Студэнцкі «Ветразь» у Лескавічах
Упершыню ў Шумілінскім раёне пачаў работу студатрад педагагічнага профілю.
У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Пунсовы ветразь» у вёсцы Лескавічы на трэцяй змене працуе педагагічны студатрад «Ветразь» імя Героя Савецкага Саюза Е. С. Зяньковай. Яго байцы – шэсць дзяўчат, выпускніцы і студэнткі педагагічных устаноў адукацыі.
Дзве з іх скончылі вучобу і збіраюцца працаваць у школах раёна, тры – яшчэ вучацца. Узначальвае атрад настаўнік замежнай мовы Башнеўскай БШ, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ школы Аляксандра Шабанава, якая ў «Пунсовым ветразі» працуе трэцюю змену. Яна адзначыла, што студатрадаўскі вопыт у яе адсутнічае, але цікавасць да новай справы вялікая, таму яны з задавальненнем пагадзіліся паспрабаваць сябе ў такім фармаце. Усе дзяўчаты з’яўляюцца членамі БРСМ – гэта дапамагае ім у арганізацыі патрыятычных мерапрыемстваў і рабоце з дзецьмі.
Змена атрымалася вельмі насычанай: праводзіліся дні культуры і патрыятызму, шмат увагі ўдзялялася экалагічнаму выхаванню. Арганізатары імкнуліся, каб кожны дзень быў цікавым і карысным для дзяцей.
Сярод байцоў атрада – Вікторыя Лейчанка, студэнтка другога курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Яна прызнаецца, што ў лагеры падабаецца ўсё: і работа, і атмасфера. «Cтараюся працаваць на поўную сілу, – дзеліцца яна. – Можна сказаць, што мы ўсе – выхавальнікі і адпачываючыя – на адной хвалі». А вось выпускніцу Аршанскага педагагічнага каледжа Ульяну Шаўнёву можна назваць «сваім чалавекам» у лагеры: яна сем гадоў запар адпачывала тут, а цяпер вярнулася ў іншым статусе. «Спачатку баялася, – усміхаецца дзяўчына. – Але вырашыла, што трэба паспрабаваць. Гэта будзе добрая практыка перад пачаткам працоўнай кар’еры».
Учора ў лагер завітала першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ Вікторыя Ратнікава. Яна пазнаёміла дзяцей з гісторыяй і дзейнасцю беларускіх студэнцкіх атрадаў, расказала, што гэта выдатная магчымасць праводзіць лета з карысцю. Пасля сустрэчы многія цікавіліся, як стаць членам студатрада. Вікторыя Віктараўна параіла звяртацца да сваіх выхавальнікаў – яны таксама байцы педагагічнага атрада і з задаваль неннем раскажуць пра ўсе нюансы. Такім чынам, сустрэча не толькі натхніла дзяцей, але і адкрыла ім шлях у будучае студатрадаўскае жыццё. А пакуль дзяўчаты-педагогі працягваюць сваю работу, перадаючы падрастаючаму пакаленню энергію, веды і любоў да сваёй прафесіі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

