Волейбол и биатлон

Спорт, туризм

Пра валейбол жаночы і біятлон мужчынскі
Спартыўная Шуміліншчына славіцца валейбольнымі традыцыямі, многія нашы землякі станавіліся чэмпіёнамі краіны, уваходзілі ў зборную. А вось біятлон параўнальна нядаўна ўварваўся ў спартыўныя шумілінскія колы. І яго поспехі, у адрозненне ад валейболу,  звязаны з дзяўчатамі, такімі, як Ала Талкач (член нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне), Марыя Колесень і Наталля Сямёнава, неаднаразовыя чэмпіёнкі краіны.
Але спартыўныя зорачкі ўспыхваюць і на небасхілах валейболу жаночага і біятлону мужчынскага. Сёння спартыўныя спецыялісты адзначаюць перспектыўнасць валейбалісткі Валерыі Акуневіч і біятланіста Кірыла Цюрына. Вялікіх і гучных перамог на рахунку юных спартсменаў пакуль што няма, ёсць прызавыя месцы, першыя медалі, да якіх яны ішлі штодзённымі ўпартымі трэніроўкамі. Найбольш каштоўныя для Валерыі – бронза на чэмпіянаце вобласці, а для Кірыла – серабро ў спрынце на чэмпіянаце Беларусі. Першых сур’ёзных дасягненняў яны дабіліся сёлета, паказалі сваю перспектыўнасць і таленавітасць.
Сямікласнік Кірыл Цюрын і дзевяці-класніца Валерыя Акуневіч розныя па характары, па адносінах да жыцця ды і спартыўны шлях іх складваўся па-рознаму. Адзінае, бадай, што іх аб’ядноўвае, гэта прага перамог і вялізнае жаданне гучна заявіць пра сябе ў вялікім спорце.
Гадоў сем назад Валерыя Акуневіч прыйшла ў валейбольную секцыю да Любові Бабовай, праз год-другі пачала займацца ў Людмілы Харкавец. Як сама прызнаецца, напачатку гэта была толькі забава. Трэнеры ж адразу заўважылі прыродны талент дзяўчынкі і працалюбства. На трэніроўках Людміла Мікалаеўна не магла нарадавацца сваёй падапечнай: Лера з лёгкасцю ўсё выконвала, прычым, без аніякіх хібаў. А вось на спаборніцтвах дзяўчыну нібы падменьвалі, яна не паказвала нават малой часткі таго, што рабіла на трэніроўках.
«Мы чакалі і верылі, – дзеліцца Людміла Харкавец, – усяляк падтрымлівалі. І вынік прыйшоў. Валерыю паклікалі у зборную вобласці. Яна надзейны ігрок асновы. На пляцоўцы, нібы пчолка».
Кірыл Цюрын пайшоў на біятлон свядома. Па яго словах, вельмі вабіла стральба. І ўжо першыя біятлонныя трэніроўкі ў трэнера Генадзя Салапаева паказалі, што гэта менавіта яго справа.
“Цікава. І гэта стала адной з галоўных прычын, што палюбіў біятлон, — расказвае Кірыл, — ну, зразумела, падсцёгваў і прыклад нашай зямлячкі Алы Талкач”.
Трэніроўка за трэніроўкай, першыя выступленні. Генадзь Мікалаевіч не пабаяўся выстаўляць выхаванца сярод старэйшых спартсменаў, бо разумеў, што толькі ў бескампраміснай, нават жорсткай спартыўнай канкурэнцыі, можна дасягнуць вынікаў. І не памыліўся. Кірыл літаральна прыбаўляў ад старту да старту.
Кірыл упэўнена адчувае сябе як на дыстанцыі, так і на стральбе. Безумоўна, у біятланіста Цюрына ёсць усе прыродныя даныя, каб вырасці ў сапраўднага прафесіянала. Пра гэта кажа і трэнер Генадзь Салапаеў: “Кірыл – адораны спартсмен, але акрамя гэтага ён вельмі ўпарты і настойлівы ў трэніроўках. Самакрытычны, што дазваляе расці…”
Валерыя Акуневіч і Кірыл Цюрын цвёрда вырашылі, што сваё жыццё звяжуць з прафесійным спортам. Абодва мараць пра паступленне ў школу алімпійскага рэзерву…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №34 ад 11 мая



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *