Читатель просит помощи. «Бомжатник» в деревне Язвино.

Общество

"Бомжатник" в пустующей квартире

“Што рабіць з бамжатнікам, не ведаем…”
Дому, пра які пойдзе гаворка, больш за трыццаць гадоў. Ва ўзросце няма нічога трагічнага, калі б не такія-сякія “дробязі”, якія псуюць настрой жыльцам, не знімаюць трывожныя пытанні ў пару зімовых халадоў.
Гаворка пра дом № 5 па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Язвіна. Гаспадыня кватэры № 2 Г. Г. Анісімава перш чым расказаць аб праблемах дома, павяла ў падвал свайго пад’езда. Там стаіць вада, перамешаная з каналізацыйнымі сцёкамі. “Вось на такой “бомбе” жывём усе трыццаць гадоў, — скардзіцца жанчына. — Праўда, калі засяліліся, год-другі пацешыліся шчасцем. Цяпер гора. Звонім, прыязджаюць, бочку адпампуюць і ўсё. Зноў звонім. На нас глядзяць, як на шкоднікаў…”
Жанчыну хвалюе сметнік, які побач, за сцяной, у кватэры, дзе гады тры ніхто не жыве. “Бамжатнік”, — так яна называе гэтыя “апартаменты”. Г. Г. Анісімава адчыняе дзверы (яна іх замыкае, каб не збіраўся тут розны  непрыстойны люд), і адразу вачам адкрываецца змрочная карціна. У адным пакоі горы рыззя (на здымку), ад якога тхне смуродам, у другой — тапчан, які, магчыма, помніць пасляваенную разруху, пабітыя шыбы рам у вокнах… “Вось ад гэтай сцяны, — паказвае жанчына, — у нашай кватэры сырасць. Колькі ні прапальваем. У нас дзве печкі, іх сама перакладвала. Вось паставілі за свае грошы жалезныя дзверы, глядзім за парадкам у пад’ездзе, а што рабіць з бамжатнікам, не ведаю.”
Такое страхоцце ў трох кватэрах, што пустуюць у доме № 5. Непрывабная сітуацыя не толькі тут, абшарпаныя ўсе дамы-двухпавярхоўкі ўздоўж бойкай трасы, да іх  больш пільнай павінна быць увага камунальнікаў. “У свой час людзей абнадзеілі, — каменціруе сітуацыю начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама В. С. Селязнёў. — Паабяцалі, што ёсць дамоўленасць з аблгазам на пракладку газу ў Язвіна. Але планы сарваліся: дорага. А весці трэба было ветку з Башнёў. Вось калі б быў аграгарадок… Так што пачакаем: можа, прыйдзе “залатая“ пара для такіх вёсак, як Язвіна…”.
А пакуль важна разабрацца з такімі кватэрамі, як тая, куды завяла нас Г. Г. Анісімава. Каб не былі яны расаднікам хвароб і заразы, каб ахаваць  незаселенае жыллё ад бамжоў і людзей, якія могуць учыніць тут папойкі і пажары. Каб  без трывог  жылі    людзі, якім  лёс наканаваў жыць па-суседску з такімі “атэлямі”…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №94 ад 06.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *