22 июня в Шумилинском районе похоронили двух неизвестных воинов Великой Отечественной войны

Актуалии

Мемориал в деревне Тропино

Дзень смутку. Дзень памяці. Дзень пашаны.
22 чэрвеня – у гэты дзень 71 год таму страшная вайна прыйшла на зямлю Беларусі, Савецкага Саюза. Вайна ўнесла мільёны жыццяў, пакінула разбураныя гарады і вёскі,  пасіраціла сотні тысяч дзяцей.  Доўгія тры гады вораг таптаў беларускую зямлю. Цаной вялікіх ахвяр і вялікага подзвігу савецкіх воінаў, партызан, падпролшчыкаў, працаўнікоў тылу кавалася перамога. Вызваленне прыйшло толькі ў 1944 годзе. У самым пачатку аперацыі “Баграціён”, 23 чэрвеня 1944, быў вызвалены наш раён. Дзесяткі воінскіх пахаванняў, мемарыялаў, брацкіх могілак, у якіх ляжаць нашы вызваліцелі, засталіся на Шуміліншчыне.
Менавіта 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, адбылося перапахаванне астанкаў двух воінаў, загінуўшых у гады вайны і знойдзеных сёлета ў вёсцы Сянькова Сіроцінскага сельсавета. Ля мемарыяла ў вёсцы Тропіна, сабраліся жыхары навакольных вёсак, дэлегацыі з прадпрыемстваў і арганізацый Шумілінскага раёна. “10 306 воінаў пахаваны на тэрыторыі нашага раёна, імёны больш чым двух тысяч застаюцца невядомымі да нашага часу. – адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. – З 2006 года ўдалося ўстанавіць імёны і ўвекавечыць 527 салдатаў Савецкай Арміі, што вызвалялі наш раён. Толькі ў брацкіх могілках у Тропіне пахаваны больш за 1600 чалавек”.  Ён зачытаў вытрымкі з ваенных данясенняў і планаў аб падрыхтоўцы і пачатку разгортвання аперацыі “Баграціён” у раёне Сіроціна-Шуміліна.
Ваенны камісар раёна Алег Чарняўскі расказаў, што за тры апошнія гады знойдзены 4 невядомых раней воінскіх пахаванняў, у якіх былі знойдзены астанкі 16 чалавек, 8 імёнаў удалося ўстанавіць. Вайна пастаянна нагадвае пра сябе – штогод на тэрыторыі раёна выяўляецца і знішчаецца больш за 100 боепрыпасаў.
На мітынгу выступілі кіраўнік Сіроцінскага сельвыканкама Вольга Пастарнакова, старшыня раёнай ветэранскай арганізацыі Кацярына Палоўнікава, першы сакратар райкама БРСМ Андрэй Пахамовіч. Быў праведзены царкоўны абрад адпявання воінаў, “голавы свае паклаўшыя за веру і Айчыну”. На магіле невядомых воінаў устаноўлена пліта з надпісам “Вечная памяць воінам, паўшым у баях за Радзіму”. Ускладзены вянкі і кветкі . У гонар воінаў прагучаў ружэйны салют.
Пад гукі духавога аркестра вайсковым маршам прайшлі салдаты 103 гвардзейскай мабільнай брыгады, якія ўдзельнічалі у жалобным мерапрыемстве.
Кажуць, што вайна не скончаная, пакуль не пахаваны апошні салдат. Колькі яшчэ невядомых воінаў ляжыць у зямлі, колькі іх будзе знойдзена і перапахавана. Але мы памятаем пра іх, шукаем іх, адкрываем імёны тых, хто аддаў жыцці за за свабоду і незалежнасць нашай Бацькаўшчыны, за наша мірнае жыццё. І гэтая памяць жыве ў пакаленнях, не спыняюцца пошукі, а значыць магчыма будуць знойдзены астанкі апошняга героя, будзе ўстаноўлена і ягонае імя. І скончыцца вайна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *