Областные культурные мероприятия – на Шумилинщине

Культура

Шуміліншчына – на абласной сцэне
Даволі насычаным выдаўся год для галіны культуры раёна. Насычаным у плане разнастайнасці і буйнамаштабнасці мерапрыемстваў як раённага, так і абласнога кшталту. З пачатку года чатыры абласныя мерапрыемствы ладзіліся на базе ўстаноў Шуміліншчыны. І ў кожным з іх самы непасрэдны ўдзел прымалі работнікі культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.
Люты
На базе ўстаноў культуры Шумілінскага раёна прайшоў выязны семінар галоўных спецыялістаў аддзелаў культуры гар-, райвыканкамаў вобласці. На семінары прысутнічалі спецыялісты ўпраўлення культуры аблвыканкама і спецыялісты курсаў павышэння кваліфікацыі органаў кіравання.
Удзельнікі семінара наведалі Шумілінскі Дом рамёстваў, Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу, Лескавіцкі сельскі клуб.
Упраўленне культуры аблвыканкама дало высокую ацэнку рабоце ўстаноў культуры Шуміліншчыны.
Жнівень
На гэты раз Шуміліншчына прымала абласны этап папулярнага конкурсу маладых сельскіх сем’яў “Уладар сяла”. Мерапрыемства прайшло на базе Обальскай СШ. І хоць арганізатарамі конкурсу выступілі Віцебскі абласны Савет дэпутатаў, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, абкам БРСМ, абласны савет прафсаюза работнікаў АПК і ГА “Беларускі саюз жанчын”, асноўны, як кажуць, “удар” узялі на сябе работнікі культуры Шуміліншчыны. Яны шчыра пастараліся і правялі конкурс на высокім узроўні: відовішчна, захапляльна, цікава. Знайшлі, чым пазабавіць абальчан, якімі конкурсамі праверыць, вызначыць, хто мае права называцца “Уладаром сяла”. Нагадаем, што галоўны прыз конкурсу – бычка – прадаставіла ААТ “Лаўжанскае”.
Верасень
На базе рэдакцыі газеты “Герой працы”  прайшоў абласны семінар-лятучка галоўных рэдактараў Віцебшчыны. Арганізатарамі выступіла ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. У даволі насычанай праграме непасрэдны ўдзел бралі творчыя калектывы і асобныя работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Былі наладжаны экскурсіі ў Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу, у Обальскі музей камсамольскага падполля, выступленні народнага ансамбля “Забава” і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці.
Лістапад
8-9 лістапада ў Шуміліне прайшло XII абласное свята гумару “Смяяцца не грэх”. Каля 30 творчых калектываў з розных куткоў Віцебшчыны прадставілі шумілінскаму гледачу і высокаму журы ўсе свае таленты і ўменні ў мастацве смяшыць і забаўляць народ.
Такое грандыёзнае свята гумару ладзіцца на Віцебшчыне раз у два гады, і з 1997 года асноўнай пляцоўкай абрана менавіта Шуміліна.
Зразумела, што асноўны цяжар у арганізацыі і правядзенні мерапрыемства падобнага характару і ўзроўню кладзецца на калектывы і работнікаў культуры Шуміліншчыны. Трэба прызнаць, свята кожны раз праходзіць на высокім узроўні.
*  *  *
Лістапад яшчэ не закончыўся, а ў нас зноў высокія госці. Сёння Шуміліншчына прымае чарговае мерапрыемства абласнога рангу – выязную пашыраную калегію ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і заключны этап абласнога агляду-конкурсу творчых візітак раённых і гарадскіх цэнтраў. Месца правядзення – Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *