На днях шумілінскія барцы Дзяніс Сініцкі і Раман Хадуноў на турніры памяці героя Льва Даватара выканалі нарматыў майстроў спорту. За іх спінамі і перамогамі іх трэнер Юрый Сцяпанаў. Сапраўды, за любым поспехам юнага спартсмена стаіць настаўнік. Той, хто паверыў, навучыў і не адпусціў. Імя Юрыя Сцяпанава добра вядомае ў Шуміліне і за яго межамі. З 2005 года ён працуе трэнерам па грэка-рымскай барацьбе ў Шумілінскай СДЮШАР. Майстар спорту, выпускнік факультэта фізвыхавання ВДУ імя П. М. Машэрава.
«Я проста ўлюбіўся»
– Мне было дзевяць. Сябры паклікалі на барацьбу, і я пайшоў. Да Уладзіслава Селяціцкага, – успамінае Юрый. – Тады яшчэ не ведаў, што гэта стане маёй прафесіяй і сэнсам майго жыцця.
Юрый адразу ўлюбіўся ў залу, у дыван, у асаблівы запах поту і волі. Трэнер разгледзеў талент юнага спартсмена і неўзабаве павёз на першы сур’ёзны турнір у Глыбокае. – Выхад на дыван, публіка, святло, сапернік, – Юрый ледзь не па кадрах пераказвае той дзень. – Барацьба за трэцяе месца. І я саступіў.
Той першы сур’ёзны паядынак не зламаў яго, а стаў кропкай адліку, важнай высновай: бой не заканчваецца са свістком суддзі, перамагае той, хто ўпарта трэніруецца.
Перспектыўнага барца запрасілі на вучобу ў Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву, а пасля яго заканчэння – у школу вышэйшага спартыўнага майстэрства. Юрый Сцяпанаў – неаднаразовы пераможца і прызёр першынстваў і чэмпіянатаў Беларусі па розных узростах. Ён выходзіў і перамагаў за кошт цудоўнай тэхнічнай падрыхтоўкі, быў членам нацыянальнай зборнай Беларусі па грэка-рымскай барацьбе. У 1999 годзе атрымаў званне майстра спорту і затым двойчы пацвярджаў яго.
Трэнер, які ведае цану перамог
Сёння бацькі вядуць да яго хлопчыкаў, бо ведаюць, што трэнер не проста навучыць трымаць захоп – ён навучыць трымаць сябе.
– Трэнер павінен быць прынцыповым, сур’ёзным, павінен паказаць спартсмену спорт знутры. Каб ён убачыў, што тут не проста «рабі раз-два», тут жыццё, – кажа Юрый.
І гэта філасофія працуе. Яго выхаванцы Кірыл Крыўко і Вадзім Лягчонак станавіліся пераможцамі першынстваў Беларусі. Вадзім стаў першым вучнем, які атрымаў званне майстра спорту, Кірыл стаў першым
выхаванцам, які ў складзе зборнай Беларусі ўдзельнічаў ў першынстве Еўропы сярод школьнікаў па грэка-рымскай барацьбе. А цяпер вось «выстралілі» адразу два майстры спорту – Дзяніс Сініцкі і Раман Хадуноў.
– За поспехамі хлопцаў стаіць штодзённая карпатлівая праца, сіла волі, вера ў сябе, – адказвае Юрый. – Турнір памяці Льва Даватара – адзін з самых прэстыжных у краіне. Выканаць там нарматыў майстра – значыць пацвердзіць клас. Гэта не выпадковасць. Я глядзеў на іх паядынкі і ўспамінаў сябе ў Глыбокім. Такое ж хваляванне, такі ж боль у мышцах. Але яны не саступілі. Яны зрабілі крок наперад. І гэта, ведаеце, шчасце для трэнера – бачыць, як твае вучні перарастаюць цябе. Разам з тым, галоўнае не тытулы. Галоўнае, каб хлопцы сталі людзьмі, якія ўмеюць трымаць удар. І ў спорце, і ў жыцці.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

