ДАСЬЕ: Паэт беларускай зямлі. Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

Актуалии

ДАСЬЕ: Паэт беларускай зямлі. Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

Група пісьменнікаў Беларусі: Міхась Лынькоў, Макар Паслядовіч, Янка Купала,                                   Максім Танк, Пятрусь Броўка, Яніна Бранеўская. 1939 год

Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму Богу — ўсясвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі.

(Янка Купала. Мая малітва)

У 2017 годзе спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі, драматурга, публіцыста, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Академіі навук Украіны Янкі Купалы.

Янка Купала ўзняў беларускае мастацкае слова на небывалую вышыню, яго творчасць параўноўваюць з найлепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, яна ўяўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю жыцця беларускага народа. Ад першага да апошняга верша яна прыналежыць Беларусі і яе нацыянальнай культуры. Паэзія Янкі Купалы — гэта перш за ўсё паэзія пачуццяў, эмоцый, глыбокіх роздумаў і перажыванняў. У розны час, у залежнасці ад абставін, лірык станавіўся то паэтам-грамадзянінам, то прарокам, то філосафам. Як ніхто з беларускіх паэтаў Купала садзейнічаў фарміраванню тэхнікі вершаскладання, прыўнёс свае рытмы, інтанацыі, вызначыў найбольш перспектыўныя шляхі, па якіх у наш час развіваецца беларуская паэзія.

Старонкі біяграфіі
Нарадзіўся Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) 7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і Дамініка Ануфрыевіча і Бенігны Іванаўны Луцэвічаў. Бацькамі паэта былі збяднелыя беларускія шляхціцы, якія арандавалі зямлю ў памешчыцкіх угоддзях. У дзяцінстве будучаму паэту даводзілася шмат дапамагаць бацьку. Род Луцэвічаў вядомы з пачатку XVII стагоддзя. Дзед паэта арандаваў зямлю ў Радзівілаў, але быў выгнаны імі з родных мясцін. Гэты факт пакладзены ў аснову купалаўскай драмы «Раскіданае гняздо».

У 1898 годзе скончыў народнае вучылішча ў мястэчку Бяларучы. Пасля смерці бацькі ў 1902-м Янка Купала працаваў хатнім настаўнікам, пісарам у памешчыцкім маёнтку, прыказчыкам і інш. Пазней ён уладкаваўся чорнарабочым на мясцовы вінакурны завод. Хоць цяжкая праца забірала ў маладога чалавека шмат часу, яму ўдавалася знаходзіць свабодныя гадзіны на заняткі самаадукацыяй. Хутка будучы паэт азнаёміўся практычна з усімі кнігамі з бацькоўскай і памешчыцкай бібліятэк.

Першы верш на беларускай мове «Мая доля» быў апублікаваны ў газеце «Северо-Западный край» у 1904 годзе. Пасля гэтай публікацыі Купала пачаў сістэматычна з’яўляцца ў друку; верш «Мужык», апублікаваны ў тым жа годзе, стаў пачаткам узыходжання на літаратурны алімп. Пазней былі напісаны паэмы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Яна і я», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва». Янка Купала, акрамя ўласных вершаваных твораў, займаўся актыўнай перакладчыцкай дзейнасцю. У прыватнасці, ім на беларускую мову было перакладзена «Слова аб палку Ігаравым», творы Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі, Аляксандра Пушкіна, лібрэта оперы Станіслава Манюшкі «Галька».

У 1908-1909 гадах Купала жыў у Вільні, дзе працаваў у рэдакцыі першай беларускай газеты «Наша Ніва». Там ён пазнаёміўся з актрысай Паўлінай Мядзёлкай, якой некаторы час быў моцна захоплены і ў гонар яе назваў гераіню сваёй першай п’есы «Паўлінка». У гэты перыяд адбылося і знаёмства з будучай жонкай паэта — Уладзіславай Станкевіч.

У 1909-1913 гадах вучыўся ў Санкт-Пецярбургу на падрыхтоўчых агульнаадукацыйных курсах Аляксандра Сяргеевіча Чарняева.

3 чэрвеня 1912 года Купала завяршыў сваю першую п’есу «Паўлінка», якая ў тым жа годзе был выдадзена ў Санкт-Пецярбургу і пастаўлена на сцэне — спачатку ў Санкт-Пецярбургу, а затым у Вільні.

Восенню 1913-га вярнуўся ў Вільню, дзе спачатку быў сакратаром «Беларускага выдавецкага таварыства», а потым зноў працаваў у «Нашай Ніве». У Вільні паэт пазнаёміўся з выдатным дзеячам рускага сімвалізму Валерыем Брусавым, які звярнуў увагу на аўтара, які актыўна публікаваўся, і выказаў непадробную цікавасць да яго паэтычнай творчасці. Брусаў стаў першым рускім аўтарам, які пачаў перакладаць беларускага паэта на рускую мову.

У 1915 годзе Купала паступіў у Маскоўскі гарадскі народны ўніверсітэт імя Альфонса Лявонавіча Шаняўскага. Аднак яго намеру прадоўжыць вучобу перашкодзіла ўсеагульная мабілізацыя, абвешчаная ў сувязі з Першай сусветнай вайной.

У пачатку 1916-га паэта-студэнта прызвалі ў армію, дзе ён служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі пуцей зносін. Кастрычніцкая рэвалюцыя застала яго ў Смаленску.

У 1916-1918 гадах, калі Янка Купала быў на фронце, не напісаў ніводнага твора. Аднак пазней паэт у сваёй лірыцы звярнуўся да тэмы выжывання асобы і народа ў цэлым у час гістарычнага пералому. У 1919-м пераехаў у Мінск, дзе і жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Янка Купала прымаў актыўны ўдзел у літаратурна-грамадскім і культурна-мастацкім жыцці, у тым ліку ў стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук Беларусі, нацыянальнага тэатра і рэспубліканскіх выдавецтваў.

У Вялікую Айчынную вайну Янка Купала жыў у Маскве, дзе трагічна загінуў у 1942 годзе ў гасцініцы «Масква». Першапачаткова быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а ў 1962-м урну з яго прахам перавезлі ў Мінск, дзе Купала быў перапахаваны на Вайсковых могілках, побач з магілай маці (якая памерла ў акупіраваным Мінску на наступны дзень пасля сына, аб смерці якога яна так і не даведалася). Над магілай Янкі Купалы ўзведзены мемарыял.

Памяць пра паэта

Іменем Янкі Купалы названы Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны тэатр у Мінску, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Дзейнічаюць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску і яго філіялы «Акопы», «Яхімоўшчына», «Вязынка», «Ляўкі». Пры гэтым «Вязынка» і «Ляўкі» атрымалі статус Купалаўскіх мемарыяльных запаведнікаў.

Літаратурна-мемарыяльны запаведнік «Вязынка» быў створаны ў 1972 годзе да 90-гадовага юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы. Раней у радавой вёсцы беларускага паэта знаходзіўся філіял музея, размешчанага ў Мінску. Пры стварэнні праекта архітэктары пастараліся захаваць прыродны ландшафт Вязынкі з яе планіроўкай, дрэвамі і вадаёмам. Для гэтага яны вывучалі матэрыялы архіваў, розныя звесткі з бібліятэк, газет і часопісаў, а таксама ўспаміны мясцовых жыхароў Вязынкі. Плошча запаведніка Янкі Купалы складае амаль 21 га. Дом, дзе некалі жыў Янка Купала, сёння выглядае гэтак жа, як і ў XIX стагоддзі. У ім знаходзяцца два сенцы і два жылыя пакоі. Сям’я Луцэвічаў жыла ў левай палове дома. У правай частцы жыў дзядзька пісьменніка. Сёння там размяшчаецца літаратурная экспазіцыя музея. Побач з домам растуць дрэвы, пасаджаныя жонкай Янкі Купалы сумесна з беларускімі пісьменнікамі і паклоннікамі яго творчасці. У 1948 годзе на доме беларускага песняра была ўстаноўлена памятная таблічка, а пазней на цэнтральнай алеі запаведніка «Вязынка» з’явіўся бронзавы бюст Янкі Купалы, створаны вядомым беларускім скульптарам Заірам Азгурам.

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» быў адкрыты ў 1978 годзе і займае плошчу ў памеры 19 га. Тут адноўлена дача паэта. У 1935-м, пасля наведвання гэтых мясцін у час камандзіроўкі, Янка Купала быў захоплены хараством Аршанскага краю і прыняў рашэнне збудаваць для сябе дачу на цудоўным беразе ракі Днепр непадалёку ад вёскі Ляўкі. Сюды ён прыязджаў кожны год, знаходзячыся на дачы з ранняй вясны і да позняй восені, таму што там яму добра пісалася.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя ў мемарыяльным запаведніку «Ляўкі» прысвечана жыццю і творчасці паэта перыяду 30-х гадоў, так званага ляўкоўскага перыяду. Мемарыяльны запаведнік у вёсцы прадастаўляе магчымасць даведацца пра гісторыю жыцця і творчасці аднаго з найвялікшых беларускіх пісьменнікаў. Скульптар Анатоль Анікейчык стварыў помнік паэту: кожны, хто прыедзе ў Ляўкі, мае магчымасць прысесці на лаўку побач з Янкам Купалам і атрымаць асалоду ад хараства гэтага кутка.

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску размешчаны ў самым цэнтры сталіцы на беразе ракі Свіслач. Ён быў адкрыты 20 верасня 1945 года, першым яго дырэктарам была жонка паэта — Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Да 1951 года музей размяшчаўся ў Доме прафсаюзаў, з 1951 па 1959-ы — у Доме пісьменнікаў, а ў 1959 годзе музей Янкі Купалы пераехаў у свой уласны будынак, узведзены па праекце архітэктараў Віктара Волчака і Івана Валадзько. Раней на гэтым месцы размяшчаўся дом Янкі Купалы, у ім ён жыў з сям’ёй з 1927 па 1941 год, але дом згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ў музеі захоўваюцца рэчы, звязаныя з жыццём Янкі Купалы: кнігі, дакументы, аўтографы, а таксама шматлікія работы мастакоў, скульптараў і народных умельцаў, прысвечаныя паэту. Тут абноўлены інтэр’еры рабочага кабінета і гасцёўні Янкі Купалы. У музеі праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі і выставы, арганізуюцца сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, мастакамі і кампазітарамі. Можна паслухаць запісы голасу Янкі Купалы і паглядзець кінастужку, на якой ён зняты.

З 1946 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце праводзяцца Купалаўскія чытанні. Яны сталі прафесійным форумам для абмеркавання навуковых дасягненняў і праблем купалазнаўства.

У 1982 годзе 100-гадовы юбілей з дня нараджэння беларускага паэта па рашэнні ЮНЕСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе.

Творы Янкі Купалы перакладзены на больш як 110 моў. Паводле яго твораў створаны песні, оперы, сімфоніі, вакальна-сімфанічныя паэмы. Вобраз паэта ўвасоблены ў творах выяўленчага мастацтва. Жыццю і творчасці Купалы прысвечаны хранікальна-дакументальныя фільмы «А зязюля кукавала…», «Шлях паэта», тэлефільмы «За шчасцем, за сонцам», «Паклон мой народу за песні», «Ніколі я не паміраў», «Імша па Купалу», відэафільм «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка».

Помнікі паэту ўстаноўлены ў Вязынцы, Ляўках, Радашковічах, на мінскіх Вайсковых могілках, у сталічным парку імя паэта, у Маскве. У Арау-Парку ў Нью-Ёрку (ЗША, штат Нью-Ёрк) ёсць бронзавы бюст паэта. Манумент Янкі Купалы быў створаны беларускім скульптарам Анатолем Анікейчыкам і архітэктарам Сяргеем Баткоўскім і ў 1973 годзе прадстаўлены амерыканскаму боку. Помнік размешчаны побач з манументамі Аляксандру Пушкіну, Тарасу Шаўчэнку і Уолту Уітмену. Устаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар беларускага паэта ў Рызе і Вільнюсе, памятны знак у польскім Гданьску.
http://blr.belta.by//



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *