Ветераны-моряки Шумилинщины отметили День памяти погибших подводников

Общество

Памяці маракоў-падводнікаў

7 красавіка ў раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў адзначылі Дзень памяці загінуўшых падводнікаў.

Гэтая сумная дата мае непасрэднае дачыненне да нашага раёна. Капітан 3-га рангу Анатоль Мацвеевіч Іспянкоў, які служыў на атамнай падводнай лодцы “Камсамолец” і 7 красавіка 1989 года загінуў, выконваючы свой воінскі абавязак, нарадзіўся ў вёсцы Хвастова Шумілінскага раёна. У той далёкі красавіцкі дзень падводная лодка “Камсамолец” вярталася з баявога дзяжурства, калі на ёй пачаўся пажар. Падчас аварыі Анатоль Іспянкоў як камандзір электратэхнічнага дывізіёна электрамеханічнай баявой часці лодкі

забяспечваў работу рэзервовай энергаўстаноўкі і застаўся на борце, калі лодка патанула ў Нарвежскім моры. З 69 членаў экіпажа жывымі засталіся 27 чалавек. Капітан 3-га рангу А. М. Іспянкоў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У Дзень памяці члены раённай арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў, іх калегі з іншых раёнаў, раённых арганізацый ветэранаў Узброеных Сіл ушанавалі памяць Анатоля Іспянкова і яго саслужыўцаў, якія загінулі пад час аварыі на АПЛ “Камсамолец”, іншых катастроф на ваенным флоце. На сімвалічнай магіле афіцэра-падводніка на могілках у Язвіне кіраўнік раённай арганізацыі Віктар Прыходзька нагадаў пра подзвіг маракоў падводнікаў, якія сваім жыццём уратавалі свет ад  ядзернай катастрофы. Прысутныя ўшанавалі памяць маракоў хвілінай маўчання, усклалі кветкі.

У храме Святога Мікалая Цудатворцы памінальную службу па ўсіх загінуўшых мараках правёў благачынны протаіерэй Фёдар Пучынскі ў саслужэнні святараў благачыння.

Вянок і кветкі ад ветэранаў Ваенна-марскога флоту ляглі да мемарыяльнай дошкі ў гонар А. І. Іспянкова ў скверы Воінскай славы ў г. п. Шуміліна.

“Мы помнім подзвіг і самаахвярнасць нашага земляка Анатоля Іспянкова. Наша задача – перадаць гэтую памяць як эстафету новым пакаленням шумілінцаў, бо жыццё марака-падводніка – гэта прыклад гераізму і патрыятызму”, – падкрэсліў Віктар Прыходзька.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *