Міхаіл ШУМІЛА, механізатар КСУП «Лаўжанскае», 37 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы. На прадпрыемства прыйшоў яшчэ да тэрміновай службы ў арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на малую радзіму – з таго часу з трактарам не расставаўся.
Сёлета на МТЗ‑1221.2 Міхаіл Леанідавіч перавёз 2271 тону зялёнай масы. Некалькі дзён працаваў на касавіцы, затым з поля дастаўляў рулоны з сенажом і сенам. Падчас жніва на працягу двух тыдняў быў задзейнічаны на перавозцы зерня. Міхаіл Шуміла вытрыманы, адказны, добра ведае сваю справу і не цураецца ніякай работы. Дырэктар прадпрыемства Мікалай Балігатаў адзначае яго стараннасць і сумленныя адносіны да даручанай справы. За дзесяцігоддзі змяняліся тэхніка і ўмовы, а Міхаіл Леанідавіч застаецца верным абранай прафесіі і жыццёвым прынцыпам.

