Настаўнікі гатовы працаваць на 10

Актуалии Образование

Настаўнікі гатовы працаваць на 10
Толькі ў педагогаў кожны выхад з працоўнага водпуску адзначаны вялікім святам, заўважыла І. А. Сітнікава, начальнік аддзела Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, выступаючы на традыцыйнай жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі ў Шуміліне. 27 жніўня прыгожыя, адпачнуўшыя за лета педагогі, ветэраны педагагічнай працы сабраліся ў раённым цэнтры культуры для таго, каб падвесці вынікі, настроіцца на плённую работу ў новым навучальным годзе.

Як і звычайна, мерапрыемства сабрала даволі прадстаўнічы склад гасцей: кіраўніцтва раёна, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў – ва ўсіх былі прызапашаны словы віншаванняў і ўдзячнасці за працу педагогам.
А праца зроблена сапраўды вялізная. Гэта стала зразумела з даклада начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мяньковай. Валянціна Васільеўна пазнаёміла прысутных з вынікамі работы сістэмы адукацыі па рэалізацыі асноўных накірункаў адукацыйнага працэсу і задачамі на новы навучальны год.
“Наша з вамі задача – забяспечыць якасць адукацыі, якая адказвае сучасным патрабаванням, высока трымаць яе прэстыж, забяспечыць канкурэнтаздольнасць нашых выпускнікоў на рынку працы, выхаваць сапраўдных патрыётаў, грамадзян Рэспублікі Беларусь”, – звярнулася да калег Валянціна Васільеўна. Яна высока ацаніла работу за мінулы год у цэлым, падрабязна прааналізавала работу сістэмы адукацыі.
Сістэма адукацыі – гэта жывы арганізм, які востра рэагуе на любыя змены ў грамадстве. Нестабільная дэмаграфічная сітуацыя вымушае прыбягаць да рэарганізацыі школ, няпростыя эканамічныя ўмовы падштурхоўваюць да мер эканоміі, матывуюць педагогаў больш сур’ёзна займацца пазабюджэтнай дзейнасцю, складаная абстаноўка ў некаторых сем’ях кладзе на плечы настаўнікаў і клопат пра шчаслівае дзяцінства кожнага дзіцяці, пра “выхаванне” яшчэ і бацькоў. Шмат задач прыходзіцца вырашаць, але настаўнікі былі і застаюцца людзьмі, натхнёнымі сваёй працай, вернымі аднойчы абранай прафесіі, прыкладам працаздольнасці, дысцыплінаванасці і надзейнасці.
Яны пастаянна ўдасканальваюцца ў прафесіі, займаюцца самаадукацыяй, павышаюць свой прафесійны ўзровень. Педагогі (і ўсе мы разам з імі) радуюцца дасягненням сваіх вучняў, бы сваім уласным. Высокія вынікі ў прадметных алімпіядах, навуковых канферэнцыях, спорце – гэта не толькі прызнанне высокай кваліфікацыі педагога, які разам з вучнем дабіўся гэтых вынікаў, але і стымул для іншых працаваць з яшчэ большай аддачай.
Гаварыла Валянціна Васільеўна і пра ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і дзіцячых садкоў, пра насычэнне абсталяваннем кабінетаў, пра праблемы і перспектывы. У прысутных склалася выразнае адчуванне, што сістэма адукацыі працуе ў рэжыме поўнай баявой гатоўнасці, што ніякіх перашкод і праблем на шляху да ведаў ў дзяцей і іх бацькоў не ўзнікне.
Натуральна, што раён падтрымлівае педагогаў ва ўсіх самых лепшых пачынаннях. “З кожным годам усё больш бюджэтных сродкаў выдзяляецца педагагічнай галіне, – заўважыў, звяртаючыся да педагогаў, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, – у агульным аб’ёме расходнай часткі бюджэту на долю адукацыі, спорту і турызму ў гэтым годзе прыходзіцца 43% ці 95 мільярдаў 280 мільёнаў рублёў. Расходы на аднаго вучня складаюць 23 мільёны, а на аднаго дашкольніка – 27 мільёнаў.” Гэтыя лічбы дазваляюць усвядоміць, у якой меры дзяржава клапоціцца пра падрастаючае пакаленне. Не даюць школам і садкам застацца сам-насам са сваімі праблемамі і прадпрыемствы, адгукаюцца на просьбы аб дапамозе. Асаблівыя словы падзякі гучалі ў адрас ПМК-70 і райаграсэрвісу.
Педагогі не ўпускаюць магчымасці падзяліцца сваімі напрацоўкамі, добрым вопытам па тым ці іншым накірунку. Загадчыца Обальскага ясляў-сада Н. М. Спірыдзенка расказала пра асаблівасці фарміравання і развіцця адукацыйнага асяроддзя, якое ўмацоўвае здароўе дзяцей; настаўніца Язвінскай дзіцячы сад-базавай школы В. М. Іванова падзялілася напрацоўкамі ў арганізацыі навукова-даследчай работы, выказала ўпэўненасць у неабходнасці выхавання лепшых чалавечых якасцяў на базе праваслаўных каштоўнасцяў; усё пра піянерыю раёна ведае метадыст цэнтра дзяцей і моладзі Т. М. Мураўёва. В. М. Асташонак, дырэктар Мікіціхінскай СШ, адзначыла важнасць фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы; А. П. Далімаеў, дырэктар Навікоўскай базавай школы, падзяліў-ся досведам сваёй школы па арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці, расказаў як зарабляюцца і размяркоўваюцца грошы; цікавыя прыёмы ў афармленні ландшафту школьнай тэрыторыі раскрыў дырэктар Башнёўскай СШ В. П. Зянькоў.
Асаблівыя словы заўжды гучаць у адрас маладых спецыялістаў. Сёлета штат педагогаў папоўніўся ўсяго пяццю маладымі. На сцэну пад апладысменты залы ўзняліся А. А. Клюева, выхавальнік групы прадоўжанага дня СШ №1, Л. А. Лосева, музычны кіраўнік ясляў-сада №4, Ю. У. Грыгор’ева, педагог-арганізатар раённай гімназіі-інтэрната, Ю. У. Жыжова, выхавальнік Мікіціхінскага ясляў-сада і М. А. Міхайлава, кіраўнік фізічнага выхавання яслі-сада №1, Жымалоскіна К. В., настаўнік біялогіі і хіміі Мішневіцкай СШ. Выдатныя словы ў дарогу ім сказала намеснік дырэктара СШ №1 Г. М. Масюкова, пажадала запасціся цярпеннем і ўсмешкамі.
У гэты дзень прафесіяналы сваёй справы былі заслужана ўзнагароджаны. Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама І. А. Сітнікава ўручыла Н. У. Догель, настаўніцы пачатковых класаў СШ №1, М. М. Высоцкай, настаўніцы пачатковых класаў СШ №1, Л. В. Захаравай, настаўніцы хіміі і працоўнага навучання Обальскай СШ, Т. В. Дарафеевай, настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства раённай гімназіі-інтэрната, В. І Цюрынай, настаўніцы рускай мовы і літаратуры раённай гімназіі-інтэрната, А. Я. Пціцкаму, педагогу дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Граматай Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў была ўзнагароджана дырэктар Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната Л. У. Маладзечкіна. Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Но-вікава, уручаючы грамату, заўважыла, што сёлета раённая гімназія святкуе дзесяцігоддзе з дня ўтварэння. Яна павіншавала з гэтай падзеяй, адзначыла высокія вынікі работы педагогаў гімназіі. А таксама Ірына Мікалаеўна шчыра павіншавала ўсіх педагогаў раёна, пажадала поспехаў у працы, здароўя і спакою ў жыцці.
Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта Т. П. Рабычынай, загадчыцы Мішневіцкага дзіцячага сада, уручыў А. М. Зайцаў. Таксама Анатоль Мікалаевіч уручыў Падзякі райвыканкама Н. М. Спірыдзенка, загадчыцы Обальскага ясляў-сада, і В. А. Скірман, настаўніцы пачатковых класаў Башнёўскай БШ. Многія педагогі атрымалі ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якія ўручыла начальнік аддзела В. В. Мянькова.
Плённае супрацоўніцтва з педагогамі раёна, асабліва ў напрамку патрыятычнага выхавання адзначыла ветэран педагагічнай працы, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава.
Свята атрымалася светлым і аптымістычным, яно патанала ў моры кветак і апладысментаў. Асаблівую цеплыню яму надало тое, што большасць песень, што гучалі са сцэны, выконвалі самі педагогі. І як выконвалі!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *