Сёння – дзень нараджэння Івана Мележа

Культура

Іван Мележ: “Я расказаў толькі адну тысячную таго, што я перажыў, што я бачыў у жыцці і што адчувае маё сэрца…”

Хіба пражытымі гадамі мераецца жыццё? Вядома, не. Але калі падлічваеш, колькі часу адведзена людзям, якія не проста жылі, жылі не толькі для сябе, а рабілі намнога больш для сваёй малой радзімы, сваёй краіны, звычайных людзей, нашчадкаў, то заўжды здаецца, што мала. Заўжды шкада іх недапісанай кнігі, недаказанай думкі, абарванага на паўслове жыцця… Іван Мележ абавязкова б завяршыў раман “Завеі, снежань”, абавязкова… Сёлета мы адзначаем 95-годдзе з дня нараджэння славутага земляка.

Нарадзіўся Іван Мележ 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны – на фронце, у 1942-ім цяжка паранены і адпраўлены ў тыл. Так І. Мележ апынуўся ў горадзе Бугуруслане Чкалаўскай вобласці. У Малдаўскім педагагічным інстытуце выкладаў ваенную падрыхтоўку і сам вучыўся завочна на літаратурным факультэце. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Лідзіяй. Затым Мележы паехалі ў Сходню пад Масквой, дзе аднавіў працу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Там пісьменнік і працягваў вучобу. Скончыў універсітэт ужо ў Мінску, пасля вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса “Полымя”, у апараце ЦК КПБ. Займаў кіруючыя пасады ў Саюзе пісьменнікаў БССР, сябра СП СССР з 1945 года.  Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, сябрам Сусветнага Савета Міру. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны” і медалямі. За вялікія дасягненні ў развіцці беларускай савецкай літаратуры ў 1972 годзе яму прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР. Памёр Іван Мележ 9 жніўня 1976 года. У роднай вёсцы пісьменніка працуе мемарыяльны Дом-музей Івана Мележа, яго імя носяць вуліцы, школы, Мозырскі драматычны тэатр, у 2010 годзе была адкрыта скульптурная кампазіцыя “Па старонках твораў Івана Мележа”. Па яго творах ставяцца спектаклі ў тэатрах краіны, па матывах “Палескай хронікі” быў зняты фільм.
Іван Мележ пакінуў нам багатую літаратурную спадчыну: “У завіруху”, “Гарачы жнівень”, “Заўсёды наперадзе”, “Блізкае і далёкае”, “У гарах дажджы”, “Што ён за чалавек” (апавяданні, аповесці, нарысы), “Жыццёвыя клопаты” (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы), “Белыя вішні і яблыні”, “Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак”. Напісаў некалькі п’ес, раман “Мінскі напрамак”. Але самым вядомым творам, з якім у нас найперш асацыюецца імя Івана Мележа, які без перабольшання зрабіў яго сусветна вядомым раманістам, стаў цыкл раманаў “Палеская хроніка”: “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань”.

Іван Мележ – Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа за раман “Людзі на балоце”, Ленінскай прэміі за раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”, Дзяржаўнай прэміі БССР за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў “Жыццёвыя клопаты” (пасмяротна).

“Я адчуваю, што тымі кніжкамі, якія вы ведаеце, я расказаў толькі адну тысячную таго, што я перажыў, што я бачыў у жыцці і што адчувае маё сэрца”, – гаварыў незадоўга да смерці пісьменнік. Але ж нам сёння зразумела, наколькі каштоўнай і непаўторнай з’яўляецца яго творчасць і для тых часоў, і для нас сёння. Разумеем унікальнасць і маштабнасць яго творчай спадчыны. “Гэта наш нацыянальны эпас. Іван Мележ стварыў тое, што нямногім удалося ў XX стагоддзі. У ліку ўдачлівых – Уільям Фолкнер і Габрыэль Гарсія Маркес, якія гісторыю свайго краю напісалі як кнігу лёсу свайго народа і ўсёй цывілізацыі”, – выказваўся пісьменнік, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

Іван Мележ і іншыя беларускія класікі стварылі грунтоўны падмурак для развіцця беларускай нацыі. Іх творчасць – магутны пасыл нацыянальнай годнасці, любові да Беларусі, гонару за сваіх людзей, які мы адчуваем праз многія дзесяцігоддзі.

Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *