Доска Почета Шумилинского района: Виктор Улютенко

Актуалии Здоровье Общество

Віктар Улюценка:
“У кожнага на зямлі сваё прызначэнне”
Мы сапраўды ганарымся, што Дошку гонару Шумілінскага раёна сёлета ўпрыгожвае партрэт выдатнага чалавека, высокага прафесіянала-медыка, першага на сённяшні дзень краязнаўцы ў раёне, непаўторнага пісьменніка-журналіста Віктара Васільевіча Улюценкі.

Ён з юнацтва адчуваў у сабе неадольную цягу да ведаў. Любіў гуманітарныя навукі,  але дакладна не ведаў, чаму аддаць перавагу: літаратуры, гісторыі, медыцыне? Адчуваў у сабе сілы зрабіць сур’ёзны ўклад у любым з гэтых накірункаў. І жыццё паказала, што ён здолеў гэта зрабіць. Ён стаў выдатным урачом, дасведчаным краязнаўцам, аўтарам шасці кніг і членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Такіх людзей, як Віктар Васільевіч Улюценка, адзінкі. Маю на ўвазе, з такой патрабавальнасцю да сябе і такой адказнасцю. Сапраўды, трэба мець найвышэйшую свядомасць і вялікую сілу волі, каб ніводнай га-дзіны не змарнаваць, не дазволіць сабе слабасці і ленасці, каб ніводны дзень не трапіў у чарнавікі, а быў напісаны начыста.
Такі старт ён задаў сабе з самага пачатку. Што было тым пачаткам? Свядомае паступленне ў Полацкае медвучылішча, са сцен якога выходзілі спецыялісты найвышэйшага класу? Ці браслаўскі перыяд жыцця? Ён тады прыехаў у Браслаў па размеркаванні, а там адразу прапанавалі ўзначаліць амбулаторны ўчастак. І ён згадзіўся.
“Мяне спыталі: “Пойдзеш?” – успамінае Віктар Васільевіч. – “Пайду”, – сказаў я, і мне зусім не было страшна, я адчуваў у сабе ўпэўненасць. Во дзе была сапраўдная школа медыцынскай практыкі. Штодзённыя выклікі. Хадзіў пешшу, падвозілі на матацыкле, на кані. Зімой спагадлівы возчык на санях прыхопліваў з сабой кажушок для доктара, каб той сам не захварэў. А хуткая з Браслава не ехала, там на выклікі адказвалі: “У вас свой доктар ёсць”.
Затое ён стаў сапраўдным універсалам: і швы навучыўся зашываць, і сківіцы ставіць на месца, і плечавы сустаў упраўляць (11 упраўленых плечавых суставаў за два гады работы!).
Ён з цеплатой азіраецца на гэты перыяд жыцця, успамінае цікавыя эпізоды і кватараванне на хутары ў адзінокай полькі, якая навучыла яго сваёй мове.
У гэты час здарылася яшчэ адна лёсавызначальная па-дзея, наканаваная, як ён упэўнены, богам: ён сустрэў Марыю. Марыя Мікалаеўна пасля ўніверсітэту выкладала замежную мову ў школе, была завучам. Яны неяк адразу зразумелі, што ім будзе ўтульна  ісці адной дарогай. Дагэтуль і не збочваюць.
І азіраючыся назад, Віктар Васільевіч бачыць, што палова яго поспехаў – заслуга Марыі, дакарае сябе, што ўзваліў на яе маладыя плечы вялікую ношу дамашніх і фінансавых клопатаў, сам жа быў апантаны адной мэтай: вучыцца.
З Браслава ў Шуміліна яны прыехалі ўжо ўтраіх – з маленькім сынам. Віктар нейкі час працаваў у санстанцыі, галоўным урачом у бальніцы на Брыкеце, рыхтаваўся да інстытута і здзейсніў сваю мару, паступіў. Як вядома, на медыкаў не вучаць завочна, пяць год стацыянара плюс два гады клінічнай ардынатуры (калі ён працягваў вучыцца і працаваў выкладчыкам ва інстытуце) без падтрымкі яго жыццёвай спадарожніцы не асіліў бы. Праўда, у студэнцкія гады кожнае лета ён ішоў у студэнцкі атрад, ехаў на будоўлі, каб заробіць грошай і звазіць сына з жонкай у Новарасійск на мора, падлячыць.
Дарэчы, у студатрадзе ён неаднойчы быў разам з Канстанцінам Баканавым (цяперашнім галоўным урачом Шумілінскай ЦРБ – аўт.), ездзілі на работы ў Смаленск, атрымалі там нават узнагароды, пра што пісала мясцовая газета “Руднянская праўда”.
Гэта было даўно. З той пары шмат вады ўцякло.  Ён адмовіўся ад намеру пісаць дысертацыю, вярнуўся ў Шуміліна. Сям’я папоўнілася прыгажуняй дачушкай, а ён стаў кардыёлагам, сардэчным доктарам,  ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
