Украл, напился, заснул в чужом доме, проснулся в наручниках…

Происшествия

Чужы веласіпед + чужы дом =  новы турэмны тэрмін

67-гадовы мужчына, які паспеў пакінуць след у крымінальных хроніках ужо восем разоў, зноў стаў фігурантам крымінальнай справы. На гэты раз – за крадзеж. І гэта можа каштаваць яму да чатырох гадоў калоніі.

Гісторыя пачалася больш чым звычайна. Аляксей (імя зменена па этычных меркаваннях) вярнуўся дамоў з суседняй краіны. Планаваў абмяняць пашпарт, сустрэцца са старымі знаёмымі і роднымі, а потым назад. Як ён казаў, там сур’ёзныя справы і каханая жанчына. Але лёс распарадзіўся інакш.

Аляксей падаў дакументы на абмен пашпарта і паехаў у Віцебск «абмыць» вяртанне. Гэтая паездка прывяла да непрыемнасцей – за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане ён атрымаў адміністрацыйны арышт на 5 сутак. Пасля адбыцця арышту Аляксей застаўся без грошай. І тут у яго нарадзілася, як падумаў мужчына, бяскрыўдная думка: убачыўшы каля аднаго з віцебскіх храмаў прыпаркаваны веласіпед, вырашыў пакарыстацца ім. Праўда, без дазволу гаспадара і з перакусваннем замка. Слова «крадзеж» у той момант не прыходзіла яму ў галаву – ён успрыняў гэта як «велаэкскурсію» па любімым горадзе. Ён спачатку катаўся па вуліцах Віцебска, а затым паехаў на малую радзіму, у Мікіціху.

У Мікіцісе яго ўвагу прыцягнуў дачны домік. Праз акно Аляксей залез у дом і зразумеў: вось яно, выратаванне ад безграшоўя. Адразу пачаў грунтоўна збіраць «торбу». У яе трапілі электраінструменты, якія можна было выгадна прадаць, вопратка, каб было што насіць, і нават шампунь – дробязь, але карысная. Злачынца дзейнічаў абдумана: складзеныя рэчы паклаў асобна, каб раніцай, атрымаўшы пашпарт, адразу ж пакінуць Беларусь. Але план быў парушаны, калі ён наткнуўся на бутэльку з медавухай. Адкрыў яе, выпіў. Спадабалася. Паклаў у торбу другую. Потым выпіў яшчэ – і заснуў…

Раніца стала неспакойнай як для Аляксея, так і для гаспадара дачы. Увайшоўшы ў дом, апошні не паверыў сваім вачам: нейкі незнаёмец спаў сярод яго рэчаў, абклаўшыся інструментамі і бутэлькамі. Выклік у міліцыю быў непазбежны – супрацоўнікі РАУС аператыўна прыбылі на месца…

Зараз старшы следчы Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Андрэй Селязнёў вядзе расследаванне па ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Крадзеж, учынены паўторна»). Гэта азначае, што фігуранту свеціць да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Улічваючы яго крымінальнае мінулае – восем судзімасцей, сярод якіх сур’ёзныя артыкулы, у тым ліку замах на забойства, – суд наўрад ці абмяжуецца ўмоўным тэрмінам.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *