Прывязе прадукты і ў дом занясе

Невялікія населеныя пункты раёна, дзе няма стацыянарных магазінаў, абслугоўваюць аўталаўкі Бешанковіцкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. На адным з маршрутаў працуе Віктар ШЫРОКІ, вадзіцель і прадавец аўтамагазіна. Каб сказаць яму словы ўдзячнасці за добрую работу, у рэдакцыю завіталі жыхары в. Саладухі Пушчавыя Светласельскага сельсавета, патэлефанавалі таксама і жыхары вёскі Лялюгі Дабейскага сельсавета.
На кожны дзень у вадзіцеля аўталаўкі распісаны свой маршрут. Ён абслугоўвае вёскі Каўлякоўскага і Светласельскага сельсаветаў, часткова –. Дабейскага. Усяго за тыдзень аб’язджае па два разы 47 населеных пунктаў раёна.У дзень нашай сустрэчы з аўталаўшчыкам у яго быў адзін з самых доўгіх маршрутаў – Войлавічы, Лялюгі, Сосніна, Бараноўскія, Кавалеўшчына, Яцукі, Мамойкі, Стралкі, Дворышча, Стрэлка, Заручэўе, Горкі, Доўгая Ніва. Усяго за дзень трэба праехаць больш за 120 кіламетраў. На аўталаўцы Віктар Шырокі працуе больш за дваццаць гадоў. Раней быў толькі вадзіцелем, а ў сувязі з кадравымі праблемамі стаў і прадаўцом. І, трэба сказаць, у яго атрымліваецца. Людзей ведае па імені ці прозвішчу.
Кажа, што «Пятроўна любіць пернікі», а «Генадзьеўна кожны раз купляе марожанае». Вяскоўцам даспадобы, што Віктар і раённыя навіны раскажа, і пажартуе, і параду дасць па вырошчванні гародніны (жыве сам у Добрыне, мае вялікі агарод і гаспадарку).
Разам з аўталаўкай мы пабывалі ў некаторых вёсках і даведаліся, што купляюць людзі. У Лялюгах, напрыклад, адзін з хадавых тавараў – бульба. Вяскоўцы расказалі, што вырашчаную на сваім агародзе ўжо з’елі (летась быў дрэнны ўраджай), вось і купляюць у аўтамагазіне па 1,01 руб. за кілаграм. А ўвогуле бяруць усё – малако, хлеб, каўбасу, макарону, муку.
«Мы вельмі задаволены прадаўцом аўталаўкі, – адзначыла старэйшына вёскі Марыя Лялюга. – Ён вельмі ўважлівы да людзей і спагадлівы. Прывязе нам прадукты і ў дом занясе. Для многіх, хто мае праблемы са здароўем і жыве адзін, гэта вельмі важна. У нашай вёсцы аўталаўка прыпыняецца ў трох месцах – каб зручна было пакупнікам, бо ў пераважнай большасці людзі ў нас сталага ўзросту».
Жыхары Сосніна расказалі, што раней ў вёсцы быў адзін прыпыначны пункт аўталаўкі, а цяпер зрабілі тры, улічваючы шаноўны ўзрост пакупнікоў.

«Дзякуй Віктару Яўгенавічу за добрае абслугоўванне, – сказала ўдзячнае слова Таццяна Несцярэнка. – Я прыязджаю да маці з Віцебска і часта наведваю краму на колах. Не супермаркет, зразумела, аднак неабходныя прадукты ёсць. У аўталаўцы касавы апарат, выдаюць чэкі, можна разлічыцца і банкаўскай карткай».
Хоць зараз вясковыя дарогі месцамі гразкія, але праехаць можна ўсюды. Горш было аўталаўцы зімой у час галалёду. Бывала, што толькі да пачатку вёсак даязджаў, а тады трымаў сувязь з сацыяльнымі работнікамі, якія прыходзілі да аўтакрамы і бралі прадукты для падапечных. Нярэдка і буксаваў, як было на Каўлякоўшчыне. Тэлефанаваў старшыні Каўлякоўскага сельсавета Віктару Калыхану, які неаднойчы выручаў – дасылаў на дапамогу прыватніка на трактары.
Віктар Шырокі часта прывозіць вяскоўцам тавары па індывідуальных заказах – торты, камбікорм для жывёл, фарбу, веласіпедныя камеры. Іншы раз просяць сталыя людзі і лекі ў аптэцы купіць – не адмаўляе па дабраце душэўнай. Ён заўсёды з вяскоўцамі на сувязі – тавар можна заказаць напярэдадні прыезду. А ў Бараноўскіх ёсць і нетэлефонная, так званая вясковая сувязь: калі вісіць пакет на агароджы, то каля гэтага дома трэба прыпыніцца – тут хочуць купіць прадукты.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
КАМПЕТЭНТНЫ КАМЕНТАРЫЙ
– Віктар Шырокі – добрасумленны работнік, камунікабельны, заўсёды выконвае даведзены план, сочыць за спраўнасцю аўталаўкі і сам яе рамантуе, – кажа спецыяліст па арганізацыі і тэхніцы гандлю Бешанковіцкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства Таццяна Лакціёнава. – Бываючы на маршрутах, часта чую ад вяскоўцаў такую фразу: “Наш Віцечка прыехаў!”. Для 606 жыхароў раёна, якіх абслугоўвае, ён стаў сваім – душой прыкіпеў да вясковых пакупнікоў. Заслужыў павагу ўважлівасцю, дабрынёй, адказнасцю. Кіраўніцтва цэніць Віктара Яўгенавіча і ганарыцца, што ён працуе ў нас.
