Спяваем з аркестрам

20 сакавіка ў Шуміліне прагрымеў сапраўдны аркестр душы.
І складаўся ён з 26 музычных калектываў Віцебшчыны. Шумілінскі раённы цэнтр культуры гасцінна прыняў у сваіх сценах 17 раёнаў, якія прыехалі на абласны конкурс аркестраў народных інструментаў «Спяваем з аркестрам‑2026».
У фае РЦК з самай раніцы было шматлюдна. Аднак атмасфера, нягледзячы на вялікую колькасць новых асоб, здавалася па-дамашняму цёплай: Шумілінскі дом рамёстваў прапаноўваў свежую выпечку і гарачыя напоі, а прадстаўнікі інфармацыйна-турыстычнага цэнтра раёна знаёмілі з цікавымі лакацыямі нашага рэгіёна і запрашалі іх наведаць.
Канцэртную праграму ўрачыста пачаў аркестр народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў № 1 г. Наваполацка пад кіраўніцтвам Іны Лабоха і ўзорнага хору «Світанне». Прывітальным словам адкрылі конкурс намеснік начальніка аддзела работы арганізацый сферы культуры, начальнік аддзела ўпраўлення культуры аблвыканкама Наталля Буланчыкава і загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Ласянкова.
На працягу дня музыкі Віцебшчыны здзіўлялі гледача і журы сваімі талентамі. З аркестрам не толькі спявалі, але і танцавалі, і чыталі вершы. Фармат жывога выканання надаваў песням маштаб насць, глыбокае гучанне і эмацыянальнасць, характэрныя для канцэртаў з народным аркестрам. Класічныя арыі, папулярныя эстрадныя хіты, народныя песні і іншыя музычныя кампазіцыі, выкананыя трыа, дуэтам і сола, былі прадстаўлены на суд прафесійнага журы. Гэты стыль выканання дазволіў удыхнуць новае жыццё ў вядомыя творы, робячы іх больш урачыстымі і аб’ёмнымі. Кожнае выступленне адрознівалася дзякуючы жывой аранжыроўцы і ўзаемадзеянню дырыжора, саліста і музыкантаў.
Шумілінскі раён завяршаў маштабны музычны конкурсны дзень. Узорны баянны аркестр Шумілінскай ДШМ пад кіраўніцтвам Святланы Чартковай заняў свае месца на сцэне, а Ягор Букаў горда прачытаў верш «Нас дваццаць мільёнаў» Расула Гамзатава. Сваім эмацыянальным выкананнем песні «Васільковае неба» і пранікнёным голасам уразіла ўсіх салістка Ірына Галубоўская.
Яркім кульмінацыйным момантам стала выступленне народнага аркестра народных інструментаў Шумілінскай ДШМ пад кіраўніцтвам Жанны Шадурскай і пачуццёвае чытанне аўтарам Ганнай Каламіец прозы «Жанчына». Гэта быў самы сапраўдны гімн беларускай жанчыне, які трэба выконваць толькі пад жывы аркестр! А «Песня застаецца з чалавекам» у выкананні вакальнай групы: дырэктара Шумілінскай ДШМ Алены Сцяпанавай і педагогаў Алены Фёдаравай, Паліны Паскінай, Нэлі Жаваранкавай і Вольгі Куст урачыста завяршыла творчы дзень.
Вынікі конкурсу будуць падведзены ў бліжэйшы час і апублікаваны на афіцыйным сайце Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

