Статыстыка (фельетон)

Общество

Статыстыка
фельетон
Што ні кажы, статыстыка – рэч карысная, нават неабходная. А ведаеце, без статыстыкі наогул – ніяк. Так. Ні ў дзяржаве, ні, прабачце, у сям’і. Нічога добрага не будзе. Парадку, і наогул. Не, ну сапраўды, возьмем хаця б бульбу. Сабрала якое КУСГП бульбы цэнтнераў па 500 з гектара і не ведае: мала гэта ці ў самы раз. І што тут думаць-гадаць, ніякіх праблем: адкрываем статыстыку і глядзім. Летась было 499 цэнтнераў, пазалетась 498, а 20 гадоў таму і наогул 300 ледзьве наскрэблі. Значыць – што? Значыць – у самы раз. Я і кажу, гора адно было б, калі б не статыстыка.
Праўда, бывае, праз статыстыку і ўляпаешся па самыя вушы. Але ж разумець трэба, што да чаго. Прадбачыць, так мовіць. А статыстыка –  карысная рэч. Гэта несумненна.
Не мне вам расказваць, што жыць у вёсцы і мець сваю кароўку – адна радасць. Свае малако, смятанка, тваражок. Ды і дзяржаве літр які здаць можна. Капейка ў сям’і лішняй не будзе. У некаторых па дзве-тры, а то і па пяць рагатых у хляўку мукаюць. Гаспадары. Тыя ўжо з “малочных” грошай могуць і дазволіць сабе тое-сёе. Мэблю новую ці нават аўтамабіль. А што – калі адкладваць, дык і лёгка (вядома, не новы, але ж ездзіць можна). Не кожны, праўда, пажадае такіх грошай: працаваць жа трэба, хочаш-не хочаш, зранку і да вечара. І выхадных не прадбачыцца. Як і адпачынку на цёплых курортах. Скаціну ж без догляду не кінеш, заяву на водпуск падаць некаму. Цяжкія грошы.
А гаспадарка заўжды вітае такіх рупліўцаў: яны і план па малаку дапамагаюць выканаць, рабацягі, і не п’юць. Спецыяльны чалавек старанна падлічвае і запісвае, хто і колькі здаў, тлустасць там усялякую, якасць, яшчэ што. А потым падлічаць у канцы года, ды і нават прэмію могуць выпісаць. А хто прэміі не парадуецца? Любы парадуецца. Праўда? Статыстыка – рэч карысная, як ні круці.
Была кароўка і ў Альбіны Падлівахі. І яна малако здавала, як усе. А як не здаваць – грошы ж, вядома, на дарозе не валяюцца. А ў канцы года высветлілася, што кароўка ў яе не звычайная, а сапраўдная рэкардсменка. Каб не статыстыка, і не ведала б грамадскасць пра гэтыя малочныя рэкорды і такую незвычайную карову. Аказалася, што і ад адной каровы малака дзяржаве можна здаваць столькі ж, колькі ад трох. Не меней.
Згадзіцеся, ну каб у вашым КУСГП такая рагатая завялася, ну хіба б вы не захацелі цялушку ад рэкардсменкі займець, ці хаця б сакрэты догляду даведацца. Яно ж ясна, што без сакрэту ніяк такога эфекту ад каровы не дабіцца. Хоць сам даіся – не атрымаецца.
Ёсць сакрэт – прыйшлі да высновы кіраўнік гаспадаркі разам з заатэхнікам, ды і аграном галавой у знак згоды ківаў. У яго ж самога дзве каровы, а на машыну сабе яшчэ так і не назбіраў (жонка, ліха яе бяры, то ёй спальню новую падавай, то мультыварку). А што, калі сапраўды можна ў тры разы больш малака атрымліваць, што там у тры, хаця б у два. Гэта ж зусім іншы расклад. А з дзвюма каровамі?.. Асабліва засяроджаны, нават напружаны, выраз твару агранома выдаваў складаныя матэматычныя падлікі, якія рабіліся ў яго галаве.
– Няхай расказвае, у чым сакрэт. Гэта ж не справа: ведаць – і маўчаць, – выдаў аграном. – Пайшлі!
І пайшлі. Не чакала Альбіна гасцей, і пра тое, што Аўрору яе ў рэкардсменкі запісалі, таксама не ведала. Вядома, разгубілася. Не можа быць такога, кажа, якія там рэкорды. “Мы ж сабе ні кроплі не пакідаем – усё здаём дзяржаве, кормім добра, поім”, – накідвала варыянты збянтэжаная гаспадыня. Але ўсё роўна выходзіла, што нічога такога, што не рабілі б іншыя і ў чым мог хавацца сакрэт вялікага малака, так і не знайшлося. Па ўсім выходзіла, што і сама Альбіна не ведае каровінага сакрэту. А значыць, як дабіцца такой шчодрасці ад каровы, ніхто не падкажа. Ці ўсё ж не хоча хітрая гаспадыня  раскрываць карты?.. Можа аказацца, што ўсё вельмі проста: Моцарта на ферме рэгулярна трэба ўключаць, ці мантру якую чытаць, калі карову доіш ці яшчэ што. Такія думкі не пакідалі агранома, ды і кіраўніка гаспадаркі з заатэхнікам. Даведаліся пра карову-рэкандсменку і людзі ў вёсцы.
Толькі гаспадыні чамусьці не радасна, і гонару за сваю карміліцу яна чамусьці не адчувае. Па ўсім бачна, бянтэжыць яе такая ўвага, зліць: “Што прычапіліся. Карміце сваіх лепш – і малако будзе”, – не вытрымлівала яна бясконцых распытванняў. Карэспандэнты з газеты прыязджалі, хацелі сфатаграфаваць Аўрору разам з гаспадыняй, расказаць пра яе рэкорды. Няхай усе ведаюць, маўляў, і прыклад бяруць. Прыехалі нават вучоныя з нейкага навуковага інстытута (не паленаваліся ж у такую глуш ехаць, бензін паліць). Мералі рагатую рознымі меркамі, бралі нейкія аналізы, свяцілі ліхтарыкам у сумленныя каровіны вочы – і нічога. Нават і ім не удалося знайсці прычыны такога малочнага валу.
Не ведаю, ці тое, што карова за ўсімі гэтымі эксперыментамі атрымала вялікі стрэс, ці тое, што муж Альбіны Васіль Падліваха быў звольнены з пасады загадчыка фермы, але карова Аўрора ўсё ж увайшла ў сярэднестатыстычныя нормы і малака пачала даваць не больш за астатніх прадстаўніц рагатых. Бывае, і менш выходзіла.
Людзі паступова забыліся на гэты цуд, пераключыліся на нешта іншае (на радасць Падлівахам). Дарэчы, аграном нарэшце купіў сабе аўто (вядома, не новае, але ж ездзіць можна) і возіць цяпер задаволены жонку ў магазін ці нават у райцэнтр і горад. А чаму не паехаць – на колах жа.
А статыстыка – рэч карысная. Што ні кажы. Праўда, з розумам трэба, каб не падставіцца. А то ўсялякае бывае, як на грэх.
* * *
Усе імёны, якія былі выкарыстаны, усе супадзенні з рэальнасцю – выпадковыя. Калі што.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *