Стралялі, маршыравалі, спявалі…
На мінулым тыдні на гарадскім стадыёне прайшла ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”, у якой за перамогу змагаліся шэсць школьных каманд.
На ўрачыстым адкрыцці “Зарніцы” начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў адзначыў, што сімвалічна ваеннна-патрыятычная гульня праходзіць напярэдадні Дня Перамогі. “Гэта своеасаблівая даніна памяці тым змагарам, дзякуючы якім сёння над намі мірнае неба”, – падкрэсліў Пётр Уладзіміравіч.
“Зарніца” мае выключнае значэнне пры патрыятычным выхаванні моладзі”, – зазначыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава.
Справядлівай барацьбы і спартыўных поспехаў пажадаў удзельнікам фэсту начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў.
Непасрэдна перад стартам першы сакратар райкама ГА БРСМ Аляксандр Хмарын уручыў членскія білеты дзесяці новым сябрам маладзёжнай арганізацыі.
І вось ужо гатовы да стартаў усе каманды. На сёлетнюю “Зарніцу” Амбросавіцкая, Кардонская, Міхіціхінская, Обальская школы, СШ №2 і раённая гімназія выставілі добра падрыхтаваныя каманды. Усе калектывы былі прыкладна аднаго ўзроўню, без яўнага лідара. Таму барацьба на кожным этапе была цікавай і непрадказальнай.
Галоўны этап на “Зарніцы” – ваенізаваная паласа, у якую ўваходзілі эстафета, “мышалоўка”, перанос пацярпелага, стральба з пнеўматычнай зброі, купіны і лабірынт. Тут неабходны не толькі спартыўныя навыкі і ўменні, а і абавязкова ўзаемадапамога. Лепш за ўсіх на паласе паказала сябе Кардонская школа, другой стала Обальская СШ, трэцяй – Амбросавіцкая школа.
У кіданні гранаты перамагла Кардонская школа, другое месца ў СШ №2, трэцяе – у Амбросавіцкай школы.
Год ад году лепш становіцца падрыхтоўка каманд да конкурсу песні і строю. Гэта адзначыў прадстаўнік раённага ваеннага камісарыята маёр Юрый Бабічаў, які судзіў гэты этап практычна на ўсіх раённых “Зарніцах”. Першае месца было аддадзена камандзе з СШ №2, другое – Амбросавіцкай школе, трэцяе – раённай гімназіі.
У конкурсе баявых лісткоў першае месца журы вырашыла не прысуджаць, а другое месца падзялілі раённая гімназія і Амбросавіцкая школа.
У гістарычным конкурсе лепшымі знаўцамі роднай гісторыі паказалі сябе вучні Мікіціхінскай СШ.
У конкурсе праектаў “Памяць” лепшая работа ў раённай гімназіі.
Па выніках усіх этапаў “Зарніцы” перамагла каманда з Кардонскай школы (на здымку), другое месца ў Амбросавіцкай школы, трэцяе – у СШ №2.
Гонар Шумілінскага раёна на абласной “Зарніцы” ўпершыню будзе абараняць Кардонская школа. Мы шчыра зычым камандзе годнага выступлення.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2013 г.
