22 июня Шумилинщина отметила День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны и геноцида белорусского народа

Беларусь помніць Главное Общество

Даты, якія не старэюць.  Боль, які не сціхае

Апоўдні 22 чэрвеня  на воінскім брацкім пахаванні ў гарадскім парку шумілінцы далучыліся  да агульнацыянальнай хвіліны маўчання.

Ёсць даты, якія не старэюць. Ёсць боль, які не сціхае. Ёсць святы доўг, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. 85 год аддзяляе нас ад ракавога світання 1941 года, калі цішыню мірнага жыцця беларускага народа разарвалі выбухі бомб і снарадаў. Жыццё, поўнае надзей, планаў, мар і кахання, раскалолася на “да” і “пасля”.

22 чэрвеня – гэта не проста дата ў гісторыі. Гэта шрам на сэрцы народа, які не зарастае з гадамі. Памяць не мае тэрміну даўнасці. Яна жыве, пакуль мы прыходзім да пахаванняў і помнім імёны герояў, іх подзвіг, іх пакуты. Хвіліна маўчання – гэта даніна пашаны подзвігу ваеннага пакалення, памяць пра ахвяры, якія панёс беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Да святога месца прыйшлі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Русланам Матвейчуком, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, жыхары горада. Шумілінцы ўсклалі кветкі да вечнага агню і мемарыяльных пліт з імёнамі воінаўвызваліцеляў, якія загінулі ў вайну.

А ў 4 гадзіны раніцы тут сабраліся актывісты грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў, супрацоўнікі РАУС і РАНС на маладзёжную акцыю “Свечка чэрвеньскай раніцы”. Да акцыі далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук.

Моладзь сабралася, каб запаліць свечкі і схіліць галовы ў ранішняй цішыні, пачуць у ёй галасы пагранічнікаў, якія сустрэлі першы ўдар ворага, партызан і салдат, якія не вярнуліся з вайны, плач матуль, якія не дачакаліся сваіх сыноў і дачок.

Мы, беларусы, помнім, якой цаной заваявана наша права жыць і працаваць пад мірным небам. Мы помнім і перададзім гэтую памяць нашчадкам, каб падобнае ніколі больш не паўтарылася!

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *