Азімыя ўдаліся, яравыя ў сяўбе. Курс на ўраджай
Вясенняй сяўбой у раёне заняты ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна. На раніцу 9 красавіка на Шуміліншчыне засеяна 1947 гектараў ранніх яравых зерневых і зернебабовых (60,9% да плана).
У ААТ «АграБаравінка» вясеннія работы арганізаваны ў комплексе. Падкормлены азотам усе 600 гектараў азімых крыжакветных, заканчваецца першая падкормка азімых зерневых, працягваецца вываз арганікі пад яравую сяўбу. З запланаваных 490 гектараў ранніх яравых зерневых культур засеяна 195 га – ва ўрочышчах Башні, Мазекі, Цербяшова, Лажок, Полцева. Насенне зернебабовых у асноўным уласнае, толькі некалькі тон гароху набылі ў Сенненскім раёне.
Элітнае насенне аўсу купілі ў СФГ «Раднік». Тут жа бяруць і каля дзесяці тон элітнай пшаніцы, каб засеяць 50 гектараў палеткаў.
На гэтым тыдні з-за дажджоў работы па сяўбе прыпыніліся. Але на палетках вядзецца ворыва – дажджы плугам не перашкода. За работай ва ўрочышчы Дворышча мы заспелі перадавога механізатара Аляксандра Раманятава. Ён расказаў, што на яго рахунку штодзень да 25 гектараў палеткаў – перавыконвае норму ў два разы, за што атрымлівае неблагія даплаты. Услед за плугамі пойдуць дыскатары і бароны – будуць рыхтаваць палеткі пад сяўбу кукурузы на сілас, якой мяркуюць засеяць 600 гектараў. Акрамя гэтага, плануюць засеяць 100 гектараў кукурузы на зерне.
«Калі ў час засеяць і два разы падкарміць азотам, кукурузнае зерне вырасце, – зазначае галоўны аграном «АграБаравінкі» Міхаіл Маліноўскі, які мае зайздросны стаж работы ў сельскай гаспадарцы – больш як сорак гадоў. – У гаспадарцы ёсць спецыяльная кукурузная жняярка, летась атрымалі за бюджэтныя грошы». Таксама ў мінулым годзе дзяржава падтрымала новым зернеўборачным камбайнам і культыватарам, сёлета – дзевяцікорпуснымі плугамі.
Гордасць агранамічнай службы – дружныя ўсходы азімых культур, якія добра перазімавалі. З восені засеялі 1095 гектараў азімых культур, у асноўным выкарыстоўвалі элітнае насенне: на палетках растуць пшаніца «Маркіза», ячмень «Буслік», пшаніца «Аўгусціна», рапс «Мікалай».
«Механізатарскі касцяк у нас надзейны і вопытны як на ўчастку Башні, так і на ўчастку Слабада – з такімі хлопцамі працаваць можна, – кажа Міхаіл Маліноўскі. – Нам разам пад сілу справіцца з пасяўной, нарыхтаваць неабходныя 8 тысяч тон сенажу, 8,5 тысячы тон сіласу, 400 тон сена. Калі будуць выдзелены бюджэтныя сродкі на набыццё насення люцэрны, то абавязкова засеем хаця б гектараў сто, а то і больш. Час яшчэ церпіць, люцэрну можна засяваць да ліпеня. Люцэрна – гэта бялок, які вельмі неабходны жывёле. Да ўсяго гэта культура непатрабавальная і дае па два-тры ўкосы за сезон. Наогул на будучае плануем у гаспадарцы да 70% кармоў рыхтаваць з бялковых культур. Насенне зернебабовых і люцэрны трэба нарыхтоўваць сваё, каб не траціць грошы на яго набыццё».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

