13 сентября — Международный день памяти жертв фашизма. «Расстрелян, замучен, убит…», – судьбы людей за именами на обелиске.

80 лет Великой Победы Беларусь помніць Край шумілінскі Общество

Расстраляныя, замучаныя, закатаваныя…

Памятник погибшим землякам в агрогородке Слобода Шумилинского района.

У аграгарадку Слабада на вуліцы Прыазёрнай узведзены помнік загінуўшым землякам – у гонар усіх, хто змагаўся ў партызанскіх атрадах, на франтах, працаваў у тыле, трымаў сувязь з партызанамі, бязвінна расстраляны фашыстамі. У архівах Сіроцінскага сельвыканкама захоўваюцца падрабязныя звесткі пра землякоў, якія загінулі ў вайну.

Трымаем у руках пабляклы ад часу школьны блакітны сшытак у клетачку. На тытульным лісце чытаем: «Спіс грамадзян, партызан, падпольшчыкаў, сувязных, загінуўшых на тэрыторыі саўгаса “Сіроцінскі” ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1941-1945 гадах». Гэта 110 лёсаў мужных і смелых людзей, якія загінулі па розных прычынах.

Многія вяскоўцы трымалі сувязь з партызанамі – пяклі ім хлеб, дапамаглі адзеннем, выраблялі лыжы для партызан, перадавалі звесткі пра месца размяшчэння ворага. За гэта паплаціліся жыццём Афанасьеў Цімафей Цімафе

евіч з в. Дворышча, Белагалоўкін Якаў Сямёнавіч з в. Чысці, Бяляеў Іван Дзмітрыевіч з в. Пухі і многія іншыя. Афанасьева Кацярына Лазараўна з в. Слабада расстраляна немцамі за тое, што яе сын быў у партызанах. Сям’я Буравых – Наталля Васільеўна і Якута Карпавіч з в. Давыдзёнкі – друкавалі і распаўсюджвалі лістоўкі, за што расстраляны немцамі ў 1942 годзе. Гутарэнка Іван Яфімавіч з в. Ермачкі павешаны немцамі ў в. Казьяны ў 1942 годзе за сувязь з партызанамі. Ляпёшкін Іван Міхайлавіч з вёскі Пухі ў 1941 годзе дапамог савецкаму лётчыку пераапрануцца і ўцячы ад немцаў. Пры вобыску фашысты знайшлі адзенне лётчыка, дом падпалілі, гаспадара расстралялі.

Сіманенка Аляксандр Логвінавіч з в. Грабніца забіты немцамі ў 1942 годзе на Белым возеры пры дастаўцы снарадаў у партызанскі атрад «За перамогу». Ізафатава Ірына Кузьмінічна з в. Дворышча была сувязной партызанскага атрада імя Кароткіна. Па чыімсьці даносе немцы схапілі яе і расстралялі паміж вёскамі Слабада і Дворышча ў 1943 годзе.

Як сведчаць сабраныя звесткі, многія вяскоўцы змагаліся ў партызанскіх атрадах і не вярнуліся з вайны. Так, Баравікоў Рыгор Іванавіч з в. Дворышча быў падрыўніком, загінуў у пачатку 1943 года на чыгунцы пры выкананні баявога задання. Ізафатаў Аляксандр Кузьміч з в. Чысці, які быў у партызанскім атрадзе імя Кароткіна камісарам, таксама загінуў у баі. Лабачоў Анатоль Мяфодзьевіч з в. Навасёлкі ў 1942 годзе пайшоў у партызаны, загінуў у баях за радзіму пад Ушачамі.

Баравікоў Іван Іосіфавіч з в. Дворышча пры наступленні немцаў быў забіты снарадам недалёка ад дома. Шчарбічэнку Арцёма Пятровіча з в. Пухі немцы прынялі за дэсантніка, доўга катавалі, а потым расстралялі. Дзюба Лукер’я Кузьмінічна з в. Чысці пры эвакуацыі ў 1941 годзе была паранена і памерла ад ран.

Чытаеш радкі са сшытка, якія сёння ўжо сталі гісторыяй, і становіцца страшна ад жахаў вайны. Расстраляны, замучаны, загінуў, павешаны, закатаваны… У такія хвіліны асабліва востра адчуваеш, як важна берагчы мір – самае галоўнае, чаго мы жадаем для сябе і іншых.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *