню мовы, калі мат – усюды? Адукаваны ты ці не вельмі, вясковец ці гарадскі, інтэлігент ці рабацяга, не маюць значэння таксама ні пол, ні, што самае непрыемнае, узрост – мацюкаюцца ўсе.
Магчыма, гэта я такая адсталая, але са сваім сынам, які пакуль слова “дурань” лічыць за мат, стараюся вечарам у гарадскі парк не наведвацца. Але ж зразумела, што для таго, каб стаць сведкам брыдкаслоўя, не трэба чакаць вечара. Прайдзіце міма школы на перапынку…
Зусім не хочацца драматызаваць. Дзеці неяк вырастуць і стануць добрымі людзьмі, бацькамі, работнікамі і сябрамі. Хочацца думаць, што гэта “асаблівасць” мовы ніяк не паўплывае на вартасныя характарыстыкі чалавека як асобы. І акцэнт менавіта на дзецях хочацца зрабіць не для таго, каб павучаць і сарамаціць іх (мату яны навучыліся роўна так жа, як і ўсім іншым словам, – ад нас, ад дарослых), проста дзіцячыя чысціня і беззаганнасць ніяк не манціруюцца ў свядомасці з падтэкстам, што трансліруе мат. Гэта ненатуральна, гэта супраць прыроды, а таму асабіста ў мяне выклікае пачуцці, якія больш за ўсё нагадваюць страх ці трывогу. Не абурэнне, незадавальненне ці эстэтычны дыскамфорт, а менавіта страх. Выразна зразумела, што так быць не павінна. Але ў гэтым выпадку, як і ў многіх іншых, кожны можа адказваць толькі за сябе.
Якімі б добрымі педагогамі не лічылі сябе бацькі, даводзіць сыну ці дачцэ пра непрывабнасць мату з дапамогай яго ж немагчыма. Варта прыслухацца да псіхолагаў, якія сцвярджаюць, што мацюкаюцца людзі ад няўпэўненасці ў сабе, калі ім страшна, калі яны маюць патрэбу ў  абароне ці самасцвярджэнні. Гэта так, нават у выпадку, калі відавочнай прычыны для страху і агрэсіі няма. Гэта падсвядомы страх уласнай несамадастатковасці. У такім выпадку становіцца зразумела, што “дурны прыклад”, якім бацькі часта тлумачаць паводзіны дзіцяці, – непераканаўчая прычына яго брыдкаслоўя. Чым больш чалавек (падлетак) няўпэўнены ў сабе, тым большае ў яго жаданне, каб яго прынялі “за свайго”. Мова матаў – гэта найперш мова агрэсіі. Актыўна мацюкаючыся, чалавек быццам дае зразумець, што ён можа сябе абараніць. Мацяршчыннікі, як правіла, вырастаюць з недалюбленых, недапешчаных, а значыць, няўпэўненых у сабе дзяцей, а потым дарослых.
Ужываючы мат ва ўзаемінах з блізкімі, мы калечым нашы зносіны. Мацяршчыннік не можа пранікнуцца перажываннямі свайго субяседніка, ён менш спагадлівы. Яго ўласны псіхалагічны дыскамфорт настолькі вялікі, што яму цяжка засяродзіцца на праблемах іншага чалавека. Згадзіцеся, даволі рэдка матам суправаджаюць прапанову аб дапамозе, часцей – пасылаюць самі ведаеце куды.
Вось і я пераканана, што дзецям не трэба доўга і многа тлумачыць пра тое, што ёсць вось такія дрэнныя словы, але вымаўляць іх нельга. Дзецям трэба даць шанс захапіцца літаратурай, творчасцю, жыццём наогул. Мы, бацькі, абавязаны рабіць жыццё сваіх малых і падрослых дзяцей цікавым, насычаным суквеццем рознакаляровых эмоцый і перажыванняў. Для гэтага не трэба многа грошай, трэба мець унутраную патрэбу нанова разам з імі спасцігаць, здзіўляцца, захапляцца, быць прыкладам – самым найлепшым і аўтарытэтным. Варта ўнікаць у іх праблемы, быць спагадлівымі да іх гора. Дзецям у сям’і павінна быць спакойна, як нідзе. Працуючы над сабой, сваім характарам і светаўяўленнем, мы дадзім сваім дзецям намнога больш, чым прывычнымі намовамі і павучаннямі. Магчыма, тады на іх змогуць паўплываць і радкі выдатнага беларускага паэта Рыгора Барадуліна:
Ластаўка ласкаю гнёзды ўе.
Рэчка раіцца з берагамі.
Хто шануе вусны свае,
Той душу сваю зберагае.
У шырока разяўлены рот,
Як у комін вецер зімовы,
Улятае ўсялякі зброд,
Ад якога ўцякаюць словы.
Рызыка нырае на дно
Без развагі ды без вагання.
Вусны можна будзіць адно
На малітву і на каханне.
Дарэчы, на пытанне “Як вы ставіцеся да мату?”, размешчанае ў нашай групе “УКантакце”, 42,1% адказалі, што адмоўна, 7,9% апытаных самі мат не ўжываюць і іншым не дазваляюць. 26,3% рэспандэнтаў мацюкаюцца ў выключных выпадках, а  вось 21,1% лічаць, што без матаў – нікуды. 2,6 % нашых сяброў дапускаюць мат толькі ў акружэнні дарослых. Адзначу, што ніхто не аддаў свой голас за наступныя варыянты: “Я матам размаўляю, і што?, “Гэта робіць мяне дарослым”, “Мацюкацца добра, калі ты мужчына”.
Дзіўна, але зноў выходзіць, што нават у выпадку “лячэння” ад мацяршчыны трэба пачынаць з любові да сябе. Мне так здаецца. Простым табу на мат, для сябе, для сваіх дзяцей, для вучняў у школе, нічога не зробіш. “Чыстая” мова – прыкмета самадастатковага, упэўненага ў сабе чалавека. Ён можа быць прафесарам, а можа – слесарам. Давайце любіць сябе і блізкіх без усялякіх там “пі”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *