Дзень пісьменства ў Полацку

Актуалии Духоўнае

Дзень пісьменства ў Полацку

Старажытны Полацк заклаў традыцыі Дня беларускага пісьменства ў 1994 годзе, калі гэтае свята праводзілася ў першы раз. Сёлета Полацк запрасіў гасцей на Дзень пісьменства ў трэці раз.

Гэты выбар невыпадковы, бо сёлета краіна святкуе яшчэ і 500-годдзе беларускага друкавання, а менавіта Полацк – радзіма нашага першадрукара Францішка Скарыны. А сам горад святкаваў свой 1155 дзень нараджэння.

Расказаць у рэпартажы пра ўсе, чым жыў Полацк падчас свята, проста немагчыма, як немагчыма было наведаць усё мерапрыемствы, якія праводзілася ў горадзе ў гэтыя дні. Навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя гісторыі і культуры, круглыя сталы, выставы, акцыі, сустрэчы. Госці з 20 краін свету. Цэнтрам свята сталі плошча Свабоды, дзе размясцілася галоўная сцэна, і плошча Францыска Скарыны, але ўсе прылеглыя вуліцы сталі агульнай канцэртнай і выставачнай пляцоўкай. Арганізатары падлічылі – выставачныя і гандлёвыя рады працягнуліся на тры кіламетры: там выстава макетаў гістарычных будынкаў Полацка, а тут спяваюць народныя калектывы, вось выстава карцін, а побач праводзіць майстар-клас ганчар, на гэтай алеі размясціліся Дамы рамёстваў Віцебшчыны, а на гэтай плошчы – палаткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнага навучання вобласці…

Калыска беларускай дзяржаўнасці
Урачыстым касцюміраваным шэсцем, у якім бралі ўдзел 1155 палачан, пачалося свята горада. У калоне – старажытныя дружыннікі на чале з князем, прадстаўнікі гарадскіх гільдый пекараў, лесарубаў, кухараў, ткачых і іншых. Асаблівае месца займаюць друкары, выкладчыкі і студэнты Полацкага езуіцкага калегіума і Акадэміі – першай ВНУ ў Беларусі. Гістарычная частка змянілася калонай прадстаўнікоў сучасных гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый.
На высокім беразе Заходняй Дзвіны, дзе злучаецца з ёй рэчка Палата, што дала назву гораду, ля муроў Сафійскага сабора быў адкрыты памятны знак “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”, які будзе нагадваць пра ролю горада ў беларускай гісторыі і культуры.

Свята беларускага слова
Увечары 2 верасня на галоўнай сцэне святочнага Полацка быў адкрыты Дзень беларускага пісьменства. Намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, адрасаванае ўдзельнікам і гасцям свята. Васіль Жарко адзначыў таксама, што, святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто стварыў нашу дзяржаўнасць, культуру, адукацыю, высокі ўзровень нацыянальнага мастацтва.
Выступаючы на цырымоніі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі, нагадаў пра ўклад святых Кірыла і Мяфодзія, першадрукара Францішка Скарыны ў сусветную і беларускую гісторыю і культуру. “Больш за 25 гадоў нашы вучоныя, лінгвісты, славісты, перакладчыкі працавалі над перакладам кніг Свяшчэннага Пісання Новага Запавету. І сёння ў Полацку мы прэзентавалі Новы Запавет на сучаснай беларускай мове. Хачу адзначыць, што гэта таксама гістарычная падзея, яшчэ адзін крок для таго, каб нашы людзі пазнавалі Бога, вучыліся любіць адзін аднаго, маглі ствараць жыццё ў міры, згодзе і аднадумстве”, – сказаў мітрапаліт Павел.
Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук выказаў надзею, што усе госці, якія прыбылі ў горад, павязуць дамоў самыя лепшыя ўражанні і

Фестываль беларускай кнігі і прэсы
Ля падножжа помніка Францыску Скарыну на аднайменнай плошчы праходзіў фестываль беларускай кнігі і прэсы. У палатках беларускіх выдавецтваў былі прадстаўлены навінкі вучэбнай, навуковай, мастацкай літаратуры, кнігі беларускіх класікаў і сучасных пісьменнікаў і паэтаў, узоры беларускіх часопісаў і газет.
Вялікую цікаўнасць маленькіх удзельнікаў свята прыцягвала палатка дзіцячых выдавецтваў, дзе для іх былі арганізаваны гульні, забавы, праводзіліся віктарыны і конкурсы. А ўзнагародай за паспяховыя адказы і выступленні былі, канешне ж, кніжкі.
А вось друкарня XVI стагоддзя выклікала цікаўнасць і ў дзяцей, і ў дарослых: зробленыя з дакладнасцю да дробязяў абсталяванне і інструменты, адзенне майстроў і магчымасць паспрабаваць усё ўласнымі рукамі. Кожны жадаючы мог зрабіць з папяровай масы аркуш паперы, а потым надрукаваць на ім першую старонку Бібліі Францыска Скарыны – уражвала нават назіранне за нараджэннем друкаванай старонкі, а калі ўсё робіць самому…
Побач размясцілася палатка “Слова пісьменніка”, дзе можна было пачуць вершы і ўрыўкі з твораў у аўтарскім выкананні, паўдзельнічаць у размове з сучаснымі празаікамі і паэтамі не толькі Беларусі, а і суседніх дзяржаў.
Прываблівала наведвальнікаў і экспазіцыя “Сродкі масавай інфармацыі Віцебскай вобласці”, у якой бралі ўдзел рэдакцыі ўсіх абласных, гарадскіх і раённых газет Віцебшчыны. Разабралі і ўсе экземпляры “Герой працы”, якія разам з фотавыставай і вытставай кніг пісьменнікаў Шуміліншчыны былі прывезены на свята журналістамі раёнкі. Асабліва цікавіліся раёнкай выхадцы з Шуміліншчыны, якія зараз жывуць у іншых месцах, – ім так хацелася патрымаць у руках газету, пачытаць раённыя навіны.

“Рубон”
У рамках Дня пісьменнасці праходзіў фестываль сярэднявечнай культуры “Рубон”. Сярэдневяковы дэсант з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Венгрыі высадзіўся ў парку каля Кургана Бессмяротнасці. Гледачы і ўдзельнікі фестывалю маглі паспрабаваць стравы старадаўніх часоў, паслухаць тагачасную музыку і павучыцца іграць на старых інструментах, праплыць па Дзвіне на ладдзях і дракарах, атрымаць самыя розныя майстар-класы. Самым захапляльным відовішчам былі бітвы: паказальныя манеўры, масавыя баі, турніры сярэдневяковых воінаў і спаборніцтвы лучнікаў.

Нацыянальная літаратурная прэмія
3 верасня на галоўнай сцэне свята адбылося ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Урачыстай цырымоніі папярэднічала літаратурна-музычная кампазіцыя па матывах рок-оперы кампазітара Ігара Лучанка, аранжыровак Уладзіміра Мулявіна, напісаная па паэме Янкі Купалы “Курган”.
Лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2016 года выбіралі з ліку 40 канкурсантаў. У намінацыі “Лепшы твор прозы” пераможцам стала Людміла Рублеўская за раман “Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата”. У намінацыі “Лепшы твор паэзіі” прэмію атрымаў Анатоль Аўруцін за кнігу “Прасвятленне”, у намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” – Міхаіл Пазнякоў за кнігу “Возера Дзіва”. Перамогу ў намінацыі “Лепшы твор драматургіі” заваяваў Васіль Ткачоў за зборнік п’ес “Характары”. Аўтарам лепшага публіцыстычнага твора журы прызнала Зіновія Прыгодзіча за зборнік “Постаці”. “Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій творчасці пісьменніка” Валерыя Назарава перамог у намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”. “Лепшым дэбютам” стаў зборнік “Яблыкі” Маргарыты Латышкевіч.
Уручалі лаўрэатам дыпломы, знакі прэміі і віншавалі іх з перамогай намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр культуры Барыс Святлоў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Эстафету прыняў горад Іванава
Заключным мерапрыемстваў святкавання стала ўрачыстая перадача эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Іванава на Брэстчыне. Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч адзначыла, што сёлетні Дзень пісьменства ў Полацку насычаны мноствам разнастайных мерапрыемстваў. “Наступны Дзень пісьменства юбілейны (XXV), і гэта абавязвае таксама правесці свята на найвышэйшым узроўні”, – падкрэсліла яна.
“Мы ганарымся тым, што ў 2018 годзе месцам правядзення юбілейнага Дня беларускага пісьменства абраны наш горад Іванава – старажытны Янаў, які багаты гістарычнай спадчынай і духоўнымі традыцыямі народа. На Іванаўшчыне пачаўся род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, культурнага і грамадскага дзеяча Напалеона Орды. Наша зямля вырасціла многіх сучасных літаратараў”, – сказаў старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун. Ён выказаў упэўненасць, што Іванава годна прыме гасцей і пазнаёміць са сваёй спадчынай.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №69 ад 05.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *