«Мы с мамой чудом остались живые». Воспоминания жителей «огненной» деревни Барсуки на Шумилинщине

80 лет Великой Победы Беларусь помніць Край шумілінскі Общество

«Мы з мамай цудам  засталіся жывымі»

Обелиск на месте сожжённой фашистами деревни Барсуки Шумилинского района

«Мы з мамай цудам засталіся жывымі, – падзялілася ўспамінамі Антаніна Елісеенка, якой мы патэлефанавалі ў Магілёўскую вобласць, дзе яна жыве зараз. – Я ўраджэнка вёскі Барсукі, нарадзілася ў 1937 годзе.

Па стане здароўя не магу прыехаць на малую радзіму, але пастаянна трымаю сувязь са старшынёй Обальскага сельвыканкама Сяргеем Мураўёвым па тэлефоне. Добра памятаю, як у нашу вёску прыходзілі партызаны. Людзі дзяліліся з імі ежай і адзеннем. Аднойчы, калі прыехалі паліцаі, маці схавала партызан у падмосце, куды сыпалі на зіму бульбу.

24 чэрвеня 1942 года нас з мамай уратаваў бог. Мая бабуля, якая жыла ў суседняй вёсцы Астравы, захварэла, і мы з мамай з раніцы накіраваліся туды. А ўжо а дванаццатай гадзіне з Барсукоў пачалі чуцца стрэлы, а потым з-за лесу ў неба ўзнялося полымя. У пяцігадовым узросце я тады не ўсведамляла, што гэта такое. Але па плачы і прычытаннях мамы і бабулі зразумела: нешта страшнае. Калі дом у Барсуках падпалілі, пад сілай людскога напору былі выламаны дзверы, падпёртыя віламі. Вяскоўцаў расстрэльвалі на месцы. Там загінулі мае дзядуля і бабуля па бацькавай лініі, яшчэ сем сваякоў.

Мая сваячка Каця Елісеенка, якой тады было дзевяць гадоў, цудам ратавалася – пакуль стралялі ў дарослых, яна збегла да лесу, хавалася там, а потым прыйшла ў Астравы. А яе сям’я загінула – маці, бацька, дзядуля, брат Пеця, сёстры Жэня і Валя. Дарэчы, Валечцы было ўсяго тры месяцы. Яна згарэла ў агні. Мама расказвала, што ў той трагічны дзень 24 чэрвеня 1942 года загінулі 13 дзяцей з нашай вёскі, астатнія былі жанчыны і мужчыны сталага ўзросту (маладзейшыя былі ў партызанах ці на фронце)».

Пра страшную трагедыю вёскі Барсукі па расказах маці памятае і Валянціна Мірачко (у дзявоцтве Елісеенка), якая зараз жыве ў Віцебску. Жанчына расказала пра свайго бацьку Івана Елісеенку, пра цётку Еўдакію Барадзюлю (абодва ўраджэнцы Барсукоў), якія змагаліся ў партызанскім атрадзе. Падзякавала работнікам Обальскага сельвыканкама і землякам, якія даглядаюць грамадзянскія могілкі ў Барсуках і шануюць памяць загінуўшых.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *