За полгода в центре Шумилино вырос новый дом

Актуалии Общество Экономика

І вырас дом! У рэкордна кароткія тэрміны!
Канец мінулага тыдня азнаменаваўся прыемнай і чаканай падзеяй, якую з поўным правам можна назваць падзеяй года, – увядзеннем у эксплуатацыю 32-кватэрнага жылога дома ў райцэнтры. Афіцыйная перадача сімвалічнага ключа ад дома з рук генпадрадчыка ДКУБП “Шумілінская ПМК-70” заказчыку Шумілінскаму УКБ адбылася пад гучныя апладысменты будучых жыльцоў дома, жыхароў райцэнтра і ўспышкі фотакамер журналістаў.
У сваім віншавальным выступленні кіраўнік раёна У. П. Куранны адзначыў, што будаўніцтва жылля ў нашай краіне было і застаецца прыярытэтнай сацыяльнай задачай, закліканай забяспечыць высокія стандарты жыцця і дабрабыту людзей. “Вось такія аб’екты, як гэты дом, бачныя сімвалы поспеху праводзімай дзяржаўнай палітыкі”, – падкрэсліў Уладзімір Пятровіч. – Дом упрыгожыў адразу дзве цэнтральныя вуліцы райцэнтра – Кароткіна і Луначарскага, і трыццаць дзве сям’і, у тым ліку дзве мнагадзетныя, вырашаць сваё жыллёвае пытанне і пабагацеюць на ўласнае жыллё”.
Са словамі вялікага прызнання старшыня райвыканкама  звярнуўся да дырэктара Шумілінскай ПМК-70 Аляксея Крыўко, а ў яго асобе да ўсяго калектыву прадпрыемства. Дзякуючы прафесіяналізму, працалюбству і самааддачы новы дом узведзены ў рэкордна кароткія тэрміны – за 6 месяцаў.
Старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама  С. А. Зароўскі, які таксама прымаў удзел у мерапрыемстве,  павіншаваў кіраўніцтва раёна, навасёлаў і гасцей з такой значнай падзеяй, выказаў упэўненасць, што раён не зменшыць тэмпы будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сферы.
Работа па будаўніцтву жылля працягваецца. Эстафету прыняла вуліца Юбілейная (на выездзе ў бок Полацка), дзе на чарзе – будаўніцтва 40-кватэрнага дома для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
І няхай у нашым раёне будуецца жыллё, нараджаюцца маладыя сем’і, а ў сем’ях – дзеці, як мага больш дзяцей. Бо гэта – наша будучыня. І як хочацца, каб яна была камфортнай, шчаслівай і перспектыўнай.
Тэкст і фота Алены КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №80 ад 13.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *