Першы сноп – да неба!
Старажытнае прыгожае свята «Зажынкі» прайшло ўчора ў маляўнічым урочышчы Пушчавыя СУП «Лаўжанскае» і дала афіцыйны старт галоўнай сельскагаспадарчай кампаніі года ў раёне.
На залатой ніве сабралася кіраўніцтва раёна, камбайнеры і механізатары – тыя, ад каго залежаць будучы каравай і харчовая бяспека.
Адкрыў урачыстае мерапрыемства старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. Звяртаючыся да ўдзельнікаў жніва, кіраўнік раёна падкрэсліў асаблівую важнасць і адказнасць моманту. «Усе механізатары, якія працуюць у полі, нацэлены на перамогу, – адзначыў Мікалай Аляксеевіч. – Хачу пажадаць хлебаробам здароўя, надзейнай тэхнікі, добрага надвор’я і плённых дасягненняў на хлебнай ніве».
Жніво – гэта заўсёды экзамен для ўсяго раёна. Сёння на першы план выходзяць узорная дысцыпліна, якасць працы і захаванне тэхналагічных патрабаванняў. Кожнае зярнятка павінна быць убрана з поля без страт і своечасова, адзначыў дырэктар СУП «Лаўжанскае» Мікалай Балігатаў.
Мікалая Будневіча, прадстаўнікоў райсельгасхарчу і СУП «Лаўжанскае» запрасілі зажаць першыя каласы новага ўраджаю. Сноп, перавязаны яркімі стужкамі, уручылі дырэктару гаспадаркі як знак пачатку вялікай працы. Мікалай Балігатаў падкінуў сноп тры разы да неба – каб жніво прайшло без страт, рамонту тэхнікі, а бог усім даў здароўя. Пасля ён уручыў кіраўніку раёна каравай – сімвал дабрабыту і багацця. Караваі атрымалі і пяцёра механізатараў, якія задзейнічаны на жніве ў «Лаўжанскім».
Благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі здзейсніў малебен і асвяціў святой вадой тэхніку і механізатараў, бласлаўляючы іх на высакародную працу.
Адразу пасля завяршэння ўрачыстай часткі ва ўрочышчы Пушчавыя пачуўся магутны гул матораў. Пад гучныя зажыначныя песні работнікаў Шумілінскага РЦК камбайны адзін за адным рушылі ў поле, пакідаючы за сабой чыстыя палосы і напаўняючы бункеры новым сухім золатам шумілінскай зямлі.
Жніву-2026 дадзены ўпэўнены старт!
Ларыса ЗАЙЦАВА.






