“А я працую мамай…”
– У мяне тры сястрычкі, а больш за ўсіх я люблю Люду, яна мне казкі чытае, – бойка падзялілася трохгадовая Тонечка. – А яшчэ маму сваю люблю, – дадае малая.
Алена Васільеўна Васёха з аграгарадка Кардон усміхаецца. Прыгожая, маладая, энергічная і працавітая. І дзіву даешся, як толькі спраўляецца з чатырма дзецьмі.
Да шчырых слоў далучаюцца сястрычкі Юля, Даша і Люда. З Днём маці віншуе жонку і гаспадар – Віталь Пятровіч. Разам яны жывуць дзесяць гадоў. Адразу і вырашылі: будуць мець не менш як трое дзяцей. Абодва прыйшлі да такога рашэння, напэўна, таму, што самі з мнагадзетных сем’яў: у бацькоў Алены чацвёра дзяцей, у сям’і Віталя – пяцёра. І для абодвух матулі – жанчыны, на якіх трэба раўняцца. І дзеці заўсёды дапамагалі бацькам, усё рабілі разам. Затое выраслі дружнымі, клапатлівым і міласэрнымі.
Калі так здарылася, што не было каму выхоўваць Люду – дачку роднай сястры Алены, – на сямейным савеце вырашылі яе забраць да сябе. Было гэта сем гадоў таму. Затым нарадзілася Тоня, якая вельмі любіць сваю старэйшую сястрычку. “Люда для нас родная, – гаворыць Алена. – Я ўдзячна свайму мужу, добраму і разважліваму чалавеку. Дапамог дзяўчынцы…”
Мець дзіця – шчасце, упэўнена Алена Васёха, а некалькі дзяцей – шчасце ўдвая большае . “Я працую мамай”, – з усмешкай гаворыць яна. У гэтых словах – гордасць, цеплыня і бязмерная любоў да сваіх чатырох дзяўчатак. Без іх не ўяўляе Алена сёння свайго жыцця.
Са з’яўленнем дзяцей Васёхі пачалі жыць для іх і дзеля іх. Дарыць ім сваю пяшчоту і дабрыню, забяспечваць матэрыяльна, вучыць быць шчырымі – вось накірункі ў жыцці, якія Васёхі ўзялі за аснову. А яшчэ яны вучаць дзяўчат працалюбству: разам капаюць бульбу, перабіраюць грыбы, робяць салаты і пякуць дранікі. Для падтрымкі сямейнага бюджэту трымаюць парасят, будуюць яшчэ адзін хляўчук, каб у будучым купіць карову. Дабудоўваюць і ўласны дом, які калісьці купілі ў Кардоне. Адрамантавалі кухню, купілі сучасную мэблю, камп’ютар.
Алена Васільеўна стараецца падтрымаць захапленні дзяўчат: Люда цікавіцца біялогіяй, Юля захапілася акардэонам, Даша вышывае, а маленькая Тоня спрабуе шыць сукенкі для лялек. Праўда, пакуль з дапамогай мамы. У сям’і Васёхаў хапае ўвагі ўсім дзецям. Толькі ў вялікай і дружнай сям’і, упэўнена Алена Васільеўна, вырастаюць добрыя, працавітыя і шчырыя людзі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Не без пафаснасці…
Ад матулі ў кожнага з нас — самае лепшае. Хаця не збіраемся яе ідэалізаваць: жыццё ёсць жыццё — у ім знайшлося месца і тым маці, якія нарадзілі, але пакінулі ў радзільным доме сваю крывінку, або каторыя не бачаць дзіця за гарэлкай, або выкідваюць яго ў кантэйнер са смеццем. Ёсць і такое, як гэта ні прыкра, як ні горка пра гэта гаварыць.
Але матуля заўсёды была сімвалам дабрыні, чуласці і любові. Да дзяцей, да сваёй сям’і, наогул да жыцця. Іншая справа, што некаторыя з іх згінаюцца пад цяжарам праблем, губляюць аблічча прыстойнага чалавека. Было такое і раней. Можа, сёння гэткай “брыдоты” крыху больш: жывём жа на пераломе эпох.
Матуля і ў часы розных пераломаў павінна заставацца вартай свайго высокага імя. Так было ў гады Вялікай Айчыннай. Згадаем подзвіг Ганны Купрыянавай з Жодзіна, якая выхавала пяцёра сваіх сыноў і ўсе яны па-геройску загінулі, абараняючы Радзіму. Або Антаніну Лузгіну з Масцішча, што ля Обалі, у якой на вачах схапілі дзвюх дачок-падпольшчыц фашысцкія каты, каб пасля, у жніўні 42-га, расстраляць іх ля царквы. І сотні, тысячы такіх матуль, якім чалавечы лёс наканаваў нечалавечыя выпрабаванні. А згадаем пасляваенную разруху, іншыя пераломныя моманты ў лёсе дзяржавы…
Гэта гераічны, так сказаць, бок справы. Не менш гераічна нарадзіць і выхаваць пяцёра ці больш дзетак і кожнага паставіць на годную сцяжыну жыцця. Дзяржава даўно заўважыла і ацаніла такі подзвіг, ушанаваўшы маці і ўрадавымі ўзнагародамі, і матэрыяльна. Аднак не ўсе вытрым-ліваюць такі цяжар долі жаночай. Помню, гадоў ці не дванаццаць назад узахлёб пісалі пра сям’ю Прыгожых з Віцебска, у якой выхоўвалася дзесяцера ці мо і больш (дакладна не помню) дзетак. Сям’і выдзелілі асабняк. Далі мікрааўтобус — толькі жывіце і расціце здаровенькія, на радасць усім. На жаль, не ўсё атрымалася прыстойна.
Тым не менш, ёсць нямала і сёння добрых і шчаслівых сямей, ёсць і прыкрыя выключэнні. І нараджаюць дзіця не таму, што яно жаданае і каб даць яму і мацярынскую любоў і пяшчоту, а — дзеля грошай, якія дае дзяржава за народжанае дзіця, каб іх распусціць на ўсё, толькі не для немаўлятак. Ад гэтага баліць, як адчуваеш няўтульнасць, калі матуля нараджае пяцёра дзетак і ўсіх ад розных бацькоў. Нехта параіў напісаць пра жанчыну ў газету — чым не гераіня? — а не магу, не паднімаецца рука. Жанчына і казырае сваім геройствам, просячы даброт сабе і дзецям. І ў гэтым нічога ганебнага нібыта няма, калі б не адна істотная дэталь: кім вырасціць жанчына сваіх дзяцей, ці стануць яны сапраўднымі грамадзянамі краіны, ці створаць прыстойныя сем’і? Пытанне хутчэй рытарычнае…
Матулі прысвечаны дзесяткі тысяч цёплых паэтычных радкоў, пра яе складзена не адна опера, песня, ёй прысвечана тысячы карцін мастакоў розных пакаленняў і эпох. Няхай не без налёту пафаснасці, але шчыра, з любоўю і таленавіта. І толькі тая жанчына натхняе мастака, што прайшла па жыцці вартай гэтага высокага імя — Матуля!..
Мікалай МАРОЗ.
Сёння на ўліку 104 цяжарных
Па словах раённага гінеколага В. Л. Кліменцьева, зараз на ўліку ў жаночай кансультацыі стаяць 104 жанчыны, якія ў будучым стануць маці. Усе нашы цяжарныя нараджаюць у радзі-льных дамах Віцебска, пераважна ў радзільным доме № 1, што на праспекце Чарняхоўскага. Праўда, сёлета дзве жанчыны ў экстраным парадку (не давезлі б) нараджалі ў аперацыйнай зале цэнтральнай бальніцы.
Узрост жанчын, якія нарадзілі сёлета ці зацяжарылі і хутка стануць мамай, – ад 17 да 41 года. Адна маладая жанчына зацяжарыла з дапамогай экстракарпаральнага апладнення. Адзінаццаці парам пастаўлены дыягназ “бясплодны шлюб”, яны праходзяць лячэнне, каб у будучым стаць бацькамі.
За 9 месяцаў 55 жанчын перарвалі цяжарнасць, бо вырашылі бліжэйшы год не звязваць з нараджэннем дзіцяці і мацярынствам.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №79 ад 12.10.2010 г.