Бегавая дарожка для спартсменаў з Мікіціхі
Ва ўстановах адукацыі актыўна ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Не выключэнне і Мікіціхінская СШ.
– Фактычна падрыхтоўка пачалася ў маі, – пачаў гутарку загадчык гаспадаркі Мікіціхінскай СШ Аляксей Галавачоў. – Спецыялісты мінскай фірмы замянілі 50 вокнаў, устанавілі дзве новыя ўваходныя групы. На гэтыя работы з раённага бюджэту выдаткавана 65 тысяч рублёў.
Працягваецца капітальны рамон адной са сцен будынка школы. Рамонтныя работы выконваюць будаўнікі Шумілінскай ПМК-70. З бюджэту для гэтых мэт выдаткавана 31 тысяча рублёў.
У новым навучальным годзе на школьным стадыёне будзе сучасная стомятровая бегавая дарожка. Зараз ідуць работы па яе ўладкаванні: работнікі будаўнічай арганізацыі «Венбуд» укладваюць плітку. З бюджэту на бегавую дарожку на прышкольным стадыёне выдаткавана 39 тысяч рублёў.
А вось класы ўжо гатовы сустрэць вучняў. «Ва ўсіх класах пафарбавана падлога, пафарбавана фае на першым і другім паверхах, – расказала дырэктар Мікіціхінскай СШ Таццяна Волкава. – На касметычны рамонт пайшло каля 500 рублёў з пазабюджэту, прыкладна столькі ж склала спонсарская дапамога».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


