«Наш Костя остался навсегда молодым и любимым». Незаживающая рана на сердце привела москвичку на могилу воина-освободителя Шумилинского района

80 лет Великой Победы Беларусь помніць Главное Край шумілінскі Людзі і лёсы Новости Общество

У мінулыя выхадныя на Шуміліншчыне былі далёкія госці – на магілу воіна-вызваліцеля прыязджала жыхарка г. Масква Таццяна Баева. Яна падзялілася сваёй сямейнай гісторыяй і ўражаннямі ад паездкі.

«Я амаль нічога не ведаю пра Косцю. Старэйшы брат маёй бабулі. Старэйшае дзіця ў сям’і Івана Савінавіча Ра­поціна. Абодвум бацькам было за трыццаць, калі ў 1925 го­дзе нарадзіўся Косця, – пачала Таццяна Баева. – Напэўна, я ніколі не даведаюся, балакам ён быў ці батанам, любіў чы­таць ці шмат працаваў на гаспадарцы. Біліся яны ў дзяцін­стве з бабуляй, як мае дзеці, ці бераглі адзін аднаго. Гэтага ўжо ні ў каго не спытаць». Камандзір узвода Канстанцін Рапоцін загінуў у Шумілінскім раёне, быў разарваны артылерыйскім агнём падчас няўдалай атакі. Вечна юны Косця стаў незагойнай ранай на сэрцы сваёй маці. Яна малілася аб яго душы кожны дзень свайго жыцця.

«Бабуля Соня прасіла родных з’ездзіць у Беларусь і знайсці магілу сына, – працягвае дзяліцца ўспамінамі Тац­цяна. – Яны з’ездзілі ў 1973 годзе, знайшлі пахаванне, але прозвішча Косці на ім не было. Гэта было іншае месца, Жарабычы, як я цяпер разумею. Там стаіць помнік мясцовым абаронцам Радзімы. Бабулі тады сказалі, што магілу знай­шлі і за ёй даглядаюць, але пытанне павісла на шмат гадоў.

  Быў люты 1944­га, самы пачатак вызвалення Беларусі ад трохгадовай нямецкай акупацыі. Косці толькі споўніла­ся 18, за плячыма лейтэнанцкая падрыхтоўка ў Кандалак­шы. Дома ў вёсцы Дзіраватава пад Гразаўцам Валагодскай вобласці засталіся бацькі і чацвёра братоў і сясцёр. Зімовыя наступленні на Віцебскім напрамку ў 1944­-м ваенныя эксперты называюць правальнымі – дрэнная ка­ардынацыя, шмат зялёных, неабстраляных хлопцаў, велі­зарныя страты. Я спрабавала чытаць хроніку бою, у якім за­гінуў Косця 3 лютага 1944 года, спатыкнулася аб увесь той жах, які стаіць за сухімі фармулёўкамі: «У наступленні па лясіста-­балоцістай мясцовасці праціўнік аказваў артылерыйскае, кулямётнае і мінамётнае супраціўленне і шырока ўжываў буйнакаліберныя зенітныя ўстаноўкі». Ужо потым, да вясны, нашы пачнуць адбіваць вёску за вёскай, пасёлак за пасёлкам. 23 чэрвеня 1944 года адваююць Шуміліна. Косця гэтага ўжо не ўбачыць, як не ўбачыў сваё вяселле, дзяцей, родную вёску і блізкіх… Больш за 80 гадоў ляжыць у беларускай зямлі наш Косця. Назаўжды малады і любімы».

Таццяна Баева сабралася ў паездку ў Шуміліна раптоўна, адным днём, проста адчула, што ёй гэта трэба. Было страшна, што яна памылілася ў разліках і знайсці магілу не атрымаецца. Прама з цягніка ў 6 раніцы адправілася на Алею Славы ў райцэнтры. Сярод 178 пахаваных байцоў знайшла прозвішча Косці Рапоціна, расплакалася… Яе сустрэла дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова, якой яна напісала яшчэ ў Маскве, падзялілася падрабязнасцямі, расказала, як да іх прыязджаюць з усяго былога СССР шукаць сваіх родных – удзельнікаў вызвалення Шуміліншчыны.

Госця з Масквы пабывала ў аграгарадку Слабада, каля якой загінуў Канстанцін Рапоцін, і мемарыяльны комплекс у Дворышчы, дзе больш за дзве тысячы байцоў пахаваны…

«Мы не можам змяніць гісторыю, але мы сапраўды можам актуалізаваць памяць. Я веру, што гэта зацягвае раны мінулага і дае святло ў сучаснасці», – сказала на раз­вітанне Таццяна Баева.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *