Не згасае памяць пакаленняў
11 красавіка – дата памяці пра ахвяры фашызму, тых, хто прайшоў праз калючы дрот канцлагераў і хто не дажыў да вызвалення. У Шуміліне на месцы масавага расстрэлу мірных жыхароў прайшоў мітынг «Памяць захоўваюць жывыя», прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Ушанаваць памяць загінуўшых прыйшло кіраўніцтва раёна, пракуратуры, прадстаўнікі прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый, школьнікі.
«Мы сёння аддаём даніну памяці тым, хто прайшоў праз боль і пакуты канцлагераў, – адзначыў на мітынгу старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. – Людзей утрымлівалі ў нечалавечых умовах. Масавыя забойствы вяліся самымі варварскімі метамі і сродкамі. Мы сабраліся на месцы расстрэлу, каб згадаць бязвінна загінуўшых і нагадаць пра цану міру».
Пра генацыд беларускага народа нагадаў пракурор раёна Антон Гарохаў і заклікаў прысутных не забываць вайну, герояў і ахвяры Вялікай Айчыннай, ушаноўваць памяць загінуўшых, каб падобныя жахі не паўтарыліся.
Вядучыя ўзгадалі пра масавае знішчэнне людзей у час вайны, пра лагеры смерці на тэрыторыі Беларусі. Загінуўшых у 1943-м годзе мірных жыхароў – вязняў шумілінскага гета – ушанавалі хвілінай маўчання, да помніка ўсклалі вянок і кветкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.




