На каких дорогах появится асфальт, а где отремонтируют дворы и тротуары?

Главное Новости Экономика

Асфальт ідзе!  Гарачы сезон стартаваў

Ремонт дороги в деревне Польковичи.

Рамонт дарог работнікі ДРБУ-204 распачалі яшчэ ў канцы лютага, як толькі пачаў сыходзіць снег. 

У сакавіку планы былі адкарэкціраваны, і мы даведаліся ў начальніка ДРБУ-204, дзе і якія ўчасткі дарог будуць адрамантаваны. Бягучы рамонт. На бягучы рамонт грошы – 6,5 мільёна рублёў – выдзелены з трох крыніц: абласнога бюджэту, міжбюджэтных трансфертаў і рэспубліканскага дарожнага фонду. «Такая ж сума была і летась, за сродкі давядзём да ладу 25 кіламетраў мясцовых дарог, – расказаў начальнік ДРБУ‑204 Уладзімір Раманаў. – За люты‑сакавік зрабілі рамонт гравійнага пакрыцця на ўчастку Лявонава‑Убоіна (570 м) і на дарозе паміж вёскамі Гародна і Стралкі (1,6 км). У сакавіку заасфальтавалі ўчастак дарогі ў Полькавічах (амаль 600 м). На днях прыступаем да работ на ўчастку аўтадарогі Мішкавічы‑Забар’е (1,3 км). Паміж вёскамі Мікалаева і Мішкавічы гравійная дарога будзе часткова пераведзена ў асфальтабетоннае пакрыццё.

Плануецца бягучы рамонт участкаў аўтадарог Шуміліна‑Сіроціна, Віцебск‑Сіроціна, Шуміліна‑Слабада. Будзе пакладзены асфальт па вуліцы Камсамольскай у Мішневічах, у в. Улазавічы (у межах населенага пункта). На ўчастку дарогі Башні‑Язвіна гравійнае пакрыццё плануюць перавесці ў асфальтабетоннае.

Утрыманне мясцовых дарог. На гэтыя мэты выдзелена 1,7 мільёна рублёў. Прыкладна 40% сродкаў пайшло на зімовае ўтрыманне дарожнай сеткі – ачыстку дарог, прыпыначных пунктаў, мастоў, падсыпку. Астатнія накіраваны на рамонт грунтавых дарог, гравійных і з асфальтабетонным пакрыццём. Пасля зімы асфальтаваныя дарогі больш‑менш выстаялі, рамонту патрабуецца нямнога. Дарожнікі правялі ўжо ямачны рамонт на ўчастку Башні‑Цербяшова, плануецца месцамі ў Мішкавічах.

Работа на лета – пафарбаваць масты, паўсотню аўтапавільёнаў, 80 пасадачных пляцовак. Працягваюцца работы і па выдаленні кустоў (з пачатку года высеклі 16,5 тыс. м кв.). Будуць устанаўлівацца новыя дарожныя знакі (больш за 100), рамантавацца водапрапускныя трубы, падсыпацца праблемныя месцы гравійнага і грунтавога пакрыцця.

Добраўпарадкаванне вуліц і дваровых тэрыторый. На навядзенне парадку на вуліцах і ў дварах населеных пунктаў раёна з раённага і абласнога бюджэтаў будзе выдзелена 1,4 мільёна рублёў. У красавіку работнікі нанова заасфальтуюць дарогу па завулку С. Т. Пальвінскай (каля «Санты»). Потым прыступяць да бягучага рамонту дарогі па вул. Камунальнай (ад перакрыжавання Дубасарскага‑Камунальная да новабудоўляў). Будзе заасфальтаваны пад’езд да Дварышчанскіх могілак (за Шумілінскім возерам). У Дабеі заасфальтуюць вуліцу Цэнтральную, у Сураўнях – участак дарогі па вул. Цэнтральнай, у Слабадзе – двары каля шматпавярховага жылля па вуліцах Афанасьева і Прыазёрнай. Будзе праведзены рамонт двароў у аг. Мікіціха (вуліцы Юбілейная і Цэнтральная).

Увага – Обалі. Асаблівую ўвагу дарожнікі ўдзеляць навядзенню парадку на дарогах і дваровых тэрыторыях у гарадскім пасёлку Обаль. На бягучы рамонт мясцовых дарог выдзелены 1,1 млн. рублёў з абласнога бюджэту, міжбюджэтных трансфертаў, рэспубліканскага дарожнага фонду. 800 тысяч рублёў з раённага і абласнога бюджэтаў пойдуць на рамонт вуліц і дваровых тэрыторый, якія знаходзяцца на балансе УП ЖКГ. Будзе адрамантавана дарога па вуліцы Вышалескага (ад уезду ў Обаль да будынка мясцовага лясніцтва), заасфальтаваны тратуарныя дарожкі. Два бетонныя аўтапавільёны заменяць на металічныя, установяць новыя пасадачныя пляцоўкі.

Работы ў Обалі распачаліся – рыхтуюць да асфальтавання (гэтыя работы запланаваны на другую частку красавіка) пешаходныя дарожкі.

Будуць таксама заасфальтаваны вуліцы Зяньковай, Дружбы, Даўмана, Фабрычная, Міру, Паддубная. Ляжа асфальт на многіх дваровых тэрыторыях каля шматпавярховых дамоў – на вул. Першамайскай, Леніна, Дружбы, Зяньковай, Паддубнай, Прыазёрнай, Афанасьева, Вышалескага, Даўмана.

Плануюць асфальтаваць частку аўтадарогі Быкі‑Казьяны‑Обаль (ад вул. Вышалескага да маста), зрабіць пад’езд да могілак Зуі.

Аб’ёмы работ у раённых дарожнікаў уражваюць. Працаваць прыйдзецца ў напружаным рытме да самай восені, адзначыў Уладзімір Раманаў.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *