Заседания общественного пункта охраны порядка и наблюдательной комиссии прошли в Шумилино

Актуалии Общество Президент

Адбыліся пасяджэнні раённага грамадскага пункта правапарадку і раённай назіральнай камісіі. Абодва пасяджэнні вёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Трэба сказаць, як журналіста, мяне непрыемна здзівілі факты чалавечай абыякавасці, жаданне некаторых людзей не працуючы мець даброты, быць нарывам, калі хочаце, на целе грамадства. Але аб усім па парадку.
Пра жыццёвыя выпадковасці…
У кабінет па чарзе заходзяць людзі. З выгляду звычайныя, акуратна апранутыя, сарамліва стаяць у парозе. Іх запрашаюць садзіцца, і льецца з іх вуснаў, як з рогу дастатку, гісторыя за гісторыяй. Усё больш  захапляльныя, а ўсё ж трагічныя па сваёй сутнасці. Трагічныя ў тым плане, што калечыцца чалавечы лёс. І не толькі аднаго, запрошанага на пася-джэнне грамадскага пункта правапарадку, – усіх,  з кім жыве гэты чалавек, хто некалі верыў у яго.
Проста шакіруе, што з  шасці субяседнікаў чацвёра – моладзь. Адна маладая жанчына, у якой двое дзяцей, наладзіла 15-годдзе свайго вяселля. Муж яе гэты  “экзамен” вытрымаў,  а яе, пад добрым градусам, спыніла міліцыя: абражала лю-дзей сваім выглядам. Гэты факт можна было і не разглядаць: з кім не бывае, калі б п’янка праз месяц не паўтарылася. Зноў знайшлася нагода: яна з сям’ёй пераехала нядаўна на новы адрас, а тут сустрэлася былая суседка. Ну, як адмо-вішся пасядзець? Пасядзелі,  зноў пратакол. Жанчыну запрасілі для гутаркі. Хаця сама яна пераканана: усё выйшла выпадкова.  Жанчына казала, што ёй сорамна, прасіла ўмольна не перадаваць пра гэтыя ўчынкі ў школу, дзе вучыцца сын. У яе будзе паўгода, каб пераканаць і настаўнікаў, і іншых адказных асоб у тым, што яна клапатлівая маці і што чарка для яе – вораг нумар адзін.
Малады хлопец сеў п’яны за руль. Яму 28. Сям’і пакуль не мае. Правы забралі, штраф – 3,5 мільёна. Штраф пачаў выплачваць. Раней круціў баранку, зараз цягае дрот, лазіць па слупах, зарплата стала намнога меншай. Ну, чым не доказ, каб падумаў перш чым выпіць, вяртаючыся з камандзіроўкі?
А гэты – яшчэ зусім юнак. Працуе ў Маскве. Прыязджае з грашыма і “расслабляецца”. У першы дзень 2013-га так “расслабіўся”, што ўчыніў бойку з братам, які прыехаў у госці з Расіі.  Вінаваціў “грымучую сумесь” – змяшаў у той вечар віно, шампанскае і гарэлку. Аказваецца, гэты “капрыз” (маецца на ўвазе чарка ў спалучэнні з мацюкамі і бойкамі) у яго яшчэ з вучнёўскай пары…
У кабінет заходзіць маладая маці. Яна згубіла мабільнік, выклікала міліцыю. Мабільнік неўзабаве знайшоўся, дзяўчыне вынеслі абвінавачванне – заведама лжывы выклік. Прычым дзяўчына была пад градусам. З мужам яна жыць не хоча, сказала – лепш ужо адна. Шукае працу, хаця ніякай спецыяльнасці ў свае 21 год яна так і не атрымала.
Яшчэ ў дваіх, хто прыйшоў для гутаркі, – “звычайныя выбрыкі” дарослага чалавека. Мужчына – грузчык, сустрэў сябра. Прайшлі праз “Надзею”, дзе выпілі паўбутэлькі, астатнюю запіхнуў за пояс. Адышоў крокаў дзесяць, упаў, выцяўся бокам. Прасіў дапамогі. А тут і міліцыя. За другога “малайца”, якому за пяцьдзясят, прыйшла матуля, доўга расказвала пра сынавы пакуты і нягоды (з арміі вярнуўся хворы, адтуль у яго і ўсе беды), пра тое, што “збасцяўся”, бо без сям’і. Выпіў, бадзяўся па вуліцы Сіпко. Зараз знайшоў работу ў Віцебску…
…І махровага нягодніка
Прыкладна такая ж гутарка “па душах” была на  пасяджэнні назіральнай камісіі, хаця  ўжо з кантынгентам іншага “пакрою”: у каго за спінай крымінал. Адзін вярнуўся з месцаў не такіх ужо і аддаленых, афіцыйна ўладкавацца на працу не можа, затое знаходзіць час і нагоду для выпіўкі, учыняе ў сям’і скандалы. Не можа сам знайсці работу і другі мужчына, які  ў росквіце сіл і здароўя. Кінуўся ў ААТ “Лаўжанскае” – не ўзялі, у Обалі таксама адмовілі. Бо рэпутацыю чалавек за свае 30 з хвосцікам нажыў далёка не самую прыстойную. Даводзіцца старшыні раённай камісіі, намесніку старшыні райвыканкама А. М. Зайцаву тэлефанаваць кіраўнікам, упрошваць, пераконваць.
Вось заходзіць у кабінет мужчына, на выгляд даўно пенсіянер, але да пенсіі яшчэ чатыры гады. Знасіўся, састарыўся, але не ад работы, па ўсім відаць, ад яе ўвільвае. А працаваць абавязаны – у яго папраўчыя работы. “На Обальскі ўчастак камунгаса не пайду, –  мужчына катэгарычны. – Там мужчыны на саначках развозяць пясок для падсыпкі дарогі. Мне такім займацца сорамна. Гэта жаночая работа…”. Жалезны аргумент, што і казаць…
А гэты хлапчына – сірата. Прыгожы, як анёл, чарнявы, сядзіць, апусціўшы сарамліва вочы долу. Пасля “разгавеўся” на расказ пра сваё жыццё. За свае 19 гадоў перажыў нямала. Пайшоў на кра-дзеж, абмежавалі свабоду. Працаваў  у КБА, не паладзіў з брыгадай. Уладкаваўся ў прыватную фірму рамшчыкам, але і там не склеілася. Яму не хочацца працаваць сталяром (“коркі” ў віцебскім каледжы так і не забраў), але ў юнака выбару пакуль што няма, бо ён “паднаглядны”. Вось міне тэрмін, вызначаны судом, тады   можна хоць на ўсе чатыры бакі.
І апошні штрых да размовы. Жанчына адрэкамендавацца не захацела, але члены камісіі, ведаючы, пра каго яна расказвае, даслухалі маналог жанчыны да канца. “Ён жа махровы нягоднік, – бяз-літасна казала яна. – Сядзіць, ссе матчыну кроў. А ёй ужо больш як 90. Пашкадуйце старасць!..” Аказваецца, мужчына не працуе, даўно адвык працаваць. Затое прывык жыць і піць за пенсію матулі. Скандаліць. З такім утрыманствам даўно трэба заканчваць.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №6 ад 22.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *