Дзе ўзяць участак для будаўніцтва дома?
Далёка не ўсе нашы землякі хочуць жыць у кватэрах. Некаторыя жадаюць мець уласны дом і бяруцца за яго будаўніцтва. Дзе ў такім разе набыць участак і куды звяртацца – у гэтым разбіралася карэспандэнт раённай газеты.
«Усяго па раёне налічваецца 465 свабодных (незанятых) участкаў, у тым ліку 45 з іх у Шуміліне, – расказала начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Ксенія Рэшатава. – Пад будаўніцтва і абслугоўванне аднакватэрнага (блакіраванага) жылога дома ўчасткі могуць быць выдзелены на Брыкеце і “за лініяй» – у завулку Механічным, вуліцах Дабееўскай, Дальняй, Кандраценкі, Дубасарскага, Зялёнай, Саломенскай, Загараднай, Новай. Са спісам участкаў як у Шуміліне, так і на раёне можна азнаёміцца на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь (http://eri2.nca.by). Спіс участкаў ёсць у кожным сельвыканкаме, у аддзеле землеўпарад-кавання райвыканкама».
Куды звяртацца?
Тым, хто хоча набыць участак на тэрыторыі любога сельсавета раёна, не трэба ехаць у райцэнтр, дастаткова звярнуцца не-пасрэдна ў сельвыканкам па месцы жыхарства, дзе прымуць заяву і зоймуцца афармленнем патрэбных дакументаў. Калі чалавек хоча атрымаць участак у райцэнтры, трэба звярнуцца ў “адно акно” райвыканкама, дзе таксама раскажуць, якія даведкі трэба прадаставіць.
Колькі каштуе?
Усё залежыць ад таго, мае чалавек патрэбу ў жыллі ці не. «Калі не мае патрэбу, то ўчастак выкупляецца ў прыватную ўласнасць, – тлумачыць Ксенія Рэшатава. – Цана ў Шуміліне будзе складаць 4-7 рублёў за адзін квадратны метр, на вёсцы – 30-90 капеек за 1 м. кв. (як правіла, выдзяляюцца ўчасткі ад 10 да 25 сотак). Плюс трэба будзе заплаціць за работу спецыялістаў УП “Віцебскі дзяржаўны праектны інстытут па землеўпарадкаванні” (450-500 рублёў) і за рэгістрацыю ў Віцебскім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры (80-150 рублёў). Калі чалавек мае патрэбу ў жыллі, то афармляецца пажыццёвае спадчыннае ўладанне – у такім разе трэба будзе заплаціць толькі за работу віцебскіх спецыялістаў па землеўпарадкаванні і за рэгістрацыю ўчастка (цана такая ж, як і ў выпадку, калі ўчастак выкупляецца ў прыватную ўласнасць)».
Дарэчы, у мінулым годзе жыхарам раёна было выдзелена сем участкаў (у тым ліку 4 з іх пры правядзенні аўкцыёну). У гэтым годзе ўжо аформлены дакументы дваім жыхарам Светласель-скага сельсавета пад будаўніцтва і абслугоўванне аднакватэрных (блакіраваных) жылых дамоў у в. Баёўка. У стадыі афармлення дакументаў – участак у Крупчыне гэтага ж сельсавета.
Ларыса КІСЯЛЁВА.