Сёння кардыёлагу В. В. Улюценку даводзіцца чытаць у сярэднім па сто кардыяграм за дзень. У базе даных раённых кардыёлагаў сёння захоўваецца 80 тысяч электракардыяграм. Удваіх з медсястрой Яўгеніяй Уладзіміраўнай Хлябновай яны выдатна арыентуюцца ў гэтых сардэчных справах. Ён вельмі высока цэніць работу сваёй памочніцы, спецыяліста з трыццацігадовым стажам, якая яшчэ не заглядваючы ў базу даных, памятае, як працавала сэрца ў пацыента год таму і бачыць, якія змены адбыліся.
Гэта напружаная праца, якая патрабуе ўважлівасці, добрых ведаў і ўрачэбнай інтуіцыі. Бывае, прыходзіць чалавек, робіць кардыяграму і не падазрае, што ў яго перадінфарктны стан. Тады кардыёлаг сам вядзе хворага  да лечачага ўрача, настойвае на тэрміновай інтэнсіўнай тэрапіі ў рэанімацыі. І чалавек жыве сабе далей.
У параўнанні з тым часам, калі ён рабіў першыя крокі ў прафесіі, сённяшняя медыцына з яе дыягностыкай – проста космас, кажа ўрач. Хіба можна тады было ўявіць сабе аперацыю на сэрцы без каплі крыві, як шунціраванне ці стэнціраванне, калі праз пракол у артэрыі катэтар дастаўляе маленькую спружынку ў патрэбнае месца, дзе яна распраўляецца і расшырае прасвет у звужанай артэрыі. А колькі іншых дасягненняў, толькі паспявай сачыць. Ён стараецца быць у курсе і радуецца, што сённяшнія маладыя спецыялісты прыходзяць  выдатна  ўзброеныя сучаснымі ведамі, з імі цікава працаваць.
Наогул жа, адданасць медыцыне ён ацэньвае як вялікую мужнасць. Галоўнае для медыка – гэта цярпенне, кажа ён, яно выпрацоўваецца гадамі, потым прыходзіць міласэрнасць.
Гуманізм – ён у аснове медыцыны і літаратуры, якая крочыць побач з ім усё жыццё. Ён называе сябе пісьменнікам-някрасаўцам: “Лічу сябе літаратарам сярэдняй рукі, някрасаўцам, арыетуюся на народнасць у сваёй творчасці”. Успамінае такі эпізод са свайго дзяцінства: “Непадалёк ад гэтага месца, дзе сёння стаіць раённая бальніца, за сасоннікам раслі дурніцы, і мы з бабуляй хадзілі іх збіраць. Аднойчы на балоце нас заспела навальніца. Бабуля вельмі хвалявалася, што я спужаюся і ўвесь час малілася. І я, сямігадовы, зачараваны магутнай прыгажосцю стыхіі, запомніў словы, што яна шаптала:
“Уноси ты, ветер,
Тучу градовую;
Сбереги нам, боже,
Ниву трудовую!”.
“Гэта малітва?” – спытаў я. – “Гэта верш Някрасава, – адказала яна, – у вёсцы ўсе так моляцца ў навальніцу”.
Пазней ён даведаўся, што бабуліна малітва ўзята з верша “Ніва” рускай паэтэсы Юліі Жадоўскай. Але, можа, менавіта шчырасць паэтычных радкоў, прынятых народам за малітву, і стала той іскрай, якая потым разгарэлася ў душы, распаліла яго прагу да  літаратуры, да рускага, далеўскага слова, да народных паданняў і гісторыі продкаў, да духоўнай існасці чалавека.
Сказы, паданні, песні Антона Параскевіна (пад такім псеўданімам друкуе свае творы В. В. Улюценка) вядомы не толькі шумілінскаму чытачу па публікацыях у раённай і абласных газетах, у рэспубліканскіх часопісах, па выдадзеных кнігах “Светлозор”,  “Августовская купель”, “В краю каменных исполинов”, “Камни говорят”, “Камнецвет не увядает”, “Валуны родной сторонки”.
Вядомы Віктар Улюценка і сваім вялікім духоўным падзвіжніцтвам, менавіта дзякуючы яму і яго аднадумцам мы маем сёння Пяценку і нават запрашаем туды тэлебачанне. Але хіба раскажаш пра ўсе яго скораныя вышыні ў невялікім газетным артыкуле! Тут трэба пісаць кнігу.
А сам ён на пытанне, якія дасягненні лічыць галоўнымі, кажа: “Бескарыслівую дапамогу – духоўную ці фізічную, няважна, галоўнае, бескарыслівую. Удалося вылечыць чалавека, скажы дзякуй Богу, і не ганарыся і не хваліся гэтым. Стаў чалавек духоўна чысцей ад напісаных табой радкоў – не чакай лаўровых вянкоў, ты проста зрабіў, тое што павінен быў зрабіць. У кожнага на зямлі сваё прызначэнне”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №46 ад 14.06.2019 г.