Встреча жителей с председателем райисполкома и представителями областных и районных служб прошла в горпосёлке Оболь

Власть Общество

СУСТРЭЧА  Ў  ОБАЛІ:  адкрыта, з адказамі на важныя пытанні

У аўторак, 28 ліпеня, у Обальскім ГДК прайшла адкрытая і дзелавая размова жыхароў гарадскога пасёлка з кіраўніком раёна Мікалаем Будневічам, прадстаўнікамі абласной і раённай медыцыны, санітарных службаў і іншымі спецыялістамі. Такія сустрэчы ў Обалі праводзяцца не ўпершыню: на іх абмяркоўваюць тое, што хвалюе – медабслугоўванне, дарогі, работу ЖКГ, добраўпарадкаванне.

Дыялог атрымаўся жывым і канкрэтным: без фармальнасцей, з прыкладамі і дакладнымі адказамі на пытанні абальчан.

Медабслугоўванне: кадры, стацыянар і новы будынак амбулаторыі

Асобны блок сустрэчы быў прысвечаны рабоце Обальскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч падрабязна расказала пра кадравую сітуацыю, рамонт і далейшае функцыянаванне медыцынскай установы.

Штат і кадры. У амбулаторыі прадугледжана 1,5 стаўкі ўрача, столькі ж – памочніка ўрача і медсястры. Гэта адпавядае нарматывам: адна стаўка ўрача разлічана на 1,5 тысячы насельніцтва. У Обалі цяпер пражывае 2367 чалавек, у тым ліку 320 дзяцей. 1 жніўня заканчваецца кантракт ва ўрача агульнай практыкі, які цяпер знаходзіцца ў водпуску. На гэты перыяд да 3 жніўня на асноўную стаўку пераведзены ўрач з ЦРБ. З 3 жніўня ў Обаль прыходзіць малады спецыяліст. Памочнік урача ўжо вярнуўся на работу, медсястра – у водпуску да 1 жніўня. Зубны фельчар працуе, фізіятэрапеўтычны кабінет таксама функцыянуе.

Дзённы стацыянар. У амбулаторыі працуе дзённы стацыянар на 4 ложкі – гэта нарматыў для такой колькасці насельніцтва. Ён будзе захаваны і далей.

Аналізы. З 2018 года ўсе лабараторыі ў раёне цэнтралізаваны. Забор крыві і мачы робіцца штодня, аналізы дастаўляюцца ў лабараторыю. Усе даследаванні праводзяцца па венознай крыві, капілярная (з пальца) кроў бярэцца толькі для вызначэння глюкозы. У дзяцей аналізы бяруць па аўторках і чацвяргах.

Новы будынак амбулаторыі. Обальская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі будзе размяшчацца ў невыкарыстоўваемым крыле дзіцячага сада.

Рашэнне прынята пасля дакладнага аналізу расходаў і ўзгоднена з губернатарам. Будынак з асобным пад’ездам-падходам будзе мець тры асобныя ўваходы: асноўны – для прыёму ўрача, дзённага стацыянара, працэдур, гардэробу, санвузла; другі – для стаматолага, памочніка ўрача, гінекалагічнага агляду і фізіятэрапіі; асобны ўваход для пацыентаў з тэмпературай у сезон вірусных рэспіраторных інфекцый. На другім паверсе размесцяцца «хуткая дапамога», падсобныя памяшканні для медперсаналу – пацыенты туды заходзіць не будуць.

Усе кабінеты абсталююць новай мэбляй, абнавіцца абсталяванне фізіятэрапеўтычнага і працэдурнага кабінета. На рэканструкцыю будынка пад амбулаторыю выдзелены больш за мільён рублёў. Будзе добраўпарадкавана і тэрыторыя амбулаторыі, абсталявана пляцоўка для стаянкі медтранспарту і аўтамабіля “хуткай дапамогі”.

Рамонт будынка зараз вядзе ТАА «Венбуд» з Шуміліна.

Санітарныя нормы: дзіцячы сад і амбулаторыя пад адным дахам – гэта дапушчальна. Намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Віцебскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Шэндзюкова патлумачыла: заканадаўства дазваляе размяшчаць сацыяльныя аб’екты ў адным будынку, калі забяспечана поўная ізаляцыя патокаў, асобныя ўваходы, камунікацыі, вентыляцыі і няма скразных праходаў. У Обалі гэтыя патрабаванні будуць выкананы.

Месца для гандлю: перанеслі для бяспекі

Мясцовы рынак у Обалі за гады існавання некалькі разоў змяняў месца. Сёлета яго перанеслі на вуліцу Зяньковай – там асфальтавалі тэрыторыю, каб забяспечыць бяспеку пакупнікоў і прадаўцоў.

«Зямельная амністыя»:  час прывесці ў парадак участкі і пабудовы

Падчас сустрэчы абмеркавалі і незаконныя хлявы, гаражы, самавольна занятыя ўчасткі. Старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч заклікаў абальчан аформіць зямлю і ўзаконіць пабудовы, прыбраць лядашчыя пабудовы. «Зямельная амністыя» дзейнічае да 1 студзеня 2028 года і дазваляе зрабіць гэта ў спрошчаным парадку, без штрафаў, зазначыў ён. Звяртацца трэба ў сельвыканкам. Пасля афармлення дакументаў можна будзе заключыць дагаворы на электразабеспячэнне аб’ектаў.

Падзяка медыкам

У канцы сустрэчы абальчане падзякавалі за адкрытую размову і ўвагу да праблем пасёлка. Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас урача-хірурга Шумілінскай ЦРБ Юліі Барадзіной – за прафесіяналізм, спагаду і чулае стаўленне да пацыентаў.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *