Общественный лидер Лариса Молодечкина

Актуалии Общество

Кожнаму з нас пастаянна прыходзіцца рабіць выбар
Сёння мы гутарым з Ларысай Маладзечкінай – дырэктарам Шумілінскай раённай гімназіі, старшынёй Шумілінскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дэпутатам Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў. Гледзячы толькі на пералічаныя пасады, зразумела, што яна  – чалавек актыўны і ініцыятыўны. Наша размова пра тое, як усюды паспяваць і быць паспяховай.
– Ларыса Уладзіміраўна, пра поспехі раённай гімназіі наша газета пісала неаднойчы. У тым ліку і пра тое, што 93% сёлетніх выпускнікоў паступіла ў ВНУ. Гэтая прыгожая лічба гаворыць сама за сябе, яна ярка характарызуе работу калектыву, які Вы ўзначальваеце. А ўлічваючы той факт, што гімназія яшчэ носіць статус і інтэрната, то зразумела, колькі даводзіцца рашаць пытанняў не толькі адукацыйнага характару, але і фінансавых, гаспадарчых, сацыяльных. Дзе знаходзіце час на грамадскую дзейнасць (а менавіта на гэты аспект работы мы звернем асаблівую ўвагу ў гэтым інтэрв’ю)?
– Чалавек так устроены: чым больш абавязкаў прыходзіцца выконваць, тым больш арганізаваным робіш свой час. Да таго ж, вынік атрымаецца толькі, калі ты не адзін, калі разам з табой працуе згуртаваны калектыў –  будзе гэта гімназія, райсавет ці раённая арганізацыя “Белай Русі”.
– Дэпутацкая дзейнасць – гэта найперш работа з людзьмі на месцы. Як часта і з якімі пытаннямі звяртаюцца выбаршчыкі да свайго дэпутата. Чым рэальна Вы можаце дапамагчы?
– Людзі звяртаюцца па розных пытаннях: праблемы з вадой, рамонт жылля, гандлёвае абслугоўванне, бытавыя пытанні.Узнікшыя праблемы, вядома, рашаюцца з дапамогай адпаведных службаў. Так , напрыклад,  удалося дапамагчы сям’і Семянчэнкаў, якая прыехала ў Беларусь з Данецкай вобласці. Яны былі ў роспачы, не ведалі, як жыць, не мелі дакументаў, сродкаў да існавання. Хочацца адзначыць, што ўсе службовыя асобы, да якіх давялося звярнуцца за кансультацыяй і дапамогай, праявілі спачуванне і кампетэнтнасць у вырашэнні пытанняў. У выніку Таццяна Семянчэнка атрымала від на жыхарства і працуе зараз у раённай гімназіі кухоннай рабочай, яе маці з’яўляецца грамадзянкай Рэспублікі Беларусь, а сын Максім паспяхова здаў уступныя экзамены і вучыцца ў 6 класе гімназіі.
– Раённы Савет дэпутатаў з’яўляецца органам мясцовага самакіравання, якому даводзіцца рыхтаваць і прымаць рашэнні па эканамічным і сацыяльным развіцці раёна. У раённым Савеце Вы ўзначальваеце пастаянную камісію па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі. Якія пытанні вырашае камісія, якія складанасці даводзіцца пераадольваць?
– Работа ў раённым Савеце дэпутатаў вымушае найперш шмат працаваць над сабой, над павышэннем уласнай самасвядомасці, паглыбленнем ведаў. Гэта складана і цікава адначасова. Камісіі даводзіцца шмат працаваць. Так, у лютым-сакавіку бягучага года вялікая работа была праведзена па стварэнні Маладзёжнай палаты Шумілінскага раёна, якая садзейнічае ажыццяўленню ініцыятыў моладзі, дае ёй магчымасць удзельнічаць у рэалізацыі сацыяльна значных праектаў на рэгіянальным узроўні. 12 сакавіка быў праведзены ўстаноўчы сход Маладзёжнай палаты Шумілінскага раёна, створана пяць пастаянных камісій па асноўных накірунках дзейнасці.
– Яшчэ адной прыступкай грамадскага росту стала абранне Вас на пасаду старшыні Шумілінскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Раскажыце, калі ласка, што сабой уяўляе сёння раённая арганізацыя гэтага грамадскага аб’яднання, якія задачы яна вырашае?
– Шумілінская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” аб’ядноўвае зараз 25 пярвічных арганізацый агульнай колькасцю 523 чалавекі. Варта адзначыць, што дзейнасць “Белай Русі” накіравана на кансалідацыю ўсіх дэмакратычных сіл краіны, на падтрымку палітыкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, усіх, хто ўсведамляе адказнасць за сённяшні дзень і будучае нашай Беларусі. Раённая арганізацыя працуе ва ўзаемадзеянні з аддзеламі і службамі райвыканкама, супрацоўнічае з грамадскімі аб’яднаннямі: раённымі аб’яднаннямі – БРСМ, Беларускага фонду міру, Беларускага таварыства інвалідаў, раённым саветам ветэранаў  і іншымі.
– Раённая арганізацыя “Белай Русі”, напэўна ж, можа пахваліцца канкрэтнымі мерапрыемствамі.
– Арганізацыяй напрацавана нямала эфектыўных формаў работы. Так, наша арганізацыя актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемствах, прысвечаных 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Разам з Шумілінскай ДЮСШ у сакавіку мы правялі міжраённы турнір па валейболе на кубак і прызы “Белай Русі”. Пры падтрымцы раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” у красавіку-чэрвені бягучага года дзеці нашага раёна ўдзельнічалі ў трох этапах ІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу інклюзіўнай творчасці “Пад крыламі Арыёна”. А 25 чэрвеня восем членаў арганізацыі самі сталі ўдзельнікамі міжнароднага прабегу “Бег дружбы і міру”.
– Зараз на парадку дня выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ведаем, што раённая арганізацыя “Белай Русі” актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы гэтай падзеі…
– Гэта так. 15 членаў нашай арганізацыі ўвайшлі ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі. Нашы актывісты правялі ў Шуміліне тры пікеты па зборы подпісаў. Прадстаўнікі раённай арганізацыі “Белай Русі” вылучаны ў склад 17 участковых камісій па выбарах Прэзідэнта. На ўсіх 32 выбарчых участках будуць працаваць назіральнікі ад нашага аб’яднання.
– Ваша жыццё багата напоўнена прафесійнымі і грамадскімі абавязкамі. Ці застаецца час на сябе, на сям’ю?
– Кожнаму з нас пастаянна прыходзіцца рабіць выбар, у тым ліку вызначаць прыярытэтныя справы. Безумоўна, я вельмі адказна стаўлюся да даручаных мне спраў, імкнуся апраўдаць аказаны мне давер. А паколькі ў сутках толькі 24 гадзіны, то, зразумела, што даводзіцца нечым ахвяраваць. Часцей за ўсё не хапае часу на сябе, на нейкія дамашнія справы. Хаця я стараюся ўдзельнічаць у справах студэнта сына і старшакласніцы дачкі. Стараюся адпавядаць і пасадзе гаспадыні, нават градкі саджаю і нарыхтоўкі на зіму раблю. А вось на кнігі, тэатры, салоны прыгажосці часу не застаецца. Але ў будучым, спадзяюся, я гэта навярстаю (смяецца)…
Гутарыла Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 72 ад 15. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *